Ганс-Геарг Вік: Я і далей займаюся Беларусяй



Колішні старшыня Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ Ганс-Геарг Вік стараўся быць добрым настаўнікам. Ён дапамог беларускаму грамадзтву пазбыцца безагляднае веры ў Захад, зразумець, што нашыя ўяўленьні пра дэмакратычныя каштоўнасьці могуць разыходзіцца, асэнсаваць неабходнасьць адстойваць свае пазыцыі нават перад добразычліўцамі. Гэта не была прыемная навука. Таму ён застаўся ў нашай памяці супярэчлівым сымбалем.





Гэтае інтэрвію зь ім запісанае падчас сустрэчы з журналістамі Беларусі, Украіны і Расеі, якая адбылася ў Свабодным унівэрсытэце (Бэрлін).





— Спадару Вік, як Вы ацэньваеце вынікі працы Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі?





— Праца КНГ яшчэ працягваецца, бо працэс дэмакратызацыі Беларусі паводле стандартаў АБСЭ не завершаны. Гэтыя стандарты былі зацьверджаныя на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў у 1990 г. у Капэнгагене і Парыжы. Краіны — спадкаемцы СССР, у тым ліку Беларусь, абавязаліся перад АБСЭ пакласьці гэтыя стандарты ў аснову палітыкі сваіх краінаў. Я ня здолеў пераканаць прэзыдэнта Лукашэнку ў тым, што дэмакратызацыя краіны паводле гэтых стандартаў адпавядае інтарэсам Беларусі. Але нам удалося ў дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю, недзяржаўнымі арганізацыямі і палітычнымі партыямі паспрыяць стварэньню сапраўды стабільных і дзеяздольных дэмакратычных структураў. Яны дасягнулі значнага посьпеху падчас выбару адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах, нягледзячы на працяглы і інтэнсіўны ціск. 30—40% выбарцаў аддалі свае галасы за адзінага кандыдата ад кааліцыі. Афіцыйна абвешчаныя вынікі выбараў былі масава сфальсыфікаваныя. Але ў грамадзянскай супольнасьці ўтварыўся альянс паміж дэмакратычнымі партыямі і грамадзкімі арганізацыямі, якія адышлі ад Лукашэнкі (прафсаюзы, моладзевыя, жаночыя арганізацыі). Нягледзячы на суперніцтва паміж палітычнымі партыямі, яны маюць шмат супольнага ў змаганьні за дэмакратыю, за перавагу закону і за свабоду выказваньняў у Беларусі. Рада апазыцыйных палітычных партый працягвае сваю сумесную пазытыўную працу і абавязкова даб’ецца супольных пазыцый на мясцовых выбарах у сакавіку наступнага году.





Вялікая заслуга Кансультатыўна-назіральнай групы — разьвіцьцё ў грамадзянскай супольнасьці жыцьцяздольных палітычных структураў і кааліцыяў, якія ў стане выйграць выбары і ўтварыць стабільны ўрад.





— Якія перашкоды мусіла пераадолець КНГ і які бок — улады ці апазыцыя — больш на яе ціснулі?





— Пасьля выбараў у парлямэнт 2000 г. улады адмовіліся ад супрацоўніцтва з АБСЭ. Апазыцыя спачатку бачыла ў АБСЭ міжнародную стуруктуру, якая падтрымлівае ўлады. Гэта было грубае неразуменьне ролі нашай місіі ў краіне. Разуменьне дэмакратычных крытэраў, якіх патрабавала АБСЭ, толькі пачало прыходзіць. Падчас падрыхтоўкі перамоваў з прадстаўнікамі прэзыдэнта аб свабодзе прэсы, дэмакратычным законе аб выбарах і функцыях парлямэнту ў 1999 г. утварылася Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партый, якая з таго часу шмат разоў даказвала, што яна здольная да перамоваў з урадам у інтарэсах дэмакратыі й да ўтварэньня агульнанацыянальных выбарчых кааліцый. На баку апазыцыі ёсьць палітычныя групы, якія адмаўляюць шлях перамоваў, кампрамісаў і выбараў і таму крытыкуюць АБСЭ. Часткова гэтыя апазыцыйныя групы самі зьяўляюцца прадуктам сыстэмы. КНГ не заўсёды мела посьпех са сваімі рэкамэндацыямі для палітычных партый. Мы гэтага і не чакалі, і цяпер не чакаем — але гатовасьць да дыялёгу прысутнічала заўсёды зь некаторымі выключэньнямі.





