Справа яго жыве



Генадзь БУРАЎКІН





Не адзін год упамінанне яго імя прымушала нервова ўздрыгваць самых "чэсных" журналістаў, а яго з'яўленне на шумных грамадскіх мерапрыемствах абавязкова абяцала нешта нечаканае і непрыемнае. Ён вырашаў, якія палітычныя партыі рэгістраваць, якія кніжкі філосафаў і паэтаў выдаваць, якія тэлерэпартажы з Масквы трансліраваць, якія масавыя дэманстрацыі і творчыя сустрэчы дазваляць. Ён нават зачытваў тэмы сачыненняў на школьных выпускных экзаменах. Здавалася, што ў кожным цёмным кутку няўтульнага вясковага клуба, у кожным цесным калідоры сталічных рэдакцый раз-пораз бліскалі ягоныя модныя акуляры ў залатой аправе, і сэрцы ўсіх ідэалагічных функцыянераў працінаў страх ад ягонага халоднага, пранізлівага позірку.





Прынародна ён часцей за ўсё маўчаў, не любіў і ўласнаручна падпісваць празмерна суровыя паперы. У яго быў свой, грунтоўна правераны іншымі ў чорныя трыццатыя гады мінулага стагоддзя метад — начальніцкі тэлефонны званок ці вуснае безапеляцыйнае ўказанне — сам-насам у цішыні строгага службовага кабінета. Ён умеў, калі было нявыгадна, не "засвечвацца", і тым не менш і "вертыкальшчыкі", і вучоныя, і пісьменнікі ведалі, што за кожным гучным газетным скандалам, за кожнай шырока разрэкламаванай афіцыйнай акцыяй, за кожным грубым пераследам любога хоць трохі папулярнага дэмакрата стаіць ён — вопытны іезуіт-інтрыган, хітры стратэг "небывалага славянскага яднання", тайны дарадца і настаўнік самых уплывовых дзяржаўных асоб, "шэры кардынал", адстаўны палкоўнік Уладзімір Пятровіч Замяталін.





Прывёў яго ў вялікую беларускую палітыку некалі ўсемагутны і надзіва непераборлівы ў сваіх чалавечых дачыненнях прэм'ер-міністр В.Кебіч, які адчуваў сябе рэальным гаспадаром краіны і з дапамогай падхалімаў рыхтаваў сабе высокае прэзідэнцкае крэсла. Цяжка сказаць, якія такія надзвычайныя здольнасці і таленты знайшоў тады амбіцыйны Вячаслаў Францавіч у шараговага армейскага прапагандыста, але ў тое, што ён не сумняваўся ў шчырай адданасці Уладзіміра Пятровіча і ягонай афіцэрскай дысцыплінаванасці, паверыць можна. На паслужлівага кучаравенькага палкоўніка былі, відаць, не абы якія спадзяванні. Але падвёў ён свайго самавітага шэфа: як ні стараўся, выбаршчыкі аддалі зваблівы "трон" іншаму кандыдату. Трагічнае і балючае паражэнне летам 1994 года Кебічу яшчэ "паперчылі" настойлівыя чуткі, што быццам бы прайграў ён таму, што не слухаў свайго мудрага дарадцу ў вайсковым мундзіры і рабіў усё насуперак яму, саманадзейна і недастаткова жорстка. Хто ведае, як было на самай справе, але думку такую пэўным чынам пацвердзілі непрадказальныя наступныя падзеі: "боцман" патопленага выбарчага "карабля" урачыста "ўсплыў" у камандзе непрымірымага праціўніка, і не ў нейкім брудным труме, а ў непасрэдным суседстве з рулявою рубкай.





Працяглае знаходжанне Замяталіна на высокіх і адказных дзяржаўных пасадах — ад старшыні камітэта па друку да віцэ-прэм'ера і першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — у адных выклікала замілаванне і зайздрасць, у іншых — абурэнне і гнеў, але заўсёды звязвалася яшчэ і з адчуваннем нейкай віртуальнасці і нелагічнасці чыноўніцкіх рэалій. Сапраўды, як можна звесці на адным полі руплівых сейбітаў нацыянальнай культуры і чалавека, які не мае нават шкалярскага ўяўлення пра гісторыю Беларусі і яе спрадвечныя святыні? Як можна даваць яму ў рукі лейцы ад цяжкога воза складаных праблем духоўнага жыцця народа, які ён адкрыта ненавідзіць?.. Абсурд і вар'яцтва! Але ў нас, аказваецца, і такое магчыма.





