Глеб Лабадзенка. БЕЛАРУСЬ. Ідэальны беларус

Наймацнейшае ўражаньне прамінулага тыдня — выхад на волю Паўла Севярынца…

Фота Джона Кунстадтэра

Глеб Лабадзенка. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Коласаўскі ліцэй (2004), журфак БДУ (2009). Працуе журналістам ад 2000 году. У 2004-2008 гадох – у газэце “Комсомольская правда” в Беларуси”, у 2009-2011-х – у “Звяздзе”. Ад 2011-га – фрылансер.

Выдаў кнігі “Pager-вершы” (2005), “дзіцячая заМова” (2013), уклаў непадцэнзурнае выданьне “Ладдзі Роспачы” Уладзімера Караткевіча (2010). Інтарэсы – дасьледваньне гісторыі роду Радзівілаў, архітэктура, краязнаўства, вандроўкі па Беларусі. Ад 2007 году вядзе блог.


Наймацнейшае ўражаньне прамінулага тыдня — выхад на волю Паўла Севярынца.

Канешне, гэта неверагодна — прайсьці праз зьдзекі, прыніжэньні ды вычужнасьць — і застацца такім сьветлым ды шчырым. Зусім неашчэрыўшымся, незацкаваным, незаторганым.

Павал правёў тры гады на “хіміі” нізашто. За тое, што ўзначальваў штаб аднаго з кандыдатаў на прэзідэнта з сумнеўнай рэпутацыяй. Які, аднак, апынуўся на волі менш чым праз два тыдні. А Павал Севярынец адматаў свае тры гады ад званка да званка.

І выйшаў ня тое, што не зламаны — выйшаў акрылены, натхнёны, у цудоўнай форме і ў добрым гуморы.

…Прыгадваю, як 8 гадоў таму давялося рабіць інтэрвію са славутым прафесарам Юрыем Бандажэўскім, які адбыў амаль 8 год у зьняволенні нібыта за хабар — а насамрэч за тое, што ўголас казаў пра нязьніклыя шкодныя наступствы Чарнобылю.

Апошнія гады зьняволеньня Бандажэўскі правёў на “хіміі”, дзе працаваў пастухом. У ягоныя абавязкі ўваходзіла таксама механічнае даеньне кароў. Нетактоўны малады журналіст спытаўся ў прафесара з сусьветным іменем, ці ўдалося яму падняць надоі ў калгасе? На што Бандажэўскі рэзка адказаў: “Яшчэ адно такое пытаньне, мы скончым, і я запару вам інтэрвію. Вядома, прафесар на ферме — гэта зьдзек, плявок мне ў душу. Нават калі мяне прымушалі прылюдна месьці двор, я мёў яго. Але гонар у мяне застаўся”.

Вось менавіта так — гонар застаўся і ў Паўла Севярынца. Зь яго таксама зьдзекваліся хоць бы ў побытавай драбязе. Скажам, у будынку, дзе жылі “хімікі”, не было гарачай вады. Калі Павал апынуўся там — паплечнікі набылі і прывезьлі бойлер. Не персанальна Севярынцу — усім. Калі ласка, мыйцеся! Бойлер адмовіліся прыняць — “не паложана”.

Працяглы час у будынку ня дзейнічала кухня. І асуджаныя вымушаныя былі гатаваць сабе ежу, карыстаючыся ракавінамі ў сарціры.

І гэта — на “хіміі”. Якая, як ні круці, лепей за турму і калонію. А што ж тады робіцца ў турмах і калоніях? Празь якія зьдзекі і катаваньні праходзяць Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Яўген Васьковіч ды іншыя зьняволеныя? Ня толькі палітычныя, а ўвогуле ўсе.

Празь якія — вядома. Напрыклад, ад Зьмітра Дашкевіча. Які таксама выйшаў нязломленым, яшчэ больш мужным. Выйшаў героем — на злосьць гоблінам. Зміцер ня кінуўся распавядаць, як яму было там цяжка. І толькі па ўскосных сьведчаньнях мы даведаліся, як у адной калоніі супрацоўнікі зьбівалі яго нагамі на падлозе, а ў другой для гэтай мэты ў камэру заходзілі некалькі зэкаў — і зноў жа пачыналі зьбіваць яго. І так — таксама тры гады.

Калі яшчэ Павал Севярынец быў у Купліне, давялося наведаць яго. Начуты пра тыя жахлівыя ўмовы, чакаў пабачыць незадаволенага чалавека, які будзе скардзіцца на ўвесь гэты зьвярынец. Дзе ж там! Павал пачаў завіхацца, скіпяціў імбрык, вынес у альтанку патэльню з дранікамі (прывёз нехта з папярэдніх пераведнікаў). І калі распавядаў пра куплінскую ссылку — то выключна з іроніяй, па-філасофску.

Павал назваў гэтыя тры гады духоўным падарожжам. Колькі ён напісаў за гэты час! Будучая кніга “Беларуская глыбіня” — энцыклапедыя Пружанскага краю, прызнаньне ў каханьні той зямлі. Уявіце толькі: пасьля працоўнага дня (Павал рабіў на складзе аўтазапчастак), памыўшыся ледзяною вадою, пад’еўшы згатаванае ў сарцірнай ракавіне ежы — чалавек сядаў і выдаваў эсэ, якія кожнаму сьвятару бяры ды чытай у якасьці казані. Узвышаныя, інтэлектуальныя, пранікнёныя, духоўныя, сьветлыя.

Я ня ведаю іншых такіх людзей, як Павал Севярынец. Яшчэ да ягонай адсідкі, памятаю, некаторыя кпілі зь ягонага гадзіньніка “Электроніка” і адной-адзінай кашулі, у якой ён фігураваў на ўсіх урачыстасьцях і трапляў на ўсе здымкі. Вось дзе чалавек без аніякага шкурнага інтарэсу — дык гэта Севярынец!

…Вобраз ідэальнага беларуса добра вывеў у сваёй навэле “Ладдзя Роспачы” наш нацыянальны геній Уладзімiр Караткевіч: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаваньне і плюе на “спрадвечны” закон”.

Такі і быў Гервасій Выліваха, герой Караткевіча — разумны і рашучы. Такі, напэўна, быў і сам Караткевіч. Такі ёсьць Севярынец.

Павал робіць нечакана, як на сёньняшнюю большасьць: на зло адказвае ўсьмешкай, даруе нягоднікам, не вядзецца на матэрыяльныя спакусы, жыве з Богам у душы і ў справах.

Працуе ў поўную сілу — гэтак, як трэба навучыцца цяпер кожнаму з нас, хто зьбіраецца дажыць да сьветлага заўтра. Севярынец і севярынцы ў шырокім сэнсе — не супрацьвага сёньняшнім палітычным недарэкам. Павел — зьмест, які прыйдзе замест.

Я рады за Паўла, што ён на волі. Рады, што ён такі ў Беларусі ёсць.

І калі Павал надумае зьдзейсьніць яшчэ якое духоўнае падарожжа — то хай адпраўляецца экспанатам у Палату мераў і вагаў пад Парыжам, дзе захоўваюцца розныя эталоны. Будзе сядзець там ад 9.00 да 17.00 за шклом з цыдулкай “Ідэальны беларус. Ужыць, калі ўсё стане на свае месцы”.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.