Лепшая АЭС — закрытая АЭС



Як вядома, Ахмед Закаеў, не апошняя фiгура сярод чачэнскiх баевiкоў, на так званым кангрэсе чачэнцаў у сталiцы Данii Капенгагене заявiў: маўляў, нельга гарантаваць, што iхнiя людзi ў наступны раз не захопяць куды больш сур’ёзны аб’ект — напрыклад, атамную станцыю. Тады наступствы для Расii i ўсёй Еўропы будуць намнога больш цяжкiя i страшныя.





У нашай краiне атамных станцый няма, аднак цi не час задумацца i нам? Сапраўды, Смаленская АЭС размяшчаецца, што называецца, у Беларусi пад бокам, як, дарэчы, i некаторыя ўкраiнскiя станцыi, а Iгналiнская АЭС у Лiтве — лiтаральна за чатыры кiламетры ад нашай гранiцы. Таму цалкам зразумела, чаму Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях Беларусi нядаўна правяло вучэннi "Арганiзацыя абароны насельнiцтва i тэрыторыi Вiцебскай вобласцi ў выпадку пагрозы цi ўзнiкнення радыяцыйнай аварыi на Iгналiнскай АЭС". Прыкладна ў тыя ж тэрмiны КДБ i МУС, а таксама мясцовыя органы ўлады правялi ў Наваполацку комплексныя аператыўна-тактычныя вучэннi па недапушчэнню надзвычайных сiтуацый на аб’ектах палiўна-энергетычнага комплексу.





На гэтым фоне неяк дзiўна чуць выказваннi некаторых вучоных-ядзершчыкаў з краiн СНД: маўляў, навошта палохацца? Распрацаваныя ж i дзейнiчаюць мiжнародныя прынцыпы абароны такiх аб’ектаў, правiлы абыходжання з ядзернымi матэрыяламi. У праекты атамных станцый закладваюцца фiзiчныя i тэхнiчныя рашэннi па iх бяспецы. Прадугледжаны i меры супраць унутранага сабатажу, а таксама меры па недапушчэнню пранiкнення на аб’ект староннiх асоб. Так лёгка i проста можна было разважаць паўстагоддзя таму, калi мiжнародны тэрарызм не быў такi распаўсюджанны.





Як гэта, заўважым, пераклiкаецца з тымi часамi, калi ў былым Саюзе наладжвалiся з’езды КПСС. На адным з iх прэзiдэнт Акадэмii навук Саюза Аляксандраў са шчырай упэўненасцю заявiў: савецкiя АЭС настолькi надзейныя, што такую станцыю можна паставiць прама на Краснай плошчы ў Маскве. Чарнобыль даўно развеяў тыя iлюзii, але, як бачым, з’яўляюцца новыя.





А як ацэньваюць сiтуацыю ў Мiжнародным агенцтве па атамнай энергii? Заўважым, што ў iм працуюць вучоныя i спецыялiсты, якiя вельмi зацiкаўлены ў развiццi "сваёй" галiны. Вось вытрымка з афiцыйнай заявы МАГАТЭ: "Жорсткасць вераснёўскiх тэрарыстычных атак у адносiнах да ЗША стала папярэджаннем для сусветнага супольнiцтва аб патэнцыяльнай магчымасцi праяў ядзернага тэрарызму, i ў цяперашнi час больш чым верагодна, што тэрарысты могуць паспрабаваць выкарыстаць у сваiх мэтах ядзерныя аб’екты, радыеактыўныя матэрыялы i крынiцы па ўсiм свеце". Гэта i называецца не глядзець на сiтуацыю праз ружовыя акуляры.





Да месца будзе i наступны факт. Лiтва ў хуткiм часе набудзе ў ЗША 8 сiстэм процiпаветранай абароны. Ракеты "Стынгер" класа "зямля—паветра" будуць прызначаны для абароны стратэгiчных аб’ектаў, уключаючы Iгналiнскую АЭС.





Каменцiруе член-карэспандэнт НАН Беларусi, дырэктар Iнстытута радыяцыйный бяспекi "Белрад", доктар тэхнiчных навук прафесар Васiль НЕСЦЯРЭНКА:





— Адштурхнёмся ад факта тэрарыстычнай акцыi ў ЗША. Праз нейкi час пасля гэтага я атрымаў пiсьмо ад амерыканскiх вучоных з няўрадавых арганiзацый з iнфармацыяй, змешчанай у навуковым выданнi. Яны правялi наступныя даследаваннi: узялi той жа тып самалёта — "Боiнг", даныя рэальна прымяняемых каўпакоў бяспекi на АЭС i на камп’ютарах змадэлiравалi сiтуацыю. Падлiчылi, што адбудзецца, калi такi самалёт ударыць у каўпак.





Аказалася, што поўнасцю будуць разбураны i каўпак, i рэактар пад iм. Падлiкi паказалi: у такiм выпадку ахвяры сярод насельнiцтва будуць у радыусе каля 100 кiламетраў ад АЭС, i колькасць пацярпеўшых можа перавысiць 20 мiльёнаў чалавек. Як бачым, Чарнобыль тут можа адысцi на другi план.





