Фэст экскурсаводаў выходзіць за межы Мінска

Усе экскурсіі бясплатныя. Гэта добры шанец нарэшце лепш пазнаёміцца з родным горадам і іншымі мясцінамі Беларусі...

фэст экскурсаводаў18 красавіка — міжнародны Дзень помнікаў і мясцінаў, які быў заснаваны ў 1982 годзе ICOMOS. А ўжо заўтра ў Беларусі пачнецца фэст экскурсаводаў, які, паводле задумкі арганіатараў, нарэшце выйдзе за межы Мінска. Цягнуцца ён будзе аж да 22 красавіка.

Міжнародны Дзень помнікаў і мясцінаў для Беларусі мае асаблівае значэнне. Занадта ўжо мала засталося ў нас помнікаў культуры. Да таго ж ахоўваюцца і рэстаўруюцца яны так, што ў людзей, зацікаўленых у захаванні спадчыны, душа баліць

Як падкрэслілі Naviny.by у Беларускім камітэце ICOMOS, міжнародны Дзень помнікаў і мясцінаў — адмысловы дзень, які дае магчымасць павялiчыць узровень грамадскай дасведчанасцi ў дачыненні сусветнай спадчыны, прыцягнуць увагу да неабходных мерапрыемстваў, якія мусяць палепшыць стан гэтых помнікаў.

«Фэст экскурсаводаў» у Беларусі адбудзецца ўжо ў чацвёрты раз. Яго задача — выцягваць на экскурсіі людзей, якія раней на іх не хадзілі. «У выніку распаўсюджвання інфармацыі ў мікрараёнах да экскурсій далучаюцца нават пенсіянеры», — адзначыў прадстаўнік Беларускага камітэту ICOMOS Цімафей Акудовіч.

З першых гадоў правядзення фэсту арганізатары здзіўляюцца актыўнасці гараджан. Ёсць такія людзі, што падчас фэсту імкнуцца патрапіць на як мага большую колькасць экскурсій. Яны «разумеюць, што сапраўды могуць пачуць нешта новае пра свой горад, і колькасць такіх людзей расце».

Штогод, пачынаючы з 2009-га, у фэстах прымала ўдзел каля 1500 чалавек. Падчас леташняга ў Мінску ладзілася 30 экскурсій. Цяпер жа, паводле планаў арганізатараў, «будзе праведзена яшчэ больш экскурсій, да акцыі далучацца новыя рэгіёны Беларусі».

«Мы выходзім за межы сталіцы і арганізуем «Мінскі абаранак», які складаецца з шасці экскурсій вакол горада, — распавядае Акудовіч. — У Заслаўі, Ракаве, Смілавічах, Прылуках, Станькаве і Каралішчавічах. Гэта мясціны, куды лёгка дабрацца электрычкай ці прыгарадным аўтобусам, і там ёсць на што паглядзець».

Да таго ж 22 красавіка пройдуць экскурсіі «У старажытным гарадку над Гайнаю…» (Лагойск) і «Лагойскімі дарогамі Напалеона» (Камена-Плешчаніцы-Акцябр).

Сёлета актыўна праявяць сябе і рэгіёны, што знаходзяцца на большай адлегласці ад сталіцы. Напрыклад, у Гродна і Полацку пройдуць свае міні-фэсты.

У самім жа Мінску запланаваныя экскурсіі па маршрутах, якіх раней не было — прысвечаных архітэктуры барока, канструктывізму, архітэктуры 60-х гадоў. Ёсць экскурсія «Стары Мінск для самых маленькіх» (для дзяцей да 11 год), а таксама англамоўная па Верхнім горадзе.

Усе экскурсіі бясплатныя. Экскурсаводы працуюць на валанцёрскіх пачатках.

Поўны спіс экскурсій «Фэста экскурсаводаў»