Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Чаму не сябруюць транспартнікі з дарожнікамі

Собіла ж нам прыдбаць хату ў “ціхай” вёсцы...

Галіна Каржанеўская

Галіна Каржанеўская. Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і шмат гадоў — у газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Собіла ж нам прыдбаць хату ў “ціхай” вёсцы! Ціхая аказалася закінутай і занядбанай. Край Валожынскага раёна, Міншчына, а здаецца — край свету. Вуліца не заасфальтавана, хлявы правалены, бур’яны бушуюць, сметнікі дзе ўздумаецца. Начальства мы ў вочы не бачылі. Нас не цураецца толькі ракаўскі бацюшка, які раз на год асвячае крыж на ўскрайку. Сёлета на гэтую цырымонію — з упрыгожваннем крыжа, абкошваннем пятачка і чаканнем на сонцапёку — сабралася звыш 25 чалавек: дачнікаў-ураджэнцаў вёскі, проста дачнікаў і мясцовых жыхароў (апошніх тут мала).

Наша вёска размешчана якраз пасярод дарогі Ракаў — Пятрышкі, ды яшчэ з кіламетр убок. Кожны дабіраецца сюды асвоенымі шляхамі: хто да Гіравіч, а потым 3 км пехатой, хто да Старога Ракава — і зноў ножкамі, хто ўвогуле электрычкай да Анусіна, а пасля, з грузам, партызанскімі сцежкамі да роднай вёскі. Кагось падвозяць сыны ці зяці. Самыя шчаслівыя — на ўласных аўто. Да нашага паварота нішто з электрычкі не даходзіць. Я не аднойчы задумвалася: можа, нас няма на карце раёна?

У Ракаўскі сельскі савет звяртацца няма сэнсу, не будзе ні адказу, ні выніку (праверана). Дык мы напісалі перш у Валожынскі выканкам, а потым у дзве абласныя ўстановы: “Мінаблтранс” і “Мінаблдарбуд”. Даводзілі, што нам сюды цяжка даехаць, цяжка выбрацца, прасілі на летні сезон прадоўжыць аўтобусны маршрут “Станцыя Радашковічы — Гіравічы”, скардзіліся за забалочанасць вёскі, і яшчэ для парадку абазначылі пару-тройку праблем.

Валожынскае кіраўніцтва адказала неяк асцярожна і толькі адносна транспарту. Тыпу — у парадку эксперыменту і пры наяўнасці пасажыраў, на адзін год… Пра іншыя пункты нашага звароту — маўчок.

Дарожнікі нас засмуцілі. Яны пішуць адмовы, не чытаючы лістоў. У адказе яны паведамілі пра цяжкасці: маўляў, у Валожынскім раёне большасць асфальтавых пакрыццяў у аварыйным стане, і пакласці асфальт да нашай вёскі няма магчымасці. Пасмейцеся разам з намі: нам адмовілі ў тым, чаго мы не прасілі!

Самымі ўдумлівымі і згаворлівымі аказаліся транспартнікі вобласці. Паехалі паглядзець дарогу і вёску, самі тэлефанавалі, высвятлялі сітуацыю. Яны ўвогуле не супраць працягнуць маршрут да нашага паварота, і сапраўды зрабілі гэта (на адзінкавыя рэйсы), але ж мы хочам немагчымага — прыпыначнага пункта з раскадам руху. Звычайнага слупа на павароце. Якраз на гэтым і застопарыўся наш дыялог з абласнымі ўладамі.

Вы спытаеце, пры чым тут слуп? Бо стацыянарныя вулічныя прыпынкі з дахамі — для гарадскіх белых людзей. Нам, з чорненькімі спінкамі, толькі б слупочак пад раскладзік. Інфармацыя нам патрэбна, бо думак у галовах не чытаем. Заўважце: для маршрутак на дарозе слупы (цьфу, прыпыначныя пункты) паставілі, імі ж карыстаецца і грамадскі транспарт.

І тут пачынаецца самае цікавае. Справа ў тым, што аўтобусны расклад вешаюць транспартнікі, а слуп пад яго ўстаноўліваюць дарожнікі. Напачатку яны таргаваліся і ківалі адзін на аднаго. Нам далі зразумець, што гэты “Дарстрой” — арэшак цвёрды і ўкопваць слуп так проста не кінецца. Звычайна яны кажуць, што на гэты год такая пазіцыя не запланавана альбо што на яе не хапае сродкаў. (Падумайце толькі — да чаго збяднелі!..) Заяўка ім ад транспартных службаў зроблена, але адказу пакуль няма. Я вызваніла адпаведны аддзел. Дарожнікі ветліва паразмаўлялі і не паленаваліся адкрыць па камп’ютэру звесткі. Дык у вас жа, кажуць, шэсць чалавек прапісана. Каго вазіць?

Такой думкі прытрымліваюцца і валожынскія транспартнікі. “Нікога ў вас няма, — даводзіў мне па тэлефоне начальнік транспартнага філіялу. — Адзін хлопчык ездзіць”.

Як ім давесці, што мы ёсць і нам неяк трэба дабірацца да сваёй нерухомасці?! Мы ўрабляем нашы агароды, даглядаем соткі, рамантуем будынкі, абкошваем узмежкі, садзім кветкі — падтрымліваем згасаючае вясковае жыццё, але нас, дачнікаў, відавочна, за пасажыраў не лічаць. Нас, пенсіянераў з сумкамі і ванзэлкамі, з артрозамі і варыкозамі, чамусьці ігнаруюць. Няўжо нам трэба на раёнах прапісацца, каб нас нарэшце прызналі за людзей?

