Што робіцца з сучаснымі Калядамі?



Каляды — гэта рэлігійнае сьвята для вернікаў і прыгожы міт для іншых. Каляды зьвязаныя з нараджэньнем Ісуса, які мусіў вырасьці для выратаваньня чалавецтва. Аднак шмат якія калядныя звычаі бяруць пачатак ад паганскіх вераваньняў, усталяваных задоўга да нараджэньня Ісуса Хрыста. Некаторыя хрысьціяне скардзяцца, што пра самога Хрыста, як падаецца, проста забыліся ў каляднай мітусьні. Што ж робіцца з сучаснымі Калядамі?





Паводле хрысьціянскае Бібліі, Іосіф разам зь цяжарнай жонкай Марыяй прыбылі ў Бэтлеем, які цяпер знаходзіцца на палестынскай тэрыторыі. У бэтлеемскай гасьцініцы не было месцаў, таму Іосіф і Марыя правялі ноч у стайні. Калі нарадзілася дзіця, Марыя назвала яго Ісусам — гэта было распаўсюджанае ў тыя часы імя. Сьцьвярджаецца, што Марыя ды Іосіф не жылі яшчэ палавым жыцьцём, таму Марыя была цнатлівай.





Здарыліся таксама іншыя цуды. Перад пастухамі ў гэтай мясцовасьці зьявіўся анёл і паведаміў ім пра нараджэньне. Анёл сказаў, што нованароджнае дзіця — гэта Хрыстос, доўгачаканы габрэйскі Мэсія, выратавальнік сьвету. Пастухі распавялі пра гэта іншым. На небе зьявілася новая зорка, якая прывяла трох каралёў з Усходу да таго месца, дзе ляжаў маленькі Ісус. Яны прынесьлі яму падарункі.





Для шмат якіх хрысьціянаў гэтая гісторыя нараджэньня Хрыста ёсьць літаральна сапраўднай, для іншых — проста прыгожым мітам, але ўсё адно значным у тым пляне, што яны прызнаюць Хрыста, які нарадзіўся для выратаваньня чалавецтва.





Міт гэта або цуд, адна рэч ёсьць дакладнай. Эра глябалізацыі й свабодных рынкаў зрабіла каляндныя сьвяты агульнымі. Гэта само па сабе можа быць пэўным цудам, хаця шмат якія людзі лічаць яго нэгатыўным. Ва ўсім сьвеце людзі розных веравызнаньняў пачалі сьвяткаваць Каляды — але дзіўныя Каляды, бо па-ангельску "Крыстмас" — гэта спалучэньне словаў Хрыстос, што значыць збавіцель, і меса, то бок рэлігійная цырымонія, а сучасны Крыстмас пазбаўлены й першага, й другога.





Калядныя елачкі, сьнегавікі са штучнага сьнегу і Санта-Клаўсы ў чырвоным адзеньні зрабілі Кітай, дзе афіцыйнай рэлігіяй ёсьць адсутнасьць усялякай рэлігіі, найвялікшым у сьвеце экспартэрам калядных тавараў. Разам з гэтым Кітай пачаў імпартаваць сьвята для ўнутранага спажываньня. Каляды сталі моднымі.





Нядаўні артыкул у амэрыканскай газэце "Christian Science Monitor" (у перакладзе назоў газэты гучыць як "Аглядальнік хрысьціянскае навукі") цытуе прафэсара рэлігіі ўнівэрсытэту Токіё, які кажа, што Азія запазычыла Каляды ды іншыя заходнія сьвяты з камэрцыйнымі мэтамі.





На Захадзе таксама амэрыканізаваная вэрсія Санта-Клаўса адсунула на другі плян малога Хрыста як сымбаля Калядаў ці Раства. Безумоўна, Санта-Клаўс — гэта сумесь нямецкага Вайнахтсмана, брытанскага Фазэр-Крыстмас, галяндзкага Сьвятога Ніка й гэтак далей. Аднак камэрцыялізаваны Санта-Клаўс, Санта-Клаўс кічу — ад фігурак Санты, што раскачваюцца ў заднім шкле аўтамабіляў, да цацак зь белай барадой, мэлёдыямі і агеньчыкамі у вітрынах дзіцячых крамаў — гэта, зразумела, прадукт амэрыканскага камэрцыялізму.





Для шмат якіх дзяцей на Захадзе даведацца, што фальшывая барада трымаецца на Санта-Клаўсе з дапамогай элястычных завязак, — гэта першы дотык цынізму ўва ўзросьце 7-8 гадоў. Цяпер, як падаецца, фальшывую бараду Санты адкрывае для сябе ўвесь сьвет. Сёлета ў Аўстрыі дзіцячае таварыства падтрымкі Хрыста распаўсюдзіла 20 тысячаў налепак супраць Санта-Клаўса, асабліва на вядомым венскім рынку маленькага Хрыста, дзе ў шапіках прадаюцца калядныя дэлікатэсы, віно, сувэніры і Санта-Клаўсы, Санта-Клаўсы, Санта-Клаўсы... Маленькага Хрыста тут наўрад ці пабачыш.





Агенцта Reuters паведаміла сёлета, што сьвятар у Англіі выклікаў сьлёзы ў дзяцей, калі сказаў ім, што чаканьні ад Санта-Клаўса таго, каб ён даставіў падарункі для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак сьвету за адну ноч, супярэчаць навуковай верагоднасьці. Ён, відавочна, нічога не сказаў пра верагоднасьць нараджэньня дзіцяці цнатлівай жанчынай.





Мажліва, аднак, што гэта ёсьць прыкметай сілы Калядаў і радасьці для хрысьціян, нехрысьціян і атэістаў — тое, што, нягледзячы на цынізм і камэрцыйнасьць, гарадзкія вуліцы ўпрыгожваюцца, храмы ўва ўсім сьвеце будуць перапоўненыя падчас паўночнай месы, а дзеці будуць чакаць званочкаў Санта-Клаўса.





Юры СЬВІРКО, Радыё Свабода