Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Даўбешкай па экране

Па звестках даследчыкаў, за апошнія 20 год колькасць паўнаметражных фільмаў у расійскім кіно, якія паказваюць сцэны жорсткасці, дасягае 50%...

Галіна Каржанеўская

Галіна Каржанеўская. Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і шмат гадоў — у газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Амерыканскія фільмы заўжды славіліся сваёй “вострасюжэтнасцю”. Мяне змоладу раздражняла іх рэклама: стрэл, удар, пагоня, пажар, аварыя… Як ракавыя клеткі дзеляцца бескантрольна, так кінаіндустрыя, пазбаўленая пачуцця меры і мастацкага густу, выдумляе ўсё новыя жахі і спосабы знішчэння як асобы, так і чалавецтва ў цэлым.

Неўміручыя супермэны, эксцэнтрычныя маньякі, інфернальныя дзеці… Сотні варыянтаў Апакаліпсісу… Неверагодныя вычварэнствы чалавечай прыроды… Нашэсці монстраў, малпаў і дыназаўраў… Галівуд памяшаўся не толькі на “зорнасці” і дывановай дарожцы, але і на вялікіх грашах, якія для некаторых “не пахнуць”, бо сталі асноўнай меркай жыццёвага поспеху.

Ды вось жа незадача: лік сюжэтаў у кіно, як і ў тэатры, насамрэч абмежаваны. Хтосьці іх нават падлічыў. Атрымліваецца, што ўсё было ўжо, нічога новага выдумаць нельга. (Вядома, у рамках зададзенай парадыгмы.) Застаецца выязджаць на варыянтах ужо адыгранага (рымейках), на пад’ёме градуса, і без таго высокага, у сцэнах канфліктаў, катаклізмаў, катастроф.

Такім чынам у Галівудзе была пяройдзена мяжа праўдзівасці (даставернасці) і нават здаровага сэнсу. Хібы мы можам паверыць у сцэну, калі скрываўлены герой, што ўсё пераадолеў і ледзь жывы, цалуецца ўзасос са сваёй пасіяй? Або згадаем сцэны, калі вучоныя-інтэлектуалы або касмічныя падарожнікі пачынаюць высвятляць адносіны, як арангутангі: шляхам бойкі.

Што ні фільм — то суцэльнае “Не веру!” І самае горшае, што гэтая падрабязная ў дэталях, але недарэчная па змесце кіназараза запаланіла ўвесь свет. Мала хто цяпер, маючы сродкі, не здымае “амерыканскае кіно”. І сярод гэтых пераймальнікаў мо першымі аказаліся расійскія прадзюсеры і рэжысёры.

“Але чаму?” — спытаемся мы. Расіян не западозрыш у сімпатыі да амерыканцаў. Перакажу (без перакладу) выказванні праўладна настроеных удзельнікаў адной перадачы па РТ:

• Сами себя назначили карающим Верховным жрецом…
• Сознательно все разрушают…
• Взимают имперскую дань со всего мира…
• Не хотят ни с кем разговаривать…
• Соединенные Штаты никого не считают людьми…
• Цель политики США — разрушение и уничтожение любых государств…
• Их цель — подорвать могущество государства Россия…
• За войной в Донбассе стоит американская воля…
• В мозгах ничего, кроме убийства, не существует…
• Не оставляют людям позитивной перспективы…

Ну, пра пазітыў перад тварам украінскіх падзей лепей было б памаўчаць… Міжволі пачынаеш думаць, што насельнікі дзяржаў-канкурэнтаў блізкія па ўзроўні ўнутранай агрэсіі.

Група даследчыкаў РФ правяла маніторынг асноўных сюжэтных схем сучасных расійскіх фільмаў. Вось яны:

1) Вайна як масавы гвалт; героі змагаюцца і гінуць у “гарачых кропках”, вайна стала іх прафесіяй;

2) “Постармейскі” гвалт: моцны хлопец вяртаецца са службы ці Афгану і супрацьстаіць “аўтарытэтам” у сваім горадзе ці сяле;

3) Гвалтоўныя дзеянні тэрарыстаў: узрывы, забойствы, катаванні і г.д.

4) Злачынствы наёмных кілераў і маньякаў;

5) Сексуальныя злачынствы як частка расійскага побыту;

6) Крутая містыка з вампірамі, ведзьмамі, прывідамі, таксама поўная крывавых жахаў і садраная з заакіянскіх узораў;

7) Міліцэйская тэматыка, дзе мянты высочваюць і ловяць парушальнікаў закона (“Убойная сила”, “Улицы разбитых фонарей”, “Каменская”, “Агент” і іншыя).

8) Гвалт у дачыненні да дзяцей — у школах, дзіцячых дамах, сем’ях;

9) Постмадэрнісцкі гвалт, як у Таранціна, калі кроў і трупы паказваюцца як штось забаўнае, а праблемы маралі адкідваюцца (“Небо в алмазах”, “Мама, не горюй!”, “Бумер”).

Але навошта прыпадабняцца да тых, каго ты не любіш і баішся, у каго бачыш саломінку ў воку?

Адзін з верагодных адказаў такі: у вялікай колькасці развяліся ўласныя бандыты. Калі ёсць крымінальная субкультура, то павінна быць і адпаведнае кіно — пра бандытаў і для бандытаў.

Другі адказ — “ціснуць” нарабаваныя ў дзяржавы грошы, і неабходна іх у нешта ўкладваць. Так ці інакш, але здэградаваны расійскі кінематограф ператварыўся ў кепскую копію спецыфічнага галівудскага кіно з яго культам грубай сілы і пагоняй за моцнымі ўражаннямі.

Па звестках даследчыкаў, за апошнія 20 год колькасць паўнаметражных фільмаў у расійскім кіно, якія паказваюць сцэны жорсткасці, дасягае 50%. Разам з замежнай брыдой, што паказваецца ў зусім не позні час, яны займаюць большасць экраннага часу.

Вось на чым “адпачываюць” на канапах нашы суайчыннікі, выхоўваюцца нашы дзеці і ўнукі. Складзіце ўсё гэта, і вам захочацца даць даўбешкай па блакітным экране, па гэтым вампіры, які аднімае час, псуе норавы і выхоўвае індыфірэнтнасць к злу.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.