Мілінкевіч: Беларусь мае найвялікшы ў рэгіёне патэнцыял супрацоўніцтва з Еўропай

 

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч выступіў на міжнароднай канферэнцыі "Wilton Park" "Палітыка Еўрапейскага Саюзу ў дачыненні да ўсходніх суседзяў: магчымасці будучага ўзаемадзеяння", якая адбываецца ў гэтыя дні ў Варшаве.

Адкрываючы пленарную сесію "Ці пераарыентуецца Беларусь у бок Еўрасаюзу?" Аляксандр Мілінкевіч казаў пра перашкоды ў развіцці стасункаў Беларусі з Еўропай і пра неабходныя шляхі пераадолення гэтых перашкодаў.

Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што ў Беларусі і беларускага грамадства сёння самы вялікі ў нашым рэгіёне патэнцыял супрацоўніцтва з аб’яднанай Еўропай. "Геаграфічна і цывілізацыйна, незалежна ад чыёйсьці волі, Беларусь з’яўляецца часткай Еўропы. Але з усіх дзяржаваў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы наша краіна найменш акцэнтавала еўрапейскі вектар у сваёй замежнай палітыцы. У выніку, Беларусь не скарыстоўвае шанцаў супрацоўніцтва з ЕС, яна нават не мае праўных механізмаў для гэтага. Беларусь апынулася па-за межамі Еўрапейскай палітыкі сяброўства, а праграмы ЕС дапамогі Беларусі малаэфектыўныя", — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Кажучы пра асноўныя перашкоды больш шырокаму супрацоўніцтву Беларусі з разнастайнымі еўрапейскімі структурамі, Аляксандр Мілінкевіч, перш за ўсё, адзначыў характар беларускага палітычнага рэжыму.
"Рэзка антызаходняя рыторыка беларускіх уладаў, грэбаванне элементарнымі дэмакратычнымі нормамі, усё больш мацнеючы пераслед палітычных апанентаў, закрыццё незалежных ад улады навучальных установаў, грамадскіх арганізацыяў, сродкаў масавай інфармацыі, адсутнасць адказных дэмакратычных пераўтварэнняў у палітычнай і гаспадарчай сферах, авантурная замежная палітыка — усё гэта за апошнія 12 год стварыла штучныя бар’еры для ўзаемакарысных дачыненняў Беларусі з Еўропай і сведчыць пра тое, што чакаць раптоўных пазітыўных зменаў у паводзінах беларускага кіраўніцтва, і яно пачне імклівымі крокамі развіваць супрацоўніцтва з ЕС, нерэальна", — сказаў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл.

У сваю чаргу ацэньваючы стаўленне дэмакратычных сіл Беларусі да пашырэння сувязяў з ЕС, Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што аб’яднаная апазіцыя дакладна ўсведамляе, "што прызнанне дэмакратычных каштоўнасцяў і кіраванне імі ва ўнутранай і знешняй палітыцы ёсць галоўнай умовай для паспяховага супрацоўніцтва з ЕС. Мы ўсведамляем неабходнасць стварэння эфектыўных інстытутаў дзяржаўнага кіравання, прафесійнага і падкантрольнага грамадскасці корпусу дзяржаўных службоўцаў, незалежнай судовай сістэмы. Неабходным ёсць умацаванне адміністрацыйнай і праўнай сістэмаў, правядзенне глыбокай рэформы праваахоўных і кантрольных органаў, развіццё мясцовай дэмакратыі, дакладны падзел паўнамоцтваў цэнтральных і мясцовых узроўняў улады. Усё гэта сведчыць пра тое, што паўнавартасна супрацоўнічаць з Еўропай Беларусь зможа толькі пасля дэмакратычных зменаў".

Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што нягледзячы на кепскія палітычныя адносіны афіцыйнага Мінску і Еўрасаюзу ды ізаляцыянісцкі курс беларускай улады, у беларускім грамадстве захоўваецца дастаткова высокі патэнцыял праеўрапейскіх настрояў.

"Ідэя Еўропы і шырэйшых кантактаў з ёй асабліва спрыяльна ўспрымаецца маладым пакаленнем. Ужо сёння можна канстатаваць наяўнасць вялікай колькасці розных ініцыятываў, якія заяўляюць пра сваю праеўрапейскасць, ды ставяць на мэце значнае пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі з Еўрасаюзам, якое дазволіць забяспечыць незваротнасць існавання незалежнай беларускай дэмакратычнай дзяржавы ды ўсталяваць сапраўды добрасуседскія дачыненні з Расіяй, якія будуць базавацца не на дэкларацыях пра "братэрства", а на ўзаемнай карысці і павазе да агульнадэмакратычных каштоўнасцяў".