Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Габрэйская традыцыя

Беларусы й габрэі – народы, пародненыя Богам.

 

Павел Севярынец

Павел Севярынец. Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

...І што такога дала Беларусь габрэйскай культуры?

Ды ўсё: Марка Шагала й Хаіма Салавейчыка, літаратуру і мастацтва, знакамітыя іешывы, дзяржаўны ідыш і адноўлены іўрыт. Госпад Бог натхніў свой выбраны народ Беларуссю перад найстрашнейшымі выпрабаваннямі Халакосту й найвялікшым шчасцем Адраджэння. Беларускія габрэі, ствараючы Ізраіль ХХ стагоддзя, прывезлі беларушчыну з сабою ў Палестыну.

Беларусы й габрэі – народы, пародненыя Богам. Напэўна, таму беларушчына й габрэйства так суладна спяваюць дуэтам. Карціны Шагала – суцэльны Віцебск. Скульптуры Азгура – пантэон беларускіх дзеячаў. Аркестр Фінберга – флагман нацыянальнай эстрады.

Тутэйшыя жылі з жыдамі адной сям'ёй. У краме, карчме, фальварку, майстэрні беларус пераймаў вечнага жыда. Вось чаму беларусы такія кемлівыя ды руплівыя. Вось чаму беларус, як і габрэй, увесь час сабе наўме. Вось чаму ў беларусаў так шмат прозвішчаў з габрэйскімі каранямі: Хаймовіч, Ханок, Шыманскі, Шлома, Якубовіч... Вось чаму беларус, брат габрэю па лініі Бога-Айца, з поўным правам можа пачынаць свой радавод: «Абрагам нарадзіў Ісака, Ісак нарадзіў Якуба...»

Пейсы, лапсердак, кашэрная ежа? Беларус адразу адчуе ў гэтым цымус!

Эфэкт габрэйскае прысутнасці ахапляе ўвесь Новы Запавет беларускае гісторыі: згасанне Залатога веку, паланізацыю й расейскую акупацыю, рэвалюцыі, войны ды барацьбу за незалежнасць. 10-15% усяго насельніцтва і 40-70% гараджанаў складалі габрэі. Менавіта таму нас так заводзіць «Нагіла Хава», таму беларусы настолькі ўдала парадыруюць жыдоўскае вымаўленне й так трапна ўгадваюць габрэйскія абліччы ды прозвішчы на кіруючых пасадах, у газэтах і тытрах пасьля фільмаў.

Змяшанае пачуццё шкадобы ды павагі суправаджала габрэяў у Беларусі паўсюль – у быце, забаве, фальклёры. «Жывем, як браты, а рахуемся, як жыды». «Дзеля аднаго жыда і кірмаш будзе». «Лепш сябраваць з жыдам галапятым, як з панам багатым». У сваю чаргу, свядомыя беларусы штораз ставілі моцныя традыцыі габрэйства ў прыклад уласнаму народу.

Габрэйская культура – цэлы пласт беларушчыны. Разам з Трасцянцом і дзясяткамі гета, спаленых у Другую Сусветную, з забітым у Менску Саламонам Міхаэлсам, з руінамі сінагогаў і абавязковымі габрэйскімі могілкамі. Габрэйская традыцыя стала нашай зямлёй, глебай, з якой растуць беларускія гарады.

Гэта праўда: гарады Беларусі XVIII-XIX стагоддзяў кшталтавалі ні што іншае як габрэйскасць. У многіх беларускіх гарадоў і мястэчкаў яшчэ і зараз па-жыдоўску трагічны, згублены выгляд; дамы быццам блукаючыя, рассеяныя ў прасторы, і сам дух узнёслы ды прыгнечаны адначасова.

Беларускае Міжмоўе сфакусавалася для габрэйства ў прызнанні афіцыйнага статусу ідышу й уваскрасенні іўрыту. У Беларусі нарадзіліся класікі габрэйскае літаратуры Мэндэль Мойхер-Сфорым і Майсей Кульбак.

Спалучэньне беларускасці з габрэйскай традыцыяй кідаецца ў вочы адразу. Драматычна бледнае, з глыбокім позіркам, вытанчана інтэлігентнае й абавязкова адухоўленае – штосьці вельмі знаёмае, праўда? Узгадалі? Зьмітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік), рэпрэсаваныя паэты Зелік Аксельрод ды Ізі Харык, мастакі Хаім Суцін і Саламон Юдовін.

Беларусь, цяжарная Ізраілем, вынасіла традыцыю сучаснага габрэйства пад сэрцам з мацярынскай ласкаю й пяшчотай, шэптам паўтараючы да Бога: «... Дзень і ноч малюся перад Табою за сыноў ізраілевых...» (Нээміі 1:6) 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.