«За свабоду» і БХД павіншавалі нямецкіх хрысціянскіх дэмакратаў з перамогай на выбарах

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч павіншаваў Ангелу Меркель з пераканаўчай перамогай партыі ХДС на парламенцкіх выбарах у Нямеччыне.

Мілінкевіч пажадаў лідэру нямецкіх хрысціянскіх дэмакратаў поспехаў у будаванні стабільнай большасці ў бундэстагу і ў дзейнасці на пасадзе канцлера ўсіх немцаў на карысць яе краіны.

«Нямеччына — вядучая краіна ў аб’яднанай Еўропе — разглядаецца беларускімі пра-еўрапейскімі сіламі як асноўны партнёр у збліжэнні Беларусі і Еўразвязу і ў пашырэнні каштоўнасцяў еўрапейскай інтэграцыі сярод беларусаў. Мы высока цэнім падтрымку, што аказваюць Нямеччына і партыя ХДС, беларускай грамадзянскай супольнасці. Мы перакананыя, што наша супрацоўніцтва, пабудаванае на каштоўнасцях свабоды і правоў чалавека, будзе працягнутым з тым, каб зліквідаваць аўтарытарызм і падзяляльныя лініі ў Еўропе і забяспечыць вяртанне Беларусі ў еўрапейскую сям’ю дэмакратычных народаў», — гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Мілінкевіча.

Нямецкіх хрысціянскіх дэмакратаў ад імя аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» павіншаваў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

«БХД шчыра вітае чарговую перамогу хрысціянскіх дэмакратаў Нямеччыны на выбарах у бундэстаг. Мы вельмі радыя, што перамаглі не проста нашыя калегі і партнэры, а партыя, кіраўніцтва і чальцы якой насамрэч з’яўляюцца хрысціянамі і падтрымліваюць хрысціянскія каштоўнасці ў Нямеччыне, а таксама ў іншых краінах. Асабіста віншуем з перамогай спадарыню Ангелу Меркель і ўсіх нашых партнэраў, хто разам з ёй перавыбраны на другі тэрмін у бундэстаг. Спадзяемся ў наступныя чатыры гады на працяг нашай плённай супрацы па ўмацаванні хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцяў ва Ўсходняй Еўропе і іншых краінах свету», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.