У працэсе перазвонаў і перапісак высветлілася акалічнасць, на якую раней мы не звярталі ўвагі. На ўсёй дарозе ад станцыі да Гіравічаў няма ніводнага аўтобуснага прыпынку і, натуральнага, ніводнага раскладу. Ніякага абазначэння, што ходзіць аўтобус, няма каля вакзала ў Пятрышках. Звестак пра яго не закладзена ў тэлефонную даведку. Засакрэчаны нейкі рэйс! Згаданы начальнік сектару перавозак К.І. Рэут адмахнуўся ад майго здзіўлення, як ад мухі: “Ой, гэта ўвогуле не наш раён!”. Мінскі, значыцца.

Адбыўся інсайт у галаве. Дык вось чаму знаёмая вёска Пільніца пазбаўлена сувязі з блізкім Івянцом: яна належыць да Стаўбцоўскага раёна! Няўжо і раёны гэтаксама “сябруюць”, як транспартнікі з дарожнікамі?

І тут мы выходзім на праблему не мясцовага і не дачнага значэння. Як распрацаваць аптымальныя маршруты, каб павялічыць пасажырапаток? Як сумясціць рэнтабельнасць з сацыяльна арыентаванай эканомікай? Дэмаграфічная сітуацыя даўно памянялася. Колькі б людзей на вёсках ні засталося, ім патрэбен грамадскі транспарт — хаця б для таго, каб іх маглі наведваць дзеці з гарадоў. (Што дачнікаў у разлік абласнікі не бяруць, мы ўжо ведаем.)

У мінулым годзе быў адменены рэйс Мінск — Яўсеевічы. Без сувязі з абласным цэнтрам засталіся аграгарадкі Капыльскага і Слуцкага раёнаў (Грозава, Праснакі, двухтысячны Грэск), Грозаўская школа-інтэрнат у Канюхах і шмат прылеглых вёсак. Да сіротаў зараз не могуць наведацца родзічы. Што нашы 30 подпісаў! Там звыш трохсот сабралі — з нулявым пакуль што вынікам.

Ініцыятар звароту слуцкая актывістка Зінаіда Цімошак зрабіла ўсё магчымае, каб апавесціць вышэйшыя інстанцыі. “Спасылка на нерэнтабельнасць маршруту не з’яўляецца падставай для ліквідацыі сувязі вёскі з абласным цэнтрам”, — піша яна ў суправаджальным пісьме ў Адміністрацыю прэзідэнта і ў Міністэрства транспарту. Хто пачуе?!

Адмову капылянам і случакам падмахнуў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама А.В. Мірчук. Ну, была я ў яго на прыёме. Там з паўдзесятка лбоў з розных ведамстваў рабіла выгляд, што запісвае заўвагі і прапановы. Але на мяжы двух раёнаў па-ранейшаму бегае туды-сюды мясцовы Лятучы галандзец, на станцыі ў яго напіхваецца шмат жадаючых трапіць на свае соткі. Па ходу руху — некалькі дачных пасёлкаў і адна вялікая вёска Туркаўшчына. Дачнікаў высаджваюць у патрэбных (не абазначаных) месцах, там жа яны збіраюцца купкамі, каб іх адвезлі назад да станцыі. А лісткі з раскладам раздае кіроўца аўтобуса.

Ох ужо гэтая паўсюдная беднасць, гэтая экономія на вадзе, калі ўсё прапіваецца на гарэлцы!.. Але Мінская вобласць чамусьці пабагацець не хоча. Па суботах мясцовы аўтобус курсіруе адно да 12-ці гадзін дня. А асноўны паток дачнікаў у выхадныя і святочныя развозяць… ну так, маршруткі.

Яны малайцы, свайго не ўпусцяць. Але і яны не хочуць да нас перціся па гравейцы. Не, я не супраць прыватных перавозак. Без іх мы б зусім прапалі, гэта зручны і мабільны пасажырскі транспарт. Але ўзнікае законнае пытанне: чаму дзяржтранспарту без выгады тое, на чым зарабляе прыватны бізнес? Дачная зона пры электрычцы — гэта ж залатая жыла! Тут больш пераварочваецца народу, чым у сталіцы на вакзале. На добры толк, просіцца рэйс Пятрышкі — Ракаў, які лагічна злучыць усю дачна-вясковую лінію.

Шаноўныя! Хопіць жыць, як пры цары Гароху! Каб больш было пасажыраў, забяспечце людзей візуальнай інфармацыяй. Прадумайце лагістыку. Арганізуйце дадатковыя рэйсы з Радашковічаў або Мінска. Ці вам не трэба нашы грошы?

Знайшліся ж яны ў дзіравай дзяржаўнай кішэні для чэмпіянату, для пампезнага Дня незалежнасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Хапіла сродкаў, каб перавярнуць Заслаўе да свята беларускага пісьменства. А мы тут аднаго слупа не можам выпрасіць у вяльможных дарожнікаў — у іх, нябось, таксама круцяцца мільёны.

І адна нязбытная мара пасялілася ў маёй галаве: што аднойчы па нашай дарозе праедзе круты экскорт з мігалкамі. (Ці мала што? Сюды ж кальцавая падбіраецца.) Дзеля такога выпадку з гродненскай шашы ў бок Кучкуноў зробяць бяспечны з’езд, пакладуць асфальт на гравейныя прамежкі, а прыдарожнуую паласу прывядуць у людскі выгляд. Усё гэта — ў рэкордны тэрмін, без усялякай перапіскі і валакіты. “Мечты, мечты, где ваша сладость?..”

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.