Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Стварэнне клана латыфундыстаў у Беларусі

Пад выглядам “дабрачыннага” рашэння на працягу двух з паловай гадоў будуць ліквідаваныя апошнія калгасы…

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

 

14 ліпеня 2014 года Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам прэм’ер-міністра, кіраўніка працоўнай групы па рэфармаванню сельскай гаспадаркі краіны, заявіў, што неэфектыўныя сельгаспрадпрыемствы будуць прыватызаваныя ў выпадку, калі яны на працягу года не выйдуць на бязстратную працу. А 17 ліпеня ён падпісаў аж чатыры указы, падрыхтаваныя працоўнай групай для рашэння праблемных пытанняў у аграпрамысловым комплексе.

Адзін з іх, Указ №349 “Аб рэарганізацыі калгасаў (сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў )”, вызначае, што калгасы (СВК) да 31 снежня 2016 года належаць да пераўтварэння ў гаспадарчыя таварыствы або камунальныя прадпрыемствы. Пры гэтым пры пераўтварэнні калгасаў у гаспадарчыя таварыствы, долі ў статутных фондах гэтага таварыства размяркоўваюцца паміж фізічнымі асобамі — членамі пераўтвараемага калгаса і адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай, на тэрыторыі якой ён размешчаны. Такім чынам, пад выглядам “дабрачыннага” рашэння на працягу двух з паловай гадоў будуць ліквідаваныя апошнія 347 яшчэ існуючых у Беларусі калгасаў. Для даведкі: напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашай краіне дзейнічала больш як 2,5 тыс. сельгас прадпрыемстваў, з іх — каля 1,5 тыс. калгасаў.

Са слоў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Л.Зайца, Указ прэзідэнта па пераўтварэнню калгасаў спросціць працэдуру продажу сельгаспрадпрыемстваў для прыцягнення інвестыцый. Дакумент створыць прававую нарматыўную базу для арганізацыі калгасамі новых суб’ектаў з мэтай “вываду іх на больш высокі ўзровень гаспадарання”. Прыняццё такога дакумента, па словах міністра, вызвана яшчэ і тым, што на сённяшні дзень статуты калгасаў страцілі сваю значымасць і не адпавядаюць сучасным заканадаўчым нормам. Яны таксама ўваходзяць у супярэчнасць з Падатковым кодэксам.

На першы погляд, чытаючы падобныя рэляцыі, можа падасца, што беларуская дзяржава, беларускае чынавенства ўсяляк імкнуцца праявіць вялікі клопат аб сялянстве, аказаць яму неабходную падтрымку.

Але ж насамрэч гэта не так.

Адначасовым прыняццём ажно чатырох Указаў па сельскай гападарцы (чаго ў гісторыі Беларусі яшчэ не назіралася) кіраўніцтва краіны практычна ўзаконіла рабаўніцтва сялянства, якое працягваецца ў нашай краіне пад выглядам правядзення рэформаў ужо больш за 10 апошніх год.

Больш дзесяцігоддзя ў нашай краіне пад выглядам рэфармавання сельскай гаспадаркі інтэнсіўна ідуць працэсы зліцця двух-трох суседніх гаспадарак у адну і перавод новаствораных гаспадарак у гаспадаркі з новай формай ўласнасці. Былыя калгасы, саўгасы пераўтвараюцца ў ААТ (Адкрытыя акцыянерныя таварыствы), ЗАТ (Закрытыя акцыянерныя таварыствы), сельскагаспадарчыя кааператывы, якія надалей перадаюцца ў распараджэнне або ўласнасць новым гаспадарам.

Праз прыняццё новых заканадаўчых актаў, што не прадугледжваюць роўныя правы для грамадзян Беларусі па прыватнай ўласнасці на зямлю, як і ў гады існавання савецкай ўлады, беларуская дзяржава імкліва выбівае з селяніна апошнія рэшткі пачуцця ўласніка, гаспадара свайго жыцця.

Як і ў далёкія 20-ыя, 30-ыя гады мінулага стагоддзя ў часы калектывізацыі , калі сялянства сілай пазбаўлялася прыватнай уласнасці на зямлю, на сродкі вытворчасці і заганялася ў калгасы, беларускія ўлады зноўку прымаюць рашэнні па рэфармаванню сельгаспрадпрыемстваў, нават не цікавячыся меркаваннямі сённяшніх калгаснікаў, і бессаромна пазбаўляюць іх калектыўнай уласнасці.