Недзяржаўныя арганізацыі пасьпяхова супрацоўнічалі з АБСЭ падчас пабудовы агульнанацыянальнай сеткі незалежных назіральнікаў. Гэтым самым быў зроблены вялікі ўклад у стварэньне базысных дэмакратычных групаў.





— Якая сіла ў сёньняшняй Беларусі можа ўзяць на сябе задачу дэмакратызацыі грамадзтва?





— Палітычныя партыі, незалежныя ад Лукашэнкі недзяржаўныя арганізацыі і незалежныя СМІ адыгрываюць вялікую ролю ў змаганьні за дэмакратыю ў Беларусі. Неабходна міжнароднае супрацоўніцтва з гэтымі групамі, бо дзяржаўныя органы розным чынам падаўляюць дэмакратычныя сілы ў Беларусі і ўжываюць сродкі, каб перашкодзіць разьвіцьцю палітычных структур і грамадзянскай супольнасьці. Грамадзянскія супольнасьці ў краінах былога СССР павінны навучыцца будаваць кааліцыі палітычных і грамадзкіх сіл, каб супрацьпаставіць кандыдату ад прэзыдэнцкай улады пераканаўчага і вартага даверу суперніка. Калі грамадзянская супольнасьць зможа дзейсна і пераканаўча прадставіць сябе выбарцу, аўтарытарная сыстэма пахісьнецца.





— Як Вы ацэньваеце шанцы саюзу Беларусі і Расеі? Вас часта папракалі тым, што Вы спрыяеце “змове” супраць Беларусі.





— Пакуль Расейская Фэдэрацыя і Беларусь маюць такія адрозныя палітычныя і эканамічныя структуры, як гэта ёсьць зь лістапада 1996 г., цяжка ўявіць сапраўдны, а ня толькі дэкляраваны Саюз. Што тычыцца “змовы”, дык валоданьне рэсурсамі — гэта ў сёньняшнім сьвеце ўжо ня тая катэгорыя, якая вызначае палітыку. Нафта і газ з Расейскай Фэдэрацыі прыйдуць на эўрапейскі рынак пры любым разьвіцьці стасункаў паміж Беларусяй і Расеяй. У гэтым зацікаўленыя ўсе: Расея, Беларусь, Украіна, Польшча і Заходняя Эўропа.





— Ці займаецеся Вы беларускім пытаньнем пасьля таго, як пакінулі Беларусь?





— Я і далей займаюся Беларусяй: даю кансультацыі, чытаю лекцыі і выступаю з публікацыямі. Акрамя гэтага, я актыўна займаюся Нямецка-індыйскім таварыствам, старшынём якога з’яўляюся, а таксама арганізацыяй супрацоўніцтва паміж індыйскім субкантынэнтам і Эўропай. Але ёсьць таксама іншыя інтарэсы ў палітыцы і міжнародных стасунках. Акрамя гэтага, у мяне вялікая сям’я…





"Наша ніва"



Даведка

Ганс-Геарг Вік нарадзіўся ў 1928 г. у Гамбургу. У 1947—52 вывучаў у Гамбурскім унівэрсытэце гісторыю, філязофію і права. Ад 1954 да 1993 працаваў на розных пасадах у Міністэрстве замежных справаў, быў амбасадарам ФРГ у Іране (1974—77), СССР (1977—80), Індыі (1990—93). Ад 1980 да 1985 г. пастаянны прадстаўнік ФРГ у Радзе NATO, у 1985—90 г. прэзыдэнт Фэдэральнай службы інфармацыі (выведка). Пасьля завяршэньня кар’еры выконваў асаблівыя дыпляматычныя даручэньні, у тым ліку быў кіраўніком Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі й дарадцам пры прэзыдэнце Грузіі. Старшыня Нямецка-індыйскага таварыства. Выкладаў у Міжнародным цэнтры Вудра Вільсана (ЗША), Цэнтры імя Джорджа Маршала ў Гармішы, шэрагу польскіх унівэрсытэтаў.