І пайшла разбойна раскашаваць на прасторах нашага ляснога і азёрнага краю нахабная і ваяўнічая замяталіншчына, каванымі ботамі вытоптваючы зялёныя парасткі неакрэплага беларускага адраджэння. Пачалі масава зачыняць беларускамоўныя школы. Сталі тэрмінова перапісваць падручнікі па айчыннай гісторыі і літаратуры. Рэзка ўпаў выпуск кніг на роднай мове. Беларускае слова ўсё настойлівей адціскалася на другі план на экранах тэлевізараў… Замест ідэй незалежнасці і суверэнітэту ў душы і галовы людзей сталі штодзённа ўбіваць прыгожыя казачкі аб славянскім месіянстве і адзінай саюзнай дзяржаве… За ўсім гэтым неадступна вырастаў злавесны цень адстаўнога палкоўніка, і ягоныя незапацелыя акуляры толькі падкрэслівалі безнадзейны змрок, што згушчаўся наперадзе…





Я добра памятаю, як паэты, мастакі, навукоўцы, настаўнікі звязвалі менавіта са злой воляй і не абы якой уладай Замяталіна ад'езд з Радзімы Васіля Быкава і Святланы Алексіевіч, уцёкі за мяжу Уладзіміра Някляева, заняпад сучаснай эстрады і правалы маладзёжнай палітыкі ў краіне. З самых глыбінь іхніх спакутаваных і знявераных душ вырывалася запаветнае і адчайнае: "Ну калі ўжо яго не будзе?!"





І вось яго не стала. Неяк непрыкметна і ціха знік з нашых даляглядаў гэты праржавелы вінцік суслаўскай ідэалагічнай машыны, нястомны барацьбіт з імперыялізмам і буржуазным нацыяналізмам, адданы сябра Садама Хусейна і Слабадана Мілошавіча, старанны падручны Генадзя Селязнёва і Паўла Барадзіна. Здавалася б, можна нарэшце вольна ўздыхнуць і ўзяцца расчышчаць ад хлуду ягоных глупстваў і правакацый утравелую ніву роднай культуры. Толькі радавацца не выпадае. Уладзіміра Пятровіча ва ўладзе няма, але справа ягоная, як выяўляецца, жыве і перамагае. Тое, што не паспеў зрабіць ён, паспяхова давяршаюць ягоныя паплечнікі і выхаванцы. Сумнавядомы С.Касцян разагнаў сумленных і аўтарытэтных галоўных рэдактараў усіх літаратурных выданняў. Звяглівыя "рэзанатар" і "аналізатар" перасяліліся ў кіраўнічыя крэслы новых тэлевізійных кантор. Не сцішваюць імпэту раз'ятраныя Я.Новікаў і Я.Росцікаў… І яшчэ больш падаюць тыражы беларускамоўных газет і часопісаў. І ніводнага беларускага слоўца стараюцца не пусціць у эфір АНТ і СТВ. І сапселы чыноўнік з Адміністрацыі прэзідэнта ўжо назваў прозвішчы аўтараў, якіх не трэба друкаваць…





Недарэмна шчыраваў Уладзімір Пятровіч, недарэмна. Будзе што пакласці на стол перад Бенкендорфам і Мураўёвым пры нечаканай сустрэчы. А што некаторыя залішне эмацыянальныя інтэлігенты ставяць яго ў адзін шэраг з "далакопам беларускай літаратуры" Лукашом Бэндэ, дык ён гэта перажыве, а можа яшчэ і паспее паквітацца, бо чаго не бывае ў гэтым вар'яцкім свеце — раптам зноў паклічуць на апошні і рашучы бой…





Ёсць над чым задумацца. Ёсць ад чаго ўстрывожыцца. Таму-сяму ў нас, як здаецца, усё яшчэ вельмі патрэбны калі не сам Замяталін, дык ягоная "генеральная лінія". Каму і навошта — вось на якія пытанні хочацца атрымаць ясны і канкрэтны адказ...