Як гэта ўсё адбываецца? Ды вельмі проста…

Разгледзім гэты працэс на прыкладзе былога калгаса імя М.В.Фрунзэ Шклоўскага раёна, землі якога размяшчаюцца ўздоўж аўтадарогі Санкт-Пецярбург – Адэса.

Гаспадарка была створаная ў далёкім 1929 годзе і заўсёды па выніках дзейнасці з’яўлялася адной з найлепшых у раёне. У 2002 годзе да яе быў далучаны суседні калгас “Запаветы Леніна”. У 2003 годзе калгас быў пераўтвораны ў ЗАТ “Любініцкае”.

Агульная плошча гаспадаркі склала 5602 га, з іх 5243 га – сельскагаспадарчыя ўгоддзі, у тым ліку ворыва – 4232 га. Агульная колькасць працуючых у гаспадарцы — 224 чалавекі.

У 2005 годзе пад выглядам “дабрачыннага паступка” - быццам бы з мэтай выратавання былога калгаса і дапамогі былым калгаснікам, — акцыі сельскагаспадарчага прадпрыемства ЗАТ “Любініцкае” набыло мінскае ААТ “Амкадор” – буйнейшае на тэрыторыі СНД прадпрыемства па вытворчасці дарожнай і камунальнай тэхнікі . З гэтае пары сельгаспрадпрыемства стала называцца ЗАТ “Амкадор — Шклоў”.
У выніку калгаснікаў былога калгаса імя Фрунзэ пазбавілі калектыўнай уласнасці на маёмасць – тэхніку, пагалоўе буйной рагатай жывёлы, свіней, вытворчых памяшканняў і г.д. Зроблена ўсё гэта было такім жа чынам (хоць гэта зараз выглядае і прыгажэй), як калісьці гэта рабілі з іх дзядамі і прадзедамі ў далёкім 1929 годзе, заганяючы іх у калгасы і пазбаўляючы прыватнай уласнасці.

Канчатковая ідэя ўсіх гэтых пераўтварэнняў, атрымаўшая, па задумцы камбінатараў, лагічнае завяршэнне, стала зразумелая толькі амаль праз восем год – 25 сакавіка 2013 года, калі на Беларускай валютна-фондавай біржы адбылася здзелка па продажы акцый ААТ “Амкадор”.

У выніку ўладальнікам 562 тысяч 457 акцый “Амкадора”, што складае 53,64% статутнага фонду, стала наваполацкая кампанія ТАА “Інтэрсервіс”, гаспадаром якой з’яўляецца Мікалай Варабей, прыбліжаны да Лукашэнкі. Такім чынам, набыўшы кантрольны пакет акцый ААТ “Амкадор”, М.Варабей стаў яшчэ аўтаматычна і “латыфундыстам” — уладальнікам вялікага сельскагаспадарчага прадпрыемства з тысячамі гектараў зямлі.

І гэта не адзіная здзелка па прыватызацыі сельскагаспрадпрыемстваў у Беларусі. Прыхаваныя працэсы “прыхватызацыі” маёмасці ў нашай краіне ідуць поўным ходам, дзе, нярэдка бывае, сапраўднага гаспадара вылічыць вельмі складана. Пры гэтым беларускае чынавенства імкнецца пераканаць усіх нас, што зямля ў прыватную ўласнасць у Беларусі нікому не патрэбная.

Яшчэ больш нахабным вобразам абышліся з калгасам “1 Мая” Шклоўскага раёна , які тры гады таму назад быў далучаны да ААТ “Александрыйскае”. На працягу двух дзён пасля ліквідацыі калгаса у Александрыю была вывезеная ўся жывела, тэхніка, абсталяванне, а на працягу двух месяцаў зліквідаваная, зцёртая з твару зямлі вытворчая база былога калгаса. А калгаснікі з гаспадароў ператварыліся ў нікому непатрэбных беспрацоўных…

Падобным чынам беларускае чынавенства распарадзілася і з іншымі гаспадаркамі, напрыклад, калгасам імя Леніна Бялыніцкага раёна, у свой час — адной з лепшых гаспадарак краіны.

Стан “жабрака”, а не гаспадара на сваёй зямлі замацоўваецца беларускім чынавенствамі сярод сялянства яшчэ і праз мытарствы фермераў, праз навязванне думкі, што зямля беларускаму сялянству, як прыватная ўласнасць, непатрэбная.

Такім чынам, рэпрэсуючы базавы ўласніцкі інстынкт беларускага сялянства, вышэйшае чынавенства краіны імкнецца дасягнуць адной мэты — здзейсніць у бліжэйшай перспетыве міжкланавую прыватызацыю зямлі.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.