Пастырскi лiст на Божае Нараджэнне 2002 года



Народ, якi хадзiў у цемры, убачыу святло вялiкае, над жыхарамi краiны змроку заззяла святло...
Iс 9, 1.


Кардынал Казімір Свёнтэк. Фота IREX/ProMedia

Бэтлеемская ноч, што ўкрывае збавенную таямнiцу Божага Нараджэння, стала ў гiсторыi чалавецтва парогам пераходу са Старога ў Новы Запавет. Гэтая святая ноч паклала канец шматвяковай гiсторыi пазначанага цяжкiмi выпрабаваннямi Старога Запавету i стала пачаткам светлай эры збаўчага Новага Запавету.





Таму, наведваючы Бэтлеемскую стаёнку, варта параўнаць гэтыя два розныя перыяды ў гiсторыi чалавецтва на зямлi, каб глыбей усвядомiць i зразумець важнасць i значэнне прыйсця на свет Божага Слова.





1. Стары Запавет. Бог стварыў чалавека на свой вобраз i падабенства i пасялiў яго ў раi, каб ён мог прабываць са сваiм Створцам. На жаль, чалавек, адораны вольнаю воляй, паддаўшыся намовам сатаны, парушыў Божую забарону пазнавання дабра i зла, i за гэта быў выгнаны з Эдэмскага саду. Для чалавека пачалiся доўгiя гады, цэлыя вякi качавання i зямной вандроўкi без права непасрэднага прабывання з Богам.





Бог праяўляў Сябе як ўсемагутны Створца, магутны Уладар, суровы Пан. А чалавек, будучы грэшным стварэннем, баяўся Бога, дрыжэў ад страху, не адважваўся вымавiць iмя Бога, выкарыстоўваў замяняльнае слова "Яхвэ", на iмя Бога падаў нiц, закрываў твар... А Бог? Ён з'яўляўся сярод маланак i грому, за злачынствы караў, забiваў...





I чалавек усё больш аддаляўся ад Бога, адракаўся ад сапраўднага Бога, усё больш патанаў у iдалапаклонстве. Сурова пакараны, ён абяцау выправiцца, але не надоўга, iзноў грашыў i паўторна трапляў пад гнеў Божы.





Але адначасова пастаянна цеплiлася ў сэрцы чалавека iскрынка тугi па прабываннi з Богам, iскрынка надзеi на прыйсце абяцанага Месii. I так мiналi днi, пражытыя з Богам i без Бога; адвэнтавыя гады чакання збаўчага Месii.





I вось дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлеемскай стаёнцы "Слова сталася целам". Прароцтвы здзейснiлiся, споўнiлiся мары. "Народ, якi хадзiў у цемры, убачыў святло вялiкае, над жыхарамi краiны змроку заззяла святло" (Iс 9, 1).





2. Новы Запавет. Бог злiтаваўся над змучаным людам i ў сваёй бязмежнай мiласэрнасцi, "калi споўнiўся час, (Бог) спаслаў Сына Свайго (Адзiнароднага), якi нарадзiўся ад жанчыны" (гл. Гал. 4, 4), якi, уцелавiўшыся, пасялiўся сярод людзей, каб здзейснiць справу адкуплення роду людскога i паяднаць людзей з Богам.





Стары Запавет саступiў месца Новаму Запавету, i адразу ўсё пачало адбывацца ў iншай рэчаiснасцi.





Сын Божы нарадзiўся немаўляткам — слабым, кволым, безабаронным, i нарадзiўся не ў палацы, нават не ў доме, а ў стаёнцы, "бо не было для iх месца ў заездзе", Яго паклалi ў яслях сярод жывёлы i пастухоў.





Але паколькi гэта не было звычайнае, людское дзiця, хоры нябесныя праслаўлялi Бога словамi: "Хвала на вышынях Богу, а на зямлi супакой людзям добрай волi" (Лк 2, 13 — 14).





Так прыйшоў да людзей Бог, якi — як зазначае святы Аўгустын — "стау чалавекам, каб чалавека абагавiць". Бог стаў чалавекам, каб чалавека ўзнесцi да вышыняў жыцця Божага.





А калi ён распачаў сваю публiчную дзейнасць, усё больш i больш збiралася каля Яго людзей, збiралася без боязi, без асцярогi, каб пачуць з вуснаў Месii i Настаўнiка навуку, якая грунтавалася на любовi да Бога i да блiжняга, а таксама, каб атрымаць цудоўныя аздараўленнi.





I ён вучыў, прабачаў, лiтаваўся, нават плакаў, аздараўляў, уваскрашаў. ён паказаў сябе не суровым Уладаром, але добрым Пастырам, якi лiчыў людзей дзецьмi Божымi. ён дазволiў называць Бога Айцом — Абба.





А як кампенсацыю Богу Айцу за грахi людзей ён склаў на крыжы на Галгофе ахвяру свайго цела i крывi, якую пастаянна аднаўляе ва ўстаноўленай Эўхарыстыi ў заснаваным Iм Касцёле, якому даручыў клопат пра збаўленне людскiх душаў.





3. Божае Нараджэнне. Кожная ўрачыстасць Божага Нараджэння з'яўляецца для нас нагодай вярнуцца як мага больш сур'ёзна i пранiкнёна да гэтага Евангелля Дзяцiнства Хрыста, каб яшчэ раз аднавiць i ўмацаваць нашую веру. Калi хтосьцi прыйшоў на Пастэрку толькi дзеля пэўнага рамантызму вiгiлiйнай ночы альбо дзеля народнай традыцыi, то няхай зменiць свае намеры. Няхай узбагацiцца ўсiм скарбам нашай веры ў Слова Уцелаулёнае i няхай выспеўвае сваю радасць у нашых простых, але такiх красамоўных святочных календах.





Далучаю яшчэ маю просьбу да вас, дарагiя дыяцэзiяне: давайце папросiм прабачэння ў Марыi, Мацi Божага Дзiцяцi, за той вечар у Бэтлееме, калi Яна адыходзiла ад зачыненых дзвярэй, бо нiводзiн дом Яе не прыняў. Давайце адчуем хоць крыху сябе вiнаватымi за тых людзей, таму што мы з'яўляемся працягам той жа самай чалавечай сям'i.





Давайце папросiм Мацi Уцелаулёнага Слова аб ласках для нас самiх, каб мы нiколi перад Яе Сынам i нашым Боскiм Збаўцам не зачынiлi дзвярэй нашых сэрцаў i каб у вынiку ён таксама не зачынiў дзвярэй перад намi, калi мы пасля доўгай зямной вандроўкi станем каля Яго дзвярэй з надзеяй у сэрцы, што ён нам адчынiць дзверы ў першапачатковую радасць, але ўжо вечную — радасць бачыць Бога ў небе.





Далучаю найлепшыя святочныя пажаданнi з пастырскiм благаславеннем.





Кардынал Казiмiр СВЁНТЭК, Aрцыбiскуп, Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi, Апостальскi Адмiнiстратар Пiнскай дыяцэзii