Калi хтосьцi гаворыць, што ў падобным выпадку з рэактара вылецяць толькi радыеактыўныя асколкi на 200—300 метраў, то гэта яўна голас бiзнесменаў ад атама. Дастаткова рэактару папрацаваць хоць бы два-тры гады, як у iм назапашваюцца газавыя радыеактыўныя прадукты дзялення — цэзiй, ёд i iншыя. Таму калi пасля паветранага ўдару рэактар загарыцца i яго абалонка расплавiцца, то адразу вырвуцца ў атмасферу не толькi ядзерныя асколкi, але i гэтыя самыя газавыя "прадукты", якiя разляцяцца на сотнi кiлеметраў. Што практычна не будзе адрознiвацца ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.





Мне вядома, што разлiкi, падобныя да амерыканскiх, праведзены i ў Германii. Выснова зноў жа зроблена далёка не аптымiстычная: супраць такой акцыi надзейнай тэхнiчнай абароны пакуль няма.





Прыклады тэрарыстычных акцый у Нью-Йорку i ў Тэатральным цэнтры на Дуброўцы ў Маскве выразна паказваюць, наколькi пашырылася сфера магчымых нападаў на АЭС. Канешне, супраць, як кажуць фiзiкi-атамшчыкi, звычайнага "дурня" можна прымянiць на АЭС фiзiчныя i тэхнiчныя прынцыпы i метады абароны, каб сам рэактар аўтаматычна спыняўся пры "староннiм умяшаннi". А вось што датычыцца тэрарыстаў...





У адносiнах да той жа нью-йоркскай сiтуацыi, я ўпэўнены, можна меркаваць, што там не абышлося без вучоных людзей. Толькi яны здольны былi разлiчыць тэхнiчны бок тэрарыстычнай атакi, у вынiку якой канструкцыi будынкаў-вежаў павiнны "пацячы" i пахаваць пад сабой тысячы людзей. Гэта i называецца выкарыстоўваць, вобразна кажучы, "чужыя мазгi". Такое "выкарыстанне" можа быць прыменена i ў адносiнах да АЭС — чым яны "лепшыя"?





Таму зусiм не выпадкова ўрад ФРГ прыняў рашэнне аб спыненнi работы ўсiх атамных станцый у краiне на працягу блiжэйшых 20 гадоў. Да таго ж федэральныя ўрадавыя органы Германii выставiлi ўладальнiкам АЭС патрабаваннi аб узмацненнi мераў бяспекi гэтых станцый ад нападу тэрарыстаў, у тым лiку i неабходнасць забароны палётаў над iмi.





Я меў магчымасць наведаць многiя АЭС у Германii, Францыi, Англii. Там, на мой погляд, сiстэма аховы больш дасканалая, чым на станцыях нашых суседзяў (на многiх АЭС былога СССР мне давялося пабываць таксама). Што вiдавочна? Смаленская, Ленiнградская, Курская станцыi ў Расii, Iгналiнская ў Лiтве, частка АЭС Украiны аснашчаны рэактарамi РБМК — "чарнобыльскага", скажам так, тыпу. На ўсiх гэтых станцыях няма тых самых каўпакоў бяспекi, што робiць iх куды больш уразлiвымi пры спробе тэракту.





Час iдзе хутка, i нашай Беларусi трэба думаць аб ядзернай бяспецы, паколькi вакол яе "пасаджана" АЭС больш чым дастаткова. Вось чаму неабходна стварыць з краiнамi-суседзямi двухбаковыя камiсii, якiя павiнны вывучыць сiтуацыю вакол кожнай канкрэтнай АЭС — пытаннi аб забароне палётаў, наяўнасцi ракетных установак i г. д.





Кожны скажа, што падобныя мерапрыемствы вельмi дарагiя. Але ж i ў ранейшыя спакойныя часы "на гарызонце" заўсёды бачылася праблема: калi пасля заканчэння тэрмiну эксплуатацыi АЭС яе спатрэбiцца спынiць, то неабходна на гэтым месцы рабiць экалагiчна чыстую пляцоўку — убраць радыеактыўныя матэрыялы, захаваць iх. А гэта цягне за сабой велiзарныя затраты. Калi ж яшчэ дадаць сюды расходы на новыя меры бяспекi, то кошт электраэнергii, выпрацоўваемай на атамнай станцыi, будзе ў некалькi разоў вышэйшы, чым прадукцыя станцый на звычайным арганiчным палiве. Дык навошта гэтая дарагоўля, плюс да ўсяго яшчэ i галаўны боль?





Якая ж выснова? Думаецца, самае надзейнае — гэтыя станцыi паступова спыняць. Найбольш разумнае рашэнне, да якога ўжо дадумалiся практычныя немцы. Бо лепшая ў свеце АЭС — гэта закрытая АЭС, але абавязкова з выгружаным з рэактараў ядзерным палiвам. Iнакш яна па-ранейшаму застанецца такой жа небяспечнай, як i тая, што працуе.





Падрыхтаваў Валерый ЧАРНЯЎСКI, "Звязда"