Ім яшчэ хочацца спяваць…





Генадзь БУРАЎКІН



Проста нейкая пошасць коціцца на нашай зямлі — гарадам, суполкам, фірмам, спартовым клубам карціць як мага хутчэй азбавесціся ўласнымі гімнамі. Пасля таго як нястомны Сяргей Міхалкоў дрыготкай старэчай рукой трэці раз перапісаў гімн Савецкага Саюза, выкінуўшы з яго не толькі Леніна і Сталіна, а і нямодны ўжо камунізм, такую ж працэдуру здзейснілі і ў найвышэйшых эшалонах Беларусі.





Праўда, паколькі Міхась Клімковіч не мог нічым дапамагчы новым "заказчыкам", бо даўно адыйшоў у свет лепшы, на выручку паклікалі бойкага сучасніка, які лёгка адрэдагаваў дзяржаўны тэкст, не пашкадаваўшы нават і "братнюю Русь". Не сказаць, каб ад гэтага дабавілася паэзіі, але тое, што ўсё "правільна" і ў адпаведнасці з палітычным курсам, ні ў кога не выклікала сумненняў.





Здавалася б, можна і перадыхнуць — ветэраны з радасцю слухаюць цяпер знаёмыя мелодыі, а моладзь не надта ўдумваецца ў прымітыўна зарыфмаваныя сентэнцыі і лозунгі. Але, як кажуць, працэс пайшоў…





Неадольную прагу ўрачыстага спявання на сумных сходах малаэфектыўных, але шматлікіх камітэтаў і саветаў так званага Саюза Беларусі і Расіі адчулі раптам непатапляльны крамлёўскі рэстаўратар Павел Барадзін і ўнікальна гнуткі і няўрымслівы інтэгратар Генадзь Селязнёў. Гэтыя басавітыя і грашавітыя "меламаны" пачалі справу з маскоўскім купецкім размахам — назвалі кругленькую суму для аўтараў песеннага шэдэўра і прыцягнулі да ўдзелу ў творчым спаборніцтве добра раскручаных "зорак" эстрады. І вось нядаўна мільёны тэлегледачоў атрымалі рэдкую магчымасць убачыць убогі чыноўны балаган — фрагменты пасяджэння журы конкурсу на стварэнне гімна віртуальнай саюзнай дзяржавы. Праўда, нікому так і не ўдалося пачуць ні выдатнай музыкі, ні таленавітых вершаў — тое, што нясмела цытавалася з экранаў, было відавочным парадам графаманаў, і нават зусім не "апазіцыйныя" мэтры Мікіта Міхалкоў і Іосіф Кабзон адчувалі сябе няёмка ў кампаніі "гімнаробаў". Калі з якасцю ў прэтэндэнтаў на гучную "саюзную" славу было тугавата, дык з колькасцю праблем не заўважалася. Адзін славуты мінскі песеннік, як паведамлялася, напісаў ажно два гімны: відаць, з мудрым разлікам на тое, што, калі цяперашні Саюз нечакана ляснецца, дык абавязкова ўзнікне нейкі іншы, а гімн у яго ўжо гатовы!





Па шматгадовай традыцыі нашы дзяржаўныя мужы не захацелі адставаць ад "старэйшых братоў". Новаспечаны бацька паслухмяных беларускіх прафсаюзаў Леанід Козік таксама наважыўся займець фірменны гімн. І над заснежаным прасторам сінявокай нашай старонкі прагучаў яго натхнёны заклік — "нарадзіць" музычны сімвал прафсаюзаў. Завастрылі алоўкі "чэсныя" паэты, селі да раяляў нястомныя кампазітары, прачысцілі горла спевакі. Кіраўнікі было "школы камунізму" заціхлі ў прадчуванні небывалага свята, а можа і адкрыцця. Хаця адкрыцця, хутчэй за ўсё, не будзе: не выключана, што нейкі асабліва памятлівы пенсіянер прыгадае, напрыклад, любімы "Марш камуністычных брыгад" і "паплечніку" Міхася Клімковіча закажуць "новыя словы", а гэны не падвядзе…





Жарты жартамі, але сумна глядзець на ўсё гэта. У паспешлівым выпяканні гімнаў, як мне здаецца, тоіцца не толькі глыбокая непавага да сапраўднай творчасці, да народных сімвалаў, якія ствараюцца ажно вякамі, а і хітрае жаданне гучна разрэкламаванымі "мастацкімі акцыямі" прыкрыць няўменне вырашаць кардынальныя жыццёвыя праблемы. Не ўпэўнены я, што наш цяжкі час найлепей падыходзіць для масавых хваласпеваў і практыкаванняў у прыдумлянні хай сабе і звонкіх прапагандысцкіх агітак. Няўжо так ужо нельга абысціся без гімна, калі бедныя нашы фінансы каторы год няўцешна спяваюць сумныя рамансы, а па тэмпах росту цэн беларусы наперадзе ўсіх "сяброў па няшчасці" нават у небагатай СНД? Няўжо абаронца інтарэсаў працоўных — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вырашыла ўсе балючыя пытанні з выплатай заробкаў, медыцынскім абслугоўваннем, правамі прадпрымальнікаў? Што — засталося толькі напісаць "урачыстую песню", і можна аб'яўляць аб доўгачаканым і даўно абяцаным надыходзе ўсеагульнага дабрабыту і шчасця?.. Дык ці не ў розных краінах жывём мы з прафсаюзнымі лідэрамі і ці не пераблыталі яны ўсе магчымыя сацыяльныя прыярытэты?.. А можа, такім чынам яны хочуць хоць трохі прыглушыць гул народнай незадаволенасці і сённяшняй нашай рэчаіснасцю, і іхняй беспрынцыпнай пазіцыяй?..





На невясёлыя развагі наводзіць нечаканая "гімнавая ліхаманка". Сам сабою ўспамінаецца стары школьны анекдот. Стамлёны бацька праглядае сынаў дзённік з адзнакамі за чвэрць і сярод густога частаколу "двоек" заўважае раптам адзінокую "пяцёрку" па спевах. "І ты яшчэ спяваеш!.." — са скрухай і асуджэннем уздымае ён вочы на свайго лайдакаватага нашчадка…





Дык вось і гарачае жаданне Барадзіна, Селязнёва ды Козіка тэрмінова займець гімны сваім салідным арганізацыям таксама выглядае, мякка кажучы, дзіўнавата. Зірнеш па тэлевізары на абсыпаныя інеем халодныя кватэры расіян, на забытых людзьмі і ўладамі нямоглых беларускіх вяскоўцаў, паслухаеш па радыё адчайныя скаргі на нявыплачаныя заробкі і адсутнасць самых неабходных лекаў у бальніцах, прачытаеш у газетах горкую статыстыку смяротнасці і нараджальнасці — і міжволі захочацца спытаць у гаманкіх самаздаволеных палітыкаў: "І вам яшчэ хочацца спяваць?!".