Школы рыхтуюцца на навучальнага года за кошт бацькоў

14,5

мільярда рублёў атрымалі сёлета з бюджэту школы Гомельскай вобласці на падрыхтоўку на новага навучальнага года. Адначасова з дзяржаўным фінансаваннем у школах вёўся збор сродкаў з бацькоў навучэнцаў на рамонт школьных памяшканняў.

Каго б сёння са школьнікаў Гомеля ні спытаў, ці здавалі яны сродкі на падрыхтоўку сваёй школы альбо гімназіі да новага навучальнага года, адказы амаль аднолькавыя. Розныя толькі лічбы.

“На рамонт класа - па 7 тысяч аддалі

”, - паведаміў навучэнец СШ№21.

“Таксама па 7 тысячаў здавалі, - сказаў вучань школы №25. - У гэтым годзе толькі на клас

”.А мы ў кожнай чвэрці здавалі па 3 тысячы”, - сцвярджае дзяўчына з сярэдняй школы №27.

Бацькі таксама распавядаюць пра свой удзел у падрыхтоўцы школ да 1 верасня.

“У чэрвені мы здавалі і па 20 тысячаў, і па 10 - на фарбу, шпалеры. Мы самі робім рамонт, таму і эканомім”, - распавяла маці пяцікласніцы адной з гарадскіх школ

.

Дарослыя, чые дзеці ходзяць у школу, лічыць, што без іхняй дапамогі навучальным установам не абыйсціся - дзяржава не такая багатая.

“Калі наша дзяржава бедная, то што ж зробіш - трэба дапамагаць”, - лічыць маці дваіх дзяцей.

А ці можа пражыць школа без дапамогі бацькоў? На гэтае пытанне адказвае дырэктар сярэдняй школы №5 Віктар Фесак:

“Школа сёння пражыць не зможа - бюджэтнае фінансаванне недастатковае. Бацькі, бачачы добрыя вынікі і жаданне настаўнікаў зрабіць школу яшчэ лепшай, бяруць пасільны ўдзел. І толькі выключна на добраахвотнай аснове”.

У школе №5 нават знайшлася ўлётка з выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі на 2-м з

'ездзе настаўнікаў у лістападзе 2001 года: “Шукайце грошы тых, каго вы навучаеце - на прадпрыемствах, у бізнесоўцаў, бацькоў”.

І ўсё ж у горадзе ўдалося знайсці школу, дзе грошай з бацькоў не збіралі. Гэта - Беларуска-славянская гімназія №36. Дырэктар гімназіі Святлана Рагавенка паведаміла, што яны абышліся сродкамі, якія выдзеліў гарадскі аддзел адукацыі. Бацькі толькі дапамагалі пафарбаваць памяшканні. Але, як запэўніла дырэктарка Рагавенка, у наступным годзе гімназія таксама звернецца да бацькоў за фінансавай дапамогай. Без такой дапамогі надзвычай цяжка падрыхтаваць навучальную ўстанову да заняткаў.