Правапіс трохі абеларусіцца



Кірыла ПАЗНЯК



У Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук распрацавалі змены ў правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Зменаў не дужа багата, і ў моўны ўжытак яны павінны ўвайсці досыць лёгка.





У Інстытуце мовазнаўства кажуць, што гэтыя змены ў правілы арфаграфіі і пунктуацыі, якія чынныя ад 1959 года, нельга лічыць рэформай правапісу. У энцыклапедыі “Беларуская мова” чытаем: "Рэформу правапісу трэба адрозніваць ад частковых арфаграфічных змен, калі уніфікуюцца асобныя варыянтныя напісанні, ліквідуецца разнабой у некаторых правілах (але асноўныя прынцыпы правапісу не закранаюцца)".





Правапісныя карэкціроўкі ў беларускай мове даўно наспелі. Яны зробяць яе трохі больш беларускай. Хоць шмат хто скажа, асабліва прыхільнікі "тарашкевіцы", што ў Інстытуце мовазнаўства сядзяць кансерватары. Што пасля некалькіх русіфікацыяў — "наркамаўскай" рэформы ў 1933 годзе і дадаткаў у правапісныя правілы ад 1959 года — цяперашніх касметычных паправак у іх замала.





Дыскусія аб стане беларускага правапісу разгарнулася напачатку 1990-х. Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук, Міністэрства адукацыі, Саюз пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы ў лістападзе 1992 года правялі рэспубліканскую навуковую канферэнцыю "Праблемы беларускага правапісу". Тая канферэнцыя прыняла заяву, дзе пастанова Саўнаркама 1933 года "Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу" называлася фактам палітычнага ўмяшання ў моўны працэс. Была створана камісія дзеля выпрацоўкі праекта ўдасканалення правапісу. У 1994 годзе папраўкі былі падрыхтаваныя, у тым ліку некалькі варыянтаў пашырэння ўжытку мяккага знака, але юрыдычна іх ніяк не аформілі. А потым і адраджэнская хваля згасла.





Якія ж канкрэтныя змены чакаюць нас ў "Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі"? Распавесці пра гэта "Белорусские новости" папрасілі дырэктара Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі Аляксандра Падлужнага.





У прыватнасці, распавёў ён, прапануецца пісаць замест недарэчнага "е" — "я" ў адлічэбнікавых прыметніках васямнаццаты, сямнаццаты, дзясяты, дзявяты. У словах з цвёрдай асновай канцавое –эр ператворыцца ў –ар. Напрыклад, фламастар. Гэтаксама –эль стане –аль: шніцаль. Прыводзяцца да адзінага варыянта напісання назоўнікі, што канчаюцца на –ыё і -ыо. Цяпер трэба будзе пісаць Токіё і трыё. Таксама будзе пашырана ўжыванне "э" замест "е": экзэмляр, рэзюмэ, тунэль. Будзем пісаць, як вымаўляем. Але вось перадача на пісьме асіміляцыйнай мяккасці з дапамогай "ь" не прадугледжваецца. На думку кіраўніцтва Інстытута мовазнаўства, уводзіць мяккі знак — гэта толькі псаваць паперу (распаўзуцца аб'ёмы тэкстаў) і пашыраць непісьменнасць (пачнецца блытаніна ў галовах).





Апрача таго, шэраг зменаў прыўнесеныя ў напісанне словаў з вялікіх літар (да прыкладу, цяпер трэба будзе пісаць выключна Прэзідэнт) і ў правілы пераносу. Перанос, па словах А.Падлужнага, значна спрасцілі. Зроблена гэта было таму, што, у прынцыпе, існуючыя цяпер правілы пераносу выконваліся толькі школьнікамі. У газетах і ў кнігах словы пераносілі так, як атрымаецца пры камп'ютэрнай вёрстцы. Яшчэ адзін важны момант, на думку дырэктара Інстытута мовазнаўства, гэта тое, што ў "Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" старыя заідэалагізаваныя прыклады памянялі на нейтральныя — з твораў пісьменнікаў.





Калі ж мы з вамі пачнем пісаць і чытаць згодна з новымі правіламі? Змены ў правапісе ўхваленыя прэзідыумам Акадэміі навук, але іх яшчэ павінны разгледзець і прыняць у Міністэрстве адукацыі і Міністэрстве інфармацыі, а пасля гэтага ва ўрадзе. І толькі тады новыя правілы прыдуць да нас.