Онлайн-канферэнцыя да 95-х угодкаў БНР. “Гісторыя — гэта інструкцыя па бяспецы”

На пытанні адказваюць гісторыкі Ніна Стужынская і Андрэй Кіштымаў...

Ці была Беларуская Народная Рэспубліка? І чым была БНР?

Дагэтуль і гісторыкі, і грамадства агулам не маюць адзінага меркавання. У гэтых пытаннях наша ўсё: нацыянальная “недаробленасць”, недавер да сябе, скептычнае стаўленне да гістарычнай спадчыны папярэдніх пакаленняў беларускіх палітыкаў. Суседзі, між тым, з такой жа сваёй гісторыі зрабілі ідэалагічныя “цукеркі”, з гонарам упісалі яе ў падручнікі як доказ нацыянальнай волі да дзяржаўнага абасаблення.

Як толькі 3 сакавіка 1918 года паміж Нямеччынай і бальшавіцкай Расіяй быў заключаны Брэсцкі мір, па якому Расія адмаўлялася ад земляў Прыбалтыкі, Беларусі і Украіны, пасыпаліся абвяшчэнні незалежнасці — Украінаю, балтыйскімі народамі. Прыйшоў час і беларусам сказаць, хто ў краіне гаспадар. У адпаведнасці з духам рашэнняў Усебеларускага з’езда і абапіраючыся на арганізаваныя яго дэлегатамі структуры, нацыянальныя дэмакраты-адраджэнцы 25 сакавіка 1918 года абвесцілі аб утварэнні БНР. Узніклая ў тых драматычных абставінах беларуская дзяржава была хутчэй сімвалам памкненняў, нездейсненым праектам, адкладзеным на будучыню. Ей не хапала рэальных атрыбутаў (арміі, дзяржаўных інстытуцый, зацікаўленых саюзнікаў і шмат іншага), каб функцыянаваць.

Абвяшчэнне БНР выклікала шырокі рэзананс. З адбудоваю БНР просты люд беларускага краю звязваў надзеі на паратунак ад ваеннага і бальшавіцкага хаасу. Пра рэакцыю звонку і народнае прызнанне БНР і будзе гаворка падчас онлайн-канферэнцыі ў інтэрнэт-газеце Naviny.by. На вашы пытанні адказваюць гісторыкі Ніна Стужынская і Андрэй Кіштымаў.

Андрэй Кіштымаў. Нарадзіўся ў 1954 годзе. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Кандыдат гістарычных навук. Тэма абароненай у 2001 г. кандыдацкай дысэртацыі — “Беларусь на выстаўках ХІХ — пач. ХХ ст.”. У сфэру навуковых інтарэсаў уваходзіць гісторыя этнічнай самасвядомасьці, канфэсійная гісторыя, пытанні гістарыяграфіі і гісторыі беларускай гістарычнай навукі. Выкладчык Беларускага калегіюма. Дацэнт Інстытута парламентарызма і прадпрымальніцтва (Мінск). Надрукаваў больша за 250 артыкулаў у навуковых выданнях Беларусі, Германіі, ЗША, Польшы, Расіі, Украіны, Літвы, Эстоніі, Кіргізіі. Адзін з аўтараў Handbuch der Geschichte Weissrusslands (Gottingen, 2001) і тома “Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак ХХ ст.)” (Мінск, 2005) у шасцітомной “Гісторыi Беларусі”. Аўтар серыйных выданняў “Нашы славутыя землякі” и “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”.

Ніна Стужынская. Кандыдат гістарычных навук. Аўтар кнігі “Беларусь мяцежная. З гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву ў 1920-я гг” (Вільня, 2000; Вільня, 2011; Мінск, 2012). Лаурэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЕН-цэнтра. Нарадзілася ў весцы Глінная-Слабада Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аспірантуру і дактарантуру Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Навуковыя стажыроўкі прайшла ў Варшаўскім універсітэце і Свабодным універсітэце Берліна. Выкладала ў БДУ і Інстытуце парламентарызма і прадпрымальніцтва. Сфера навуковых інтарэсаў — беларуская гісторыяграфія Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, гісторыя грамадзянскай вайны, антысавецкага сялянскага паўстанцтва і партызанкі 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя.

