Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Перад выбарамі — на паклон да Крамля, пасля выбараў — “са спадзяваннямі” ў Брусель і Вашынгтон

Яшчэ ў 2010 годзе я неаднаразова ўздымаў пытанне пра перамовы з Крамлём некаторых кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў...

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

Падзеі, што разгортваліся і працягваюць разгортвацца вакол прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2015 году ў Беларусі, інфармацыя аб іх у разнастайных СМІ міжволі вымушаюць мяне зноўку і зноўку вяртацца ў сваіх успамінах да падзеяў пяцігадовай даўніны — прэзідэнцкай кампаніі 2010 году.

Можа падавацца, што аб той кампаніі перагаворана ўжо занадта шмат і не варта калашмаціць мінулае. Але, як паказвае развіццё падзей — трэба. Бо ў кампаніях некаторых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі 2010 года і ў кампаніі кандыдата-2015, якія называлі сябе вылучэнцамі ад дэмакратычнай апазіцыі, заўважаюцца шматлікія паралелі. А без надання гэтым кампаніям і падзеям вакол іх праўдзівай і лагічнай ацэнкі немагчыма ладзіць планы на перспектыву.

У 2010 г. я ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта ў сваіх прамовах і каментарах неаднаразова ўздымаў пытанне, што хвалявала мяне на той момант — пра перамовы з Крамлём некаторых кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў, кіраўнікоў іх штабоў і давераных асобаў аб аказанні гэтым кандыдатам разнастайнай падтрымкі ў замен, у выпадку перамогі, на лабіяванне інтарэсаў Крамля і расійскіх алігархаў у Беларусі.

У асноўным гэта тычылася Андрэя Саннікава — кіраўніка “Еўрапейскай Беларусі”, Уладзіміра Някляева — на той момант лідэра кампаніі “Гавары праўду” і Яраслава Раманчука — намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія зладзілі з Лукашэнкам цэлае спаборніцтва за атрыманне “крамлёўскага ярлыка на княжанне” ў Мінску.

Тады мае словы не знайшлі поўнага разумення ў дэмакратычным асяродку, у тым ліку і сярод некаторых маіх калегаў, да меркаванняў якіх я адносіўся і адношуся з павагай. У выніку, пасля адной з размоваў з Міколам Статкевічам на гэтую тэму, які выказаўся, што пакуль не варта надалей уздымаць такое пытанне, і з улікам таго, што інфармацыя аб перамовах была на той момант не да канца правераная, я прыпыніў размовы аб гэтым

Канешне, аб змесце тых перамоваў з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта Расійскай Федэрацыі і Дзярждумы, аб размовах на круглых сталах, дзе прысутнічалі высокапастаўленныя расійскія чыноўнікі, лепш бы расказалі самі перамоўшчыкі, але мяне бярэ сумнеў, што яны адважацца на гэта, а мы дазнаемся ўсю праўду.

Ды, на колькі вядома, размова тады ішла аб перадачы, або продажы расійскім алігархам шматлікіх ключавых беларускіх прадпрыемстваў, размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі дадатковых вайсковых аб’ектаў, аб уводзе на тэрыторыю нашай краіны абмежаванага вайсковага кантынгента РФ і іншых пытаннях. Нават участак беларускай чыгункі Орша — Брэст з’яўляўся аб’ектам перамоваў.

Наколькі свядома, або несвядома перамоўшчыкі былі ўцягнуты ў выкананне крамлеўска-ФСБ-шнага праекту на прэзідэнцкую выбарчую кампанію 2010 году ў Беларусі, застаецца на іх сумленні. Але ж тое, што па планах Крамля пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году ў Беларусі павінна была застацца толькі прарасійская апазіцыя, ведалі і гэтыя трое кандыдатаў, і іх кіраўнікі штабоў.

У час адной размовы з Андрэем Дзмітрыевым, калі той прыехаў да мяне на чарговыя перамовы аб магчымасці і неабходнасці, па іх меркаваннях, майго зняцця з выбараў на карысць кіраўніка кампані “Гавары праўду” і супрацоўніцтве нашых арганізацый у час выбарчай кампаніі, я ў вельмі рэзкай і жорсткай форме задаў яму пытанне: “Што ж вы, сукі, робіце, гандлюючы інтарэсамі Беларусі?” На што ён палахліва адказаў, каб я не хваляваўся, бо яны пасля перамогі “маскалёў” кінуць.

