Развітанне з эпохай?



Генадзь БУРАЎКІН


Фота IREX/ProMedia

Нядаўняе горкае развітанне з Уладзімірам Мулявіным было надзвычайна шматлюдным і хвалюючым, думаецца, зусім не таму, што сумнай весткай аб ягонай смерці некалькі дзён запар пачыналіся ўсе тэлевізійныя навіны, а каля ягонай труны няўцешна рыдаў звычайна несентыментальны кіраўнік краіны. Вядома, гэта мела пэўнае значэнне, але галоўным, бясспрэчна, было іншае, куды больш істотнае — сапраўды ўсенародная папулярнасць славутага "песняра" і шчырая ўдзячнасць яму за вернасць беларускай песні, за тонкае разуменне нашай паэтычнай класікі і глыбокую павагу да нашай роднай мовы.





Пад халодным слотным дажджом, на раскіслых ад мокрага снегу сцяжынках скверу каля Купалаўскага тэатра я стаяў з тысячамі зажураных людзей у доўгай жалобнай чарге да шэрага гмаху сталічнага Дома афіцэраў і ўважліва прыслухоўваўся да сцішаных, споведных перамоў інтэлігентных дзяўчат і хударлявых юнакоў, сівых ветэранаў з кульбамі і стомленых цётак пад старэнькімі парасонамі. Яны нягучна прыгадвалі то няпростую гісторыю нараджэння "Песняроў", то крутыя павароты лёсу першых салістаў ансамбля, то ашаламляльную славу іх даўніх шэдэўраў. Успаміналі, канешне, і ўральскае паходжанне Мулявіна, і ягоны непаўторны голас, і балючы разлад у калектыве ў апошні перыяд, і трагічны майскі дзень мінулага года, калі імклівы "мерсэдэс" назаўсёды вылецеў з прасторнай дарогі на ўзбочыну… І гаварылася ўсё так, нібы ў труне, што патанала ў жывых кветках, пераплеценых чорнымі стужкамі смутку, ляжаў іхні сын ці брат, настаўнік ці самы блізкі сябра…





З вокнаў старога будынка на вуліцы Карла Маркса, 38 напэўна ж была добра відна гэтая бясконцая людская рака, што з цягам часу не карацела, а ўсё павялічвалася і марудна, цяжка цякла да сціхлага і збялелага ў сваёй нязвыклай немаце і адсужанасці куміра васьмідзесятых гадоў, да ўжо адгароджанага ад жывых нябачнай і непераадольнай мяжой смерці класіка эстраднага мастацтва дваццатага стагоддзя. Мне карцела даведацца, ці задумаліся хоць на міг за тымі змрочнымі вокнамі, дзе бяздумна і жорстка аж залішне часта судзілі артыстаў і паэтаў, мастакоў і кампазітараў, як, аказваецца, патрэбны гэтыя не дужа слухмяныя і зручныя творцы свайму часу і свайму народу, як, аказваецца, разумеюць і любяць іх і рамантычныя, даверлівыя юнакі, і вопытныя, цёртыя нягодамі і пакутамі салідныя бацькі сямействаў?..





Тых, хто прыйшоў на апошняе развітанне з Мулявіным, ніхто не прымушаў пакідаць неадкладныя справы, ніхто не гнаў сюды, на пранізлівы вецер, пад голыя азяблыя дрэвы. А яны тут — у няўтульным скверы цярпліва ступаюць крок за крокам, каб схіліць галаву не перад сілай густа расстаўленых навакол амонаўцаў і ахоўнікаў, а перад стомленым працай, немаладым ужо чараўніком песні, перад чалавекам, які на чыстых крылах музыкі высока ўзняў іхнюю трапяткую душу…





Не раз чуў я ў тым жалобным шэрагу здзіўленыя развагі-пытанні менчукоў, а чаму ж гэта нашу беларускую песню так шырока ўславіў не хтосьці са сваіх, "тутэйшых", а прыезджы, рускі Мулявін. Гэтае шчырае недаўменне паўтаралася зноў і зноў, так і не атрымліваючы ўцямнага адказу. А для мяне дык не было тут ніякага дзіва. Па дурной беларускай завядзёнцы, мы яшчэ не навучыліся як след цаніць сваё, спрадвечнае, і ўсё прыбядняемся, усё гатовы пагадзіцца з чужымі "добразычліўцамі", што сапраўдныя шэдэўры нараджаюцца недзе за акіянам ці ў суседніх краях, а нам хопіць і звычайнага, сціплага, нявартага сусветнай славы. Прывыклі ўжо да такога, а тут прыехаў дапытлівы, незакамплексаваны юнак і ўпершыню пачуў нашы унікальныя народныя песні, часам паўзабытыя, і так быў уражаны і зачараваны іх хараством і глыбінёй, што кінуўся аздабляць іх сучаснай аранжыроўкай, не азіраючыся на акадэмічныя каноны і не зважаючы на розныя табу, якімі абгарадзілі фальклор ссівелыя пурытане-музыказнаўцы. Сёння гэта відавочна, а яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў таму назад песняроўскае выкананне "Купалінкі" ці "Там сівы конь бяжыць" той-сёй спрабаваў аб'явіць ледзь не знявагай нашай спадчыны. Было. Дзякуй часу: ён мудра і справядліва расставіў усё па сваіх месцах — і мы спакойна ў адным славутым шэрагу называем і строгага, шляхетнага Рыгора Раманавіча Шырму, і парывістага, раскутага Генадзя Іванавіча Цітовіча, і нетрадыцыйнага, апантанага Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна. Усе яны верна паслужылі прапагандзе нашай самабытнай, крынічнай песні, кожны па-свойму вывелі яе на падмосткі прэстыжных канцэртных залаў і на вірлівыя вуліцы і плошчы мітуслівых гарадоў, пасадзілі на покуць у прыцішанай бяседзе інтэлектуалаў і ў шумным маладым застоллі. Так, відаць, захацеў сам Бог — каб выдатныя таленты сустрэліся аднойчы з нашай роднай песняй, а яна шчасліва атрымала сваіх чуйных адкрывальнікаў, інтэрпрэтатараў і захавальнікаў…





У жалобных артыкулах і інтэрв'ю самых розных людзей амаль даслоўна паўтаралася адна і тая ж фраза: "Развітваючыся з Уладзімірам Мулявіным, мы развітваемся з цэлай эпохай у музычным мастацтве".





Так, наш любімы "песняр" упісаў у летапіс не аднаго пакалення яркую і незабыўную старонку. Яго дзейнасць, плён яго творчага гарэння сапраўды можна назваць эпохай. Нездарма ж на свой вечны спакой ён лёг побач з тымі, хто таксама пакінуў незабыўны след у гісторыі духоўнага адраджэння Беларусі — Уладзімірам Караткевічам, Анатолем Анікейчыкам, Яўгенам Глебавым, Віктарам Туравым, Міхаілам Пташуком…





Але чаму мы кажам, што развітваемся з іх эпохай? Яны ж застаюцца з намі, жывымі, і будуць патрэбны беларусам яшчэ доўга-доўга, хочацца верыць — вечна. І абавязкова прыйдуць новыя таленты, і панясуць далей, і ўзнімуць яшчэ вышэй нашу культуру, нашу мову, нашу песню, традыцыі і азарэнні нашых лепшых майстроў. Так што не развітваемся мы з эпохай Мулявіна — мы яе беражна пакідаем у памяці, у нявыстуджанай жывой душы народа.