Таварыства беларускай мовы шукае дапамогі

«Беларуская мова гэтай Беларусі не патрэбна. Без яе можна рабіць МАЗы, разліваць гарэлку, выпякаць хлеб»...

ТБМТаварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) звярнулася да грамадскасці па дапамогу ў сувязі з рэзкім ростам кошту арэнды офіса.

1 красавіка гэтага года кошт арэнды за сядзібу ТБМ павысіўся на 60% і дасягнуў 9 801 600 рублёў у месяц. «Акрамя таго, мы павінны аплачваць тэлефон, камунальныя і паштовыя паслугі», — гаворыцца ў звароце, тэкст якога апублікаваны на сайце ТБМ. 

«Нягледзячы на шматлікія звароты грамадзян Беларусі ў адміністрацыю і кіраванне справамі прэзідэнта з просьбай пакінуць для ТБМ ільготны кошт арэнды, мы не атрымалі станоўчага адказу, — паведамляе сакратарыят ТБМ. — Для таго, каб утрымаць офіс арганізацыі ў Мінску ў гэтых умовах, нам неабходна штомесяц збіраць 10 мільёнаў беларускіх рублёў у выглядзе ахвяраванняў і узносаў членаў і прыхільнікаў ТБМ».

Алег Трусаў Старшыня ТБМ Алег Трусаў у каментары для БелаПАН адзначыў, што калі пяць тысяч прыхільнікаў роднай мовы ахвяруюць штомесяц усяго дзве тысячы рублёў, арганізацыя не загіне і ў каторы раз «прадэманструе цяперашняй уладзе сваю значнасць».

Імёны асобаў, якія ахвяруюць сродкі на падтрымку дзейнасці ТБМ, будуць надрукаваны ў газеце «Наша слова», што стане гістарычным сведчаннем барацьбы грамадзян за права «людзьмі звацца», гаворыцца ў звароце.

ТБМ заснавана ў 1989 годзе і афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі. Па дадзеных сайта арганізацыі, цяпер у ёй налічваецца каля 6 тысяч членаў у Беларусі і за мяжой — у Літве, Польшчы, Расіі, Украіне, Латвіі, ЗША, Канадзе, Германіі і іншых краінах.

Офіс ТБМ размешчаны ў цэнтры Мінска, на вуліцы Румянцава, 13. Алег Трусаў спадзяецца, што з дапамогай грамадскасці арганізацыя зможа працягнуць арандаваць гэты офіс.

«З цэнтра Мінска мы пераязджаць не плануем, — заявіў Трусаў. — Мы тут знаходзімся з 1989 года. Перанос офіса будзе сведчаннем таго, што арганізацыя не ў стане нармальна працаваць. Хто будзе хадзіць на курсы беларускай мовы на ўскраіну горада? Перанос офіса будзе фактычна азначаць ператварэнне ТБМ ў нікому не патрэбную арганізацыю».

Паводле яго слоў, у пачатку года Мінюст уключыў ТБМ у пералік арганізацый, якім можа быць прадастаўлена льгота на арэнду памяшкання. Аднак старшыня ТБМ сумняваецца ў станоўчым вырашэнні гэтага пытання.

«Эканамічная сітуацыя ў краіне складаная, таму я сумняваюся, што нам будзе дадзена льгота. У адным Партызанскім раёне Мінска, дзе мы зарэгістраваныя, каля 500 арганізацый прэтэндуюць на льготы пры арэндзе. Нават прадпрымальнікі не ў стане плаціць за арэнду памяшкання, а мы ж камерцыйнай дзейнасцю не займаемся, прынцыпова не бярэм грошы за заняткі на курсах. Спадзяюся, калі простыя людзі даведаюцца аб нашых праблемах, нам будзе аказана дапамога», — адзначыў Алег Трусаў.

Алесь Пашкевіч Між тым сябра ТБМ, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч лічыць, што нашае грамадства «ў стане падтрымаць ТБМ, але хутчэй за ўсё будзе сядзець і не зробіць гэтага».

Пашкевіч патлумачыў: Таварыства беларускай мовы было, ёсць і будзе, а дапамога хутчэй прыйдзе «не ад пяці тысяч прыхільнікаў роднай мовы, якія дадуць дзве тысячы рублёў штомесяц на падтрымку беларускай мовы, а ад меньшай колькасці людзей, якія ахвяруюць большыя грошы». Актывістаў, такім чынам, будзе менш, але яны будуць больш актыўнымі.

Алесь Пашкевіч адзначыў, што ўвесь час існавання ТБМ заўважаецца наступнае: чым больш актыўна працуе арганізацыя, тым большы прэсінг церпіць з боку ўладаў, уладальнікаў будынку, дзе размяшаецца, і гэтак далей. Аднак казаць, што менавіта зараз для таварыства наўмысна ствараюць цяжкія ўмовы, нельга: «Так можна было б думаць, калі б на працягу апошніх гадоў усё было б соладка і сонечна ў дзейнасці ТБМ. На жаль, праблемы паўстаюць перыядычна — ад адсутнасці сродкаў на арэнду памяшкання да пагрозы высялення з яго».

Стаўленне да ТБМ з боку ўлады, лічыць Алесь Пашкевіч, — яшчэ адно сведчанне таго, што «беларуская мова гэтай Беларусі не патрэбна»: «Без яе можна рабіць МАЗы, разліваць гарэлку, выпякаць хлеб».

Рахунак ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны»

№ 3015741233011 у аддзяленні № 539 ААТ «Белінвестбанк», код 739.