Антон Тарас. ПУЛЬС. ЕС і таямніцы патрыцыяў

Пасля скандалу з Літвой, ЕС належыць сур\'ёзна задумацца пра тое, каб апублікаваць інфармацыю пра рахункі беларускіх чыноўнікаў і прыдворных бізнесменаў...

Антон Тарас (31 ліпеня 1983, Мінск). Карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Працаваў перакладчыкам англійскай мовы ў галіне СМІ. Прафесійныя цікавасці: міжнародныя стасункі, правы чалавека.


Гэткім чынам, пракалолася Літва. Мінюст гэтай краіны, якая заяўляе пра сваё імкненне спрыяць дэмакратычным пераменам у Беларусі, дапамог беларускім органам раздабыць канфідэнцыяльную інфармацыю пра рахункі нашых праваабаронцаў у вільнюскіх банках. Цалкам верагодна, што літоўцы рассакрэцілі і рахункі іншых дзеячаў дэмакратычнай апазіцыі, проста пра гэта стане вядома крыху пазней.

У сувязі з гэтым, даволі цікавай уяўляецца заява вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. Дыпламат выказала занепакоенасць “наконт паведамленняў пра тое, што ўлады ў Мінску затрымалі спадара Алеся Бяляцкага, выбітнага праваабаронца”. Яна заклікала беларускія ўлады неадкладна праясніць прычыны гэтага затрымання.

З дыпламатычнай мовы заяву належыць перакладаць наступным чынам:

1. Патрабуючы тлумачэнняў, баранэса Эштан не спяшаецца заклікаць вызваліць Бяляцкага. (Што ж, магчыма такія тлумачэнні будуць ёй дадзены: маўляў, Бяляцкі — злачынец, які хаваў падаткі).

2. У момант падрыхтоўкі заявы баранэса Эштан наогул не была ўпэўнена, што Бяляцкага затрымалі. Інакш бы яна непакоілася не наконт паведамленняў пра арышт, а наконт самога арышту.

Гэта сёе-тое кажа пра інфармаванасць ЕС аб беларускай сітуацыі. Зрэшты, пасля таго, як Еўрасаюз уключыў у спіс неўяздных беларускіх чыноўнікаў аднаго чалавека, які ўжо памёр, а яшчэ аднаго ўключыў двойчы, гэтая скупая інфармаванасць — ужо не навіна.

Санкцыі Еўрасаюза — забарона шэрагу беларускіх чыноўнікаў уезду на яго тэрыторыю і замарозка іх рахункаў, а таксама санкцыі ў дачыненні да звязаных з бізнесменам Уладзімірам Пефціевым кампаній і абмежаванне на пастаўку ў Беларусь неключавых для яе ўзбраенняў — не стварылі эфект. Калі б яны стварылі эфект, дык Алесь Бяляцкі знаходзіўся б зараз дома, а не ў следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Пасля скандалу з членам Еўрасаюза — Літвой, ЕС належыць сур'ёзна задумацца пра тое, каб апублікаваць інфармацыю пра рахункі беларускіх чыноўнікаў і прыдворных бізнесменаў, што знаходзіліся ў банках на яго тэрыторыі да ўвядзення Саветам ЕС санкцый 31 студзеня 2011 года, а таксама пра праводкі па гэтых рахунках.

Публікацыя гэтай інфармацыі — адна з нямногіх магчымасцяў