Зараз, у 2015 г., усё той жа Дзмітрыеў, з’ўляючыся кіраўніком штабу Таццяны Караткевіч, паспрабаваў згуляць у “выбары ў Беларусі” па сцэнару Крамля, падобнаму на сцэнар 2010 года, “забыўшыся” разам са сваім новым кандыдатам пра пункты “Народнага рэферэндуму”, якія вызначалі пазіцыю аб неабходнасці “цеснай інтэграцыі з Еўрапейскім звязам”.

А сама Караткевіч у час выбарчай кампаніі заявіла аб неабходнасці больш цеснай інтэграцыі з Расіяй праз узмацненне супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, а таксама Еўразійскага саюзу. А каб яшчэ больш спадабацца крамлёўскім куратарам, заявіла, што першая паездка ў якасці прэзідэнта, ў выпадку яе перамогі, адбудзецца ў Маскву…

Ды, як гэта было ў 2010 г. з Саннікавым, Някляевым, Раманчуком, Крэмль скарыстаўся і Караткевіч з Дзмітрыевым, хоць і ў меншай ступені, дасягаючы сваіх мэтаў, ціснуўшы на Лукашэнку.

А як тыя і другія зразумелі, што Крэмль “кінуў” іх, усе свае спадзяванні скіравалі на Брусель і Вашынгтон.

І ўжо Дзмітрыеў разам з Караткевіч раздае рэкамендацыі краінам Захаду, як будаваць адносіны з Беларуссю, зноўку абмінуўшы ў іх ўзаемаадносіны Масквы і Мінска.

А што ж яго былы шэф — былы кіраўнік кампаніі “Гавары праўду” У.Някляеў, кіраваўшы на працягу 5 год арганізацыяй, створанай і курыруемай, па яго словах, беларускім КДБ — структурна-тэрытарыяльным падраздзяленнем расійскага ФСБ? А былы шэф “ГП” вельм актыўна заняўся стварэннем сваёй чарговай “кампашкі” пад назвай рух “За дзяржаўнасць і незалежнасць”, эксплуатуючы балючую для патрыётаў нашай Бацькаўшчыны тэму — захаванне незалежнасці Беларусі.

А што іншыя ўдзельнікі перамоваў з Крамлём?

Хтосьці, як, напрыклад, А.Саннікаў, нават адмовіліся падпісаць Віленскі мемарандум “Аб незалежнасці Беларусі”, прапанаваны старшыней Рады БНР Івонкай Сурвіллай у 2012 г., імкнучыся пры гэтым па сцэнару Крамля стварыць Урад Беларусі ў выгнанні. Па яго меркаваннях, сэнсу ў мемарандуме няма, бо, з яго словаў, “рана або позна Расія праглыне Беларусь”.

А хтосьці, як Анатоль Лябедзька — кіраўнік выбарчага штабу Я.Раманчука, пасля выбарчай кампаніі 2015 г. тэрмінова заняўся стварэннем новай кааліцыі правацэнтрысцкіх сілаў Беларусі, узяўшы на сябе ролю “аб’ядноўца” гэтых сілаў нават без ведама кіраўніцтва іншых арганізацый…

Чаму я распачаў такую для кагосьці не зусім прыемную размову?

А таму, што сёння як ніколі раней паўстала пытанне аб магчымым размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай вайсковай базы, што можа стацца сапраўдным “рубіконам” у пытанні захавання незалежнасці нашай краіны.

Пасля перамоваў Лукашэнкі і Пуціна на саміце ў Казахстане ў кастрычніку і дамоўленасцяў аб працягу перамоваў у бліжэйшы час у Маскве, дзе адным з пытанняў будзе і пытанне пра базу, у звязку з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і неабходнасцю атрымання чарговых крэдытаў, Лукашэнка вымушаны будзе саступіць расійскаму боку па шматлікіх пытаннях.

Планы Крамля не змяніліся з даўняга часу, і тое, што не ўдалося атрымаць ад Беларусі пасля 2010 г., Пуцін будзе імкнуцца дасягнуць у час гэтых перамоваў.

Каб дэмакратычныя сілы змаглі ўсур’ёз супрацьстаяць планам Крамля, напачатку неабходна дакладна ведаць аб гэтых планах.

Вось таму я і звяртаюся да перамоўшчыкаў 2010 і 2015 гадоў, каб, нарэшце, пачуць ад іх, чаго чакаць Беларусі з боку нашай усходняй суседкі ў самы бліжэйшы час.

А можа быць, калі б мы своечасова ведалі ўсю праўдзівую інфармацыю аб падзеях, звязаных з выбарчымі кампаніямі і рэферэндумамі розных гадоў, іншае ад тых, хто перайшоў у апазіцыю з каманды Лукашэнкі ў розныя часы, то і існуючы на Беларусі рэжым ужо даўно бы зрынуўся?

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.