Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Заложнікі

За апошнія паўгода сапраўднай бядой для нас сталі расійскія праграмы навін, дзе ўсе тэмы задушыла адна — вайсковая. Мала сказаць, што Украіна…

Галіна Каржанеўская

Галіна Каржанеўская. Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і шмат гадоў — у газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Эпізод з дзяцінства. У нашай маленькай вёсцы на Капыльшчыне з’явіўся першы тэлевізар. У хату да шчаслівых уладальнікаў вечарамі прыходзілі ўсе вясковыя жыхары — і старыя, і малыя. Мы рассаджаваліся на падлозе — і станавіліся сведкамі рэальнага цуда.

Тэлевізар быў акном у вялікі свет, ён адкрываў падзеі, цікавых людзей, свет мастацтва. Нават партыйнае сіта не магло пазбавіць блакітны экран прыцягальнасці.

Глытком свежага паветра было расійскае тэлебачанне ў 90-х гадах. Расчыненай форткай. Момантам ісціны. Калі параўнаць маскоўскую тэлевізію з нашай, мінскай, то галоўнае, што кідаецца ў вочы — несамастойнасць, другаснасць, прымітывізм з боку другой. Як раней, так і цяпер у нас то кола круціцца ў кадры, то збожжа сыплецца ў кузаў. А то на жніве камбайнёрам у рукі дадуць граматы ды яшчэ і выстраяць, як на зборах…

Што з’яўляецца, на мой погляд, сёння вызначальным у дзейнасці беларускіх каналаў?

1. Немагчымасць з боку журналістаў паднімаць вострыя пытанні і паглыбляцца ў грамадскія праблемы. Свежы прыклад: на БТ зрабілі сюжэт аб рабоце пошты. Высокапастаўлены чыноўнік вучыў грамадзян карыстацца інфакіёскамі. Маўляў, скароцяцца чэргі, сэканоміцца час. Пра недахоп кадраў і варты жалю стан паштовага ведамства вядучы не ўпамянуў. Усё звялося да менталітэту беларусаў, якія баяцца электроннай тэхнікі і гатовы гадзінамі стаяць у чарзе ля адзінага акна.

Ну несур’ёзна гэта з прафесійнага боку! Вы б пацікавіліся, хто і калі навесіў на пошту страхаванне аўтамабіляў ды іншыя павіннасці. Не пашкодзіла б узяць інэрв’ю ў шэраговага прадстаўніка аператарскай службы. І гэтак далей.

2. Забарона прысутнасці на экране непажаданых асоб: палітыкаў, прадстаўнікоў няўрадавага сектару, сяброў “няправільнага” Саюза пісьменнікаў і г.д. Мы бачым па сто разоў на дзень адну і тую ж прыкормленую тусоўку, прадстаўнікі якой мільгаюць на экране дарэчы і недарэчы, з разумным выглядам маўчаць у сур’ёзных праграмах, прысутнічаюць у журы, зарабляюць на рэкламе і ўвогуле не вылазяць з кадра.

3. Непрыхаванае шчыраванне айчынных ідэолагаў на культ асобы. Без відэакамер не адбываецца нарадаў на высокім узроўні, усемагчымых сустрэч, святочных выездаў, распяканняў на прадпрыемствах, рабочых паездак і г.д. Карысная гэта рэч — выезды “ў народ”! На 15-м годзе кіравання прэзідэнт даведаўся пра заняпад вёскі. На 20-м, у Верцялішках, — пра недахоп сховішчаў для садавіны. Праз годзікаў 5 яму адкрыецца, што Беларусь — адзін вялікі ЛТП, дзе адны — залежныя, другія — сузалежныя, а вертыкаль уся з ахоўнікаў і вахцёраў.

Пры дапамозе ТВ ствараецца імідж незаменнасці лідара, выгляд бурнай дзейнасці, фармуецца глядацкае прывыканне. Я лічу, што калі штодзень паказваць у навінах якогась асаблівага ката ці папугая, то і яны стануць членамі кожнай сям’і.

4. Дзіўны падбор студыйнай масоўкі пры абмеркаванні нейкіх злобадзённых (на погляд тэлевізійнікаў) пытанняў. Права на слова маюць толькі запрошаныя госці — чыноўнікі ўстаноў і ведамстваў і зоркі мясцовага разліву. Астатнія ў студыйным амфітэатры адбываюць час, бязмоўныя і безгалосыя, не здольныя схаваць сваю незацікаўленасць тэмай і перадачай.

За апошнія паўгода сапраўднай бядой для нас сталі расійскія праграмы навін, дзе ўсе тэмы задушыла адна — вайсковая. Мала сказаць, што Украіна дамінуе ў выпусках маскоўскіх навін. Яна перакрыла ўсё — як быццам у Расіі не засталося ўласнага палітычнага, сацыяльнага і культурнага жыцця.

Там, дзе хапіла б аднаго сюжэта, ідзе размусольванне на тры-чатыры. У вушы свету цэдзіцца атрута. Усё роўна калі б хто падпаліў чужы дом, а потым першы крычаў “Пажар! Пажар!” ды яшчэ дэманстратыўна прытуліў пагарэльцаў. “Мы ўважліва сочым за ўсім, што адбываецца на Украіне. Вялікая бяда!” — паспачуваў той, што кінуў галавешку на ўсходзе Украіны.

Нас, беларусаў, літаральна нацкоўваюць на краіну-суседку. Калі такія навіны рэгулярна глядзець ды яшчэ верыць ім, то станеш або дэбілам-русафілам, або неўротыкам. Такія перадачы не толькі шкодныя для здароўя гледачоў, але і шмат у чым супярэчаць афіцыйнай пазіцыі кіраўніцтва Беларусі і яе адлюстраванню ў нашых СМІ.

Некаторыя аналітыкі лічаць, што гэта страх перад НАТА так пераклініў расійскае кіраўніцтва. Насамрэч гэта глыбінны, жывёльны страх перад свабодай. А журналісты сталі заложнікамі палітыкі, якая грунтуецца на страху.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.