***

 

— То есть, пройдет своеобразный урок истории, который должен нас к чему-то призвать. Но к чему же? Помнить историю нашего народа? Чтить память? Уважению тяжелых шагов нашего народа по истории? Я думаю, каждый запоминает кусочек истории важный по-своему и знает историю, по крайней мере, в общих чертах. Так к чему вы хотите призвать такими выступлениями? Начните с этого, но откровенно и прямолинейно, без намеков и пафоса.
Dimko28

Андрей Киштымов: — Мы как профессиональные историки абсолютно уверены, что никаких научных задач мы сегодня не решим. Сегодняшний онлайн можно считать своеобразным историко-социологическим опросом. Мы получим ответ на то, как реагирует современное белорусское общество на бренд под названием Белорусская Народная Республика.

Судя по вашему вопросу, среди «ваших кусочков истории», которые вы знаете «в общих чертах», места для БНР не нашлось. То есть, по этому уроку у вас двойка. Значит, пойдем в этот класс еще раз.

Исторические уроки надо усваивать. И при этом думать: если что-то удалось нашим предкам, то почему этого не можем мы. А если наши предки ошиблись, то не стоит повторять эти ошибки. История – это своеобразная инструкция по безопасности. И для народа в целом, и для каждого из нас.

Ніна Стужынская: — Наша мэта — не заклікаць, не кідацца лозунгамі. А яшчэ раз нагадаць пра свята, павіншаваць са святам, і падштурхнуць для асэнсавання гэтай вялікай гістарычнай падзеі.

 

Content on this page requires a newer version of Adobe Flash Player.

Get Adobe Flash player

 

— Дык ці была БНР на самой справе? Аднаго ж абвяшчэння незалежнасці для таго, каб яна сталася фактам, мала. Ці кіраваў урад БНР чым-небудзь і кім-небудзь, ці была ў яго рэальная ўлада?
Кастусь, Менск

Андрэй Кіштымаў: — Спачатку давайце пра крытэрыі дзяржаўнасці.

Тэрыторыя: была, няма сумневаў. Насельніцтва: а куды ж беларусы падзеліся, нягледзячы на вайну і нават акупацыю? Урад: існаваў, мяняўся, дапаўняўся. І нават палітыкаў хапала на некалькі ўрадаў. Знешняя палітыка: дзейнічалі прадстаўніцтвы БНР за межамі Беларусі, пытанне аб міжнародным прызнанні лічылася адным з галоўных. Войска: у розных формах, ад стыхійных партызанскіх атрадаў да рэгулярных частак Булак-Балаховіча. Агульнаэканамічнае жыццё было, на падмурках, закладзеных яшчэ ў часы Расейскай імперыі. Асветніцтва: адкрываліся беларускія школкі і былі нават спробы стварэння сістэмы вышэйшай адукацыі.

А што яшчэ трэба дзеля станаўлення дзяржавы?

Не хапіла толькі часу на замацаванне ўсяго гэтага, бо ўсё адбывалася ва ўмовах няспынных ваенных дзеянняў паміж імперыямі, якія ўсе да адзінай былі супраць паўстання незалежнай Беларускай дзяржавы.

— Вы согласны с вышеприведенным? (имеется в виду вступительная часть анонса онлайн-конференции)
нет

Ніна Стужынская: — З чым менавіта? Што ў грамадстве няма адзінага меркавання па БНР? Дык наша онлайн-канферэнцыя гэта якраз пацвярджае.

Але, якія б ні былі меркаванні, а факты застаюцца фактамі. Яны й апісваюцца ў анонсе. БНР была абвешчаная і змагалася за сваё жыццё.

Беларуская Народная Рэспубліка — гэта якраз той вадападзел у палітыцы і ідэалогіі, які вызначае, хто трымаецца за савецкую версію падзеяў пачатку 20 стагоддзя, а хто бачыць у БНР аргумент на карысць еўрапейскага выбару беларускага народу.

БНР і ў наш час — гэта пытанне каштоўнаснага выбару.

 

— Я недзе чуў, што ў БНР была свая армія. А чаму яна не ваявала?
І.А., Ворша

Ніна Стужынская: — Армія была, пад сцягам БНР выступалі фармаванні генерала Булак-Булаховіча і Першая брыгада БНР падчас Слуцкага паўстання, і некаторыя іншыя часткі, у тым ліку партызаны “Зялёнага Дуба”. І якраз яны аказвалі ўзброенае супраціўленне акупантам. Але, на жаль, беларускім палітыкам не ўдалося сабраць у адзіную армію расцярушаныя па розных франтах беларускія часткі.

Аб сур’ёзных намерах стварэння рэгулярнай арміі сведчыць тое, што была сфармаваная адпаведная інстытуцыя — Беларуская вайсковая рада пад кіраўнітцвам Кастуся Езавітава. Але дзейнасць яе была абмежаваная тым, што мабілізацыю ў тыя часы абвяшчалі ўсе акупацыйныя арміі, якія змянялі адна адну на беларускай тэрыторыі.

Андрэй Кіштымаў: — З наваствораных у 1918 годзе дзяржаў самае моцнае войска было ў Польшчы. Чаму? Бо і ў складзе Расейскай імперыі існавалі польскія вайсковыя часткі, той жа корпус Доўбар-Мусніцкага, і на супрацьлеглым баку ваявалі польскія легіёны Пілсудзкага. І на заходнім фронце ў Францыі Антанта сфармавала польскія часткі генерала Галлера. У нашых суседзяў латышоў, як мы ведаем, былі латышскія стралкі, і далёка не ўсе яны ваявалі на савецкім баку. Ва Ўкраіне асновай нацыянальных вайсковых частак сталі сечавыя стральцы, сфармаваныя ў складзе аўстра-венгерскіх войскаў.

Такім чынам, да моманту абвяшчэння незалежнасці гэтых краін ужо былі падрыхтаваныя нацыянальныя вайсковыя кадры. А як у свой час казаў Напалеон Банапарт, у вялікай палітыцы ўсё вырашаюць вялікія батальёны. 

 

— Хацелася б даведацца, якія межы мела БНР падчас стварэньня? І канкрэтна хацелася б ведаць, ці ўваходзіла Ліда ў склад БНР.
Міхась, Ліда

Андрэй Кіштымаў: — Канешне, Ліда ўваходзіла ў межы БНР. Асноўны прынцып быў — аб’яднаць усе этнічныя тэрыторыі пражывання беларусаў. І адпаведныя перамовы ўрад БНР вёў са сваімі суседзямі. Напрыклад, з Літвой і Ўкраінай.

— Якія краіны прызналі БНР? І незразумела па Германіі — яна прызнавала?
Мессэршміт

Ніна Стужынская: — Адзінае афіцыйнае прызнанне, дэ-юрэ, было з боку Фінляндыі.

Палітычныя дамовы аб супрацоўніцтве на дзяржаўным узроўні існавалі з каўказскімі рэспублікамі.

Дэ-факта БНР прызналі Літва, Латвія, Украіна, Чэха-Славакія, Польшча.

