Аляксей Дзермант. ЭТНАСФЕРА. Нацыя як рытуал

Дагэтуль не спыняюцца спрэчкі пра азначэнне нацыі...

 

Аляксей Дзермант

Аляксей Дзермант. Філосаф, этнакультуролаг. Нарадзіўся ў 1979 годзе. Скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, аспірантуру Інстытута філасофіі НАН Беларусі, выкладаў гісторыю палітычных ідэй Беларусі ў ЕГУ. Сфера навуковых зацікаўленняў — беларуская і балцкая міфалогія, праблемы этнагенезу беларусаў, палітычная і этнічная гісторыя Беларусі, філасофія традыцыяналізму. Аўтар больш як 40 публікацый у навуковых і навукова-папулярных выданнях Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі.

Дагэтуль не спыняюцца спрэчкі пра азначэнне нацыі. Для адных гэта супольнасць, што грунтуецца на ўяўленні аб супольным паходжанні, супольнай культуры і мове, для другіх — гэта супольнасць грамадзянаў рознага паходжання.У пэўным сэнсе прыхільнікі абодвух падыходаў маюць рацыю, бо любая нацыя мае ўласныя карані, этнічнае ядро. І калі ў палітычнай супольнасці, якая ўлучае прадстаўнікоў розных этнасаў, размываецца ўласнае ядро, то і нацыя непазбежна распадзецца на атамы.

Зрэшты, ёсць і яшчэ адно гледзішча: мы жывем у постнацыяльную эпоху, гэта значыць у час, калі нацыянальныя дзяржавы сыходзяць у нябыт, а на іх месца прыходзяць лакальныя супольнасці і звышнацыянальныя палітычныя ўтварэнні.

Здаецца, нацыі як супольнасці з уласнай палітычнай традыцыяй, укарэненыя ў пэўным лінгвакультурным і гістарычным ландшафце, яшчэ рана хаваць, пагатоў, разам са зменаю часу можа змяніцца і само разуменне нацыі. Змены непазбежна адбываюцца, але нешта ўсё адно застаецца. Можа змяніцца мова і змест культуры, можа змяніцца палітычная форма і грамадзянства, але што будзе трывалым?

Адна з такіх рэчаў — гэта рытуал. Рытуал, абрад, цырымонія здаўна былі традыцыйным чынам умацавання трываласці Сусвету, упарадкавання яго ды забеспячэння раўнавагі. Нездарма калектыўная памяць нацыі патрабуе сімвалічных дзеянняў: нацыянальных і рэлігійных святаў, ушанавання герояў, вайсковых парадаў ды ўрачыстых сходаў. То бок, рытуалаў.

У Беларусі ўжо амаль 18 гадоў існуе сімвалічна-рытуальная падвоенасць. Афіцыйныя чырвона-зялёны сцяг і герб савецкага ўзору маюць блізнятамі бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню”. 25 сакавіка і 3 ліпеня, 23 лютага і 8 верасня, Купалле, што святкуецца два разы — 22 чэрвеня і 6 ліпеня, праваслаўныя і каталіцкія Каляды. Падвоенасць сімвалаў, святаў, рытуалаў. Вядома, можна спрачацца пра іх гістарычную і астранамічную абгрунтаванасць, стылёвасць і адпаведнасць той або іншай версіі нацыянальнай ідэнтычнасці. Але найважнейшым здаецца іншае.

Сама па сабе гэткая падвоенасць не ёсць заганнай, бо ў грамадстве заўжды будуць існаваць розныя супольнасці з рознымі ідэнтычнасцямі ды сімваламі, важна, каб іх дыялектыка і пэўная канкурэнцыя мела станоўчую дынаміку, якая б узмацняла ўсю супольнасць. Прыкладам, 9 траўня святкуецца бальшынёй беларусаў як свята перамогі нашага народу ў вялікай вайне. Факт ёсць фактам, перамога ёсць перамогай. Але ці змест гэтага свята не стаў зусім іншым, а таму пустым? Свята перамогі тады застаецца праўдзівым, калі ўсё найістотнае, што было з ёй звязана, застаецца актуальным, без крывадушнасці і бутафорыі, пазбаўленым гістарычных спекуляцый. Перамога — гэта звышвысілкі цела і духу, гэта настрой, гатовы да мабілізацыі і наступу, а не паразніцтва і расслаблены адпачынак. Таму і ў рытуалах перамогі няма месца няшчыраму пафасу, а лепшай перамогай, якая гартуе нацыю, ёсць тая, што яшчэ наперадзе.

Рытуал мае большы вынік, калі ён не ўзяты са столі, не прыдуманы знянацку. Самыя трывалыя нацыі — тыя, што маюць доўгую памяць і рытуалы, выпрабаваныя часам. Вялікдзень, Юр’е, Купалле, Багач, Дзяды, Каляды, народзіны, вяселле, хаўтуры — спрадвечныя кропкі нашага народнага календару, якія задаюць часавыя параметры калектыўнай ідэнтычнасці, вяртаюць да вечных сэнсаў ды вызначаюць месца чалавека ў колазвароце жыцця. Святы ўлады, магуты і перамог таксама патрэбныя, але працуюць яны толькі тады, калі не ёсць настальгічным позіркам у мінулае, але жывым напамінам пра будучыню.

Па вялікімі рахунку, нацыя — гэта і ёсць калектыўны рытуал. Так, у кожнага ён свой, у сваім часе ды месцы. Але сярод рознагалосся нагодаў і перажыванняў, сярод спаборніцтва мэтаў і імкненняў нараджаецца сінэргія і адзінства па той бок часовых адрозненняў.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.