Гары Потэр і Шрэк — новыя героі беларусізацыі

Сёння Гётэ, Шэкспіра, Дастаеўскага можна спакойна пачытаць, а «Крымінальнае чытво» і «Шрэка» паглядзець па-беларуску...

Колькасць беларускамоўных школ памяншаецца — гэта сумны факт, але цікаўнасць да роднай мовы не толькі не знікае, але і праяўляецца ў новых сферах. Сёння Гётэ, Шэкспіра, Дастаеўскага можна спакойна пачытаць, а «Крымінальнае чытво» і «Шрэка» паглядзець па-беларуску. А выходзячы ў інтэрнэт, браўзэр Opera будзе вас вітаць, а не «приветствовать».

Шрэк: http://gorad.n-europe.euЗа беларусіфікацыю медыйнага і культурніцкага кантэнта бяруцца найчасцей маладыя энтузіасты, якія ведаюць, што спадзявацца на нейкі прыбытак дарэмна. Прычым людзі ўпэўнены: перакладаць варта з мовы арыгінала, а не з рускага варыянта. Так, як толькі свет убачыў новы том «Гары Потэра», на прасторах Байнэта адразу ж з’явіліся жадаючыя перакласці кнігу. Аднак спрэчкі разгарнуліся наконт таго, ці варта пачынаць перакладаць усе папярэднія тамы, ці пачаць з новага. На жаль, пакуль беларускі «Гары Потэр» так і не паказаўся перад чытачом.

«У нас катастрофа з літаратурай на мове для дзяцей, — кажа маладая маці і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вікторыя Шаліма. — Што даваць чытаць майму малому сыну? Адзінымі беларускімі народнымі казкамі сыты не будзеш».

Старшыня ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі некалі абяцаў, што Віні Пух і Карлсан абавязкова загавораць па-беларуску. Аднак гэтыя творы ўсё адно для больш старэйшых дзяцей.

Праект «Беларускі гальфстрым», які займаецца перакладам фільмаў, ужо прадаставіў гледачу і культавыя карціны, кшталту «Крымінальнае чытво», і дзве часткі мультыплікацыйнага «Шрэка», і іншыя творы. Аднак паглядзець іх можна, толькі набыўшы дыск — паказ у кінатэатрах быў аднойчы, і тое дзякуючы намаганням кіраўніка прадстаўніцтва пасольства Швецыі Стэфана Эрыксана. Тады ў кінатэатры «Пабеда» гледачы ўбачылі «Маленькую калядную казку».

Кампутарнымі праграмамі з беларускамоўным інтэрфейсам карыстаюцца ўжо даўно, але энтузіасты вырашылі сабраць усё ў адзін дыск «Беларускі софт». Як адзначыў арганізатар праекту Алесь Мазанік, гэта трэцяе выданне, але яно адрозніваецца ад папярэдніх бэта-версій сваёй выразнасцю і зручным інтэрфейсам. Так, на дыску можна знайсці беларуска-рускі слоўнік Belazar пятай версіі, творы беларускіх пісьменнікаў і рэфераты, праграмы для чытання тэкстаў, мультымедыйныя прадукты, некаторыя графічныя рэдактары, утыліты для працы прывадаў CD- і DVD-ромаў, праграмы для працы ў Сеціве і для аптымізацыі кампутарнай сістэмы і іншыя.

Сітуацыю з аўтарскімі правамі Алесь Мазанік пракаментаваў наступным чынам: «Мы адаслалі па электроннай пошце паведамленні да аўтараў праграм. Адказалі толькі з Belazar, прычым выказаліся актыўна за».

Алесь сам гандлюе дыскамі і кажа, што «Беларускі софт» карыстаецца папулярнасцю, бо менш чым за тыдзень ужо прадалі 15 асобнікаў.

Перакладчык браўзера Opera на беларускую мову zedlik займаецца гэтай справай з 2002 года. Прычым апроч версіі на кірыліцы, ён стварыў і пераклад на беларускай лацінцы. Аднак пры перакладзе ўзнікаюць цяжкасці, большасць якіх звязана з невыпрацаванай тэрміналогіяй беларускай мовы. «На маю думку, лепей аддаваць перавагу распаўсюджаным інтэрнацыянальным словам, якія больш зразумелыя карыстальніку. Калі пачаць перакладаць «cookies» як «печыва», то спачатку будзе незразумела, а пасля — смешна», — кажа zedlik.

Аднак версія інтэрнэт-браўзэра Firefox так і прапаноўвае карыстальніку: «Ці дазволіць праглядачу прымаць печыва з гэтай бачыны».

Апроч софта імкліва перакладаюцца і кампутарыня гульні. Так, група энтузіястаў «RэZэрвацыЯ» вырашыла стварыць беларускамоўную версію новай польскай кампутарнай гульні «Wiedzmin», рэліз якой мае адбыцца ў верасні. Аднак пераклад — рэч няпростая, таму атрымаць задавальненне ад гульні на роднай мове можна будзе хіба толькі праз паўгады. Хаця гэта залежыць ад тэмпаў перакладу. Пакуль каманда запрашае ўсіх жадаючых да ўдзелу ў гэтай справе. «RэZэрвацыЯ» ужо перакладала гульню «Thief 3: Deadly Shadows».

«Пераклад будзе выкладацца ў Сеціва паступова. Ад гэтага толькі карысць: кожны будзе мець мажлівасць паглядзець на вынікі працы і выказаць свае заўвагі і пажаданні», — адзначыў кіраўнік праекта Алесь Шумскі.

Беларуская мова, пра хуткае знікненне якой кажуць многія, можа так і застацца ў школьных падручніках ці творах беларускіх класікаў. А можа трывала ўвайсці ў наша жыццё праз дзіцячыю казку, любімы фільм, кампутарную праграму ці гульню. Апошні варыянт актыўна выбіраюць маладыя.