Андрэй Кіштымаў: — Германія паводле Брэсцкай дамовы, заключанай 3 сакавіка 1918 года, не прызнавала самастойнасці Беларусі, успрымала яе як частку расійскай тэрыторыі. З самага пачатку нямецкая адміністрацыя забараніла БНР, разагнала Народны сакратарыят, заняла будынак і канфіскавала грошы, забараніла войска, але не арыштавала Раду БНР, і тая мела магчымасць працягваць справу. Пазней. калі ў Радзе і ва Ўрадзе з’явіліся правыя на чале з Раманам Скірмунтам і Паўлам Алексюком, якія рабілі рэверансы ў бок Берліна, ініцыявалі вядомую тэлеграму Кайзеру, то стаўленне Германіі да БНР выразна палепшылася. Ураду БНР дазволілі працу ў такіх галіназх, як гандаль, адукацыя і іншых, аднак афіцыйнага прызнання так і не было.

Але той факт, што прадстаўнікоў БНР прымалі ў розных краінах і на міжнародных канферэнцыях на высокім узроўні як паўнамоцных асобаў, сведчыць, што з БНР лічыліся па ўсёй Еўропе.

Такім чынам, міжнародная будучыня ў БНР была.

— Есть ли в Беларуси сейчас что-нибудь, названное в честь деятелей БНР — улицы, площади ну и т.д.? Или всё переименовали назад?
Алексей, Минск

Андрэй Кіштымаў: — Няма, і ніколі не было.

Апошняя ініцыятыва на гэты конт была прапанова надаць імя Палуты Бадуновай, першай жанчыны-міністра (народнага сакратара апекі), вуліцы ў яе роднай гомельскай Беліцы. Аднак безвынікова.

 

— А вы прызнаяце цяперашнюю раду БНР? Ці з’яўляецца яна правапераемніцай першага ўраду БНР?
Алена, Аттава

Ніна Стужынская: — Я лічу, што яны сапраўды спадкаемцы ўраду БНР. Калі ў 1925 годзе на Берлінскай канферэнцыі вырашаўся лёс БНР, частка палітыкаў (Крычэўскі, Захарка і іншыя) не пагадзіліся скласці паўнамоцтвы на карысць Савецкай Беларусі. Тым самым яны захавалі БНР як ідэю, як сімвал.

— Как известно, каждая власть правит историю под себя. Так может не стоит сейчас напрягать нынешнюю власть, которая БНР не воспринимает. А когда этот режим сменится, тогда учебники истории перепишут, и через 10-15 лет всё станет на свои места.
Юрий Андреевич, Минск

Андрэй Кіштымаў: — Мы ведаем знакаміты выраз: “не народ для ўраду, а ўрад для народу”. Так і гісторыя: не для ўрада, а для народа. Гісторыкі не мусяць чакаць змены ўраду. Наш абавязак і наша праца — адказваць сёння, не чакаючы лепшых часоў, на пытанні, якім было мінулае Беларусі.

 

— Здравствуйте, уважаемые эксперты! Я, как член Белорусской социал-демократической партии «Грамада», хотела бы узнать об участии социал-демократов в создании Белорусской Народной Республики. Спасибо.
Жанна Сементович, Минск

Ніна Стужынская: — Ваша палітычная прабабушка — Беларуская Сацыялістычная Грамада — выхавала тых палітыкаў, якія і спраўдзілі сам праект БНР. Вам ёсць кім ганарыцца.

 

— Есть ли у вас рецепт того, как привлечь народ на День Воли. Может надо изменить формат? Что-то другое вместо шествия предложить? Или это не дело историков — вмешиваться в политические игры оппозиции.
morgen stern

Андрэй Кіштымаў: — Спачатаку трэба вызначыцца, пытанне ўсё ж такі пра Дзень Волі ці пра палітычныя гульні вакол гістарычных датаў. Я — за Дзень Волі. У любым фармаце — ад віншавальнай паштоўкі да шэсця.

Ніна Стужынская: — Прысваенне асобнымі партыямі гістарычных дат, ці то Слуцкае паўстанне, ці тое БНР, я лічу, не на карысць гістарычнай праўдзе. Перш чым чалавек збярэцца на мітынг ці шэсце, ён мусіць даведацца, што гэта за дзень. Сапраўдная гісторыя павінна выйсці ў масы, за межы акадэмічнага і палітычнага кола.

 

— Меня интересует, на чем основываются спекуляции белорусской официальной пропаганды с символикой БНР: гербом «Пагоня» и бело-красно-белым флагом.
Михаил Рыбчонок, Минск

Ніна Стужынская: — На жаданні зняважыць нацыянальныя сімвалы і захаваць савецкія.

 

— Ці шмат сёння беларускіх гісторыкаў займаюцца непасрэдна перыядам БНР і гэтай тэмай наогул? Ці ёсць, скажам так, нейкія хібы тым гісторыкам, хто канцэнтруыецца на гэтай тэме? Як да гэтай тэмы ставіцца кіраўніцтва Інстытута гісторыі НАН?
Васіль, Мінск

Ніна Стужынская: — Наколькі мы ведаем, тэма гэтая — недысертабельная, ступені кандыдата ці доктара навук яна не прынясе. А таму й непапулярная сярод акадэмічных гісторыкаў. Даследуе яе толькі вузкае кола энтузіястаў.

 

— Вы сказали «пытанне аб міжнародным прызнанні лічылася адным з галоўных». Какие государства признали БНР и если документальные подтверждения этому? Какие-нибудь документы и т.п.?
Василий, Москва

Ніна Стужынская: — Багаты збор архіўных крыніц пра міжнародную дзейнасць БНР і міжнародныя ўстановы БНР сканцэнтраваны ў двухтомніку “Архівы БНР”, падрыхтаваным Сяргеем Шупам. Шмат дакументаў знайходзіцца таксама ў дзяржаўных архівах Літвы і Расіі.

 

— Добрый день! Вопросы к обоим! На Ваш взгляд, была ли серьезная поддержка населением идеи БНР и второй вопрос: насколько неоднозначно отношение к БНР современными политическими лидерами.
Виктория, Светлогорск

Ніна Стужынская: — Тыя звароты, якія рабілі людзі ва Ўрад БНР, сведчаць, што яны прызнавалі яго за свой урад. Звярталіся са скаргамі, просьбамі, прапановамі. А паўстанскі рух 1918-1920 гадоў пад бел-чырвона-белым сцягам — гэта яскравы прыклад падтрымкі БНР шырокімі коламі беларусаў. Найбольш вядомы прыклад — Слуцкае паўстанне. Менш вядомыя — паўстанні на Барысаўшчыне, у Якшыцкай і Пагарэльскай валасцях.

Андрэй Кіштымаў: — Вядома, што ў той час звычайных сацыялагічных апытанняў не праводзілася. Таму дакладныя лічбы ўзроўню падтрымкі БНР сярод насельніцтва мы не ведаем. Але гістарычныя факты сведчаць, што справа БНР мела не толькі міжнародны водгук, але і падтрымку ў народзе.

Што датычыць сучасных палітыкаў, то тут карціна адназначная: афіцыйныя супраць БНР, апазіцыйныя — у большасці за.

 

— Как вам кажется, почему так мало людей вышло на акцию, которую устраивала оппозиция в центре Минска в минувшие выходные? Люди устали от политики, от политиков или просто не знают, что это за дата? И еще — сами историки принимают участие в подобных акциях или нет?
Марина, Минск

Ніна Стужынская: — Людзі сапраўды не ведаюць, што гэта за дата, і большасць успрымае шэсце як чарговую палітычную акцыю, а не як святкаванне юбілея.

Андрэй Кіштымаў: — А гісторыкі — яны такія ж грамадзяне, як і ўсе астатнія, і іхні ўдзел залежыць ад іх грамадзянскай пазіцыі.

 

На гэтым онлайн-канферэнцыя завершана. Дзякуем усім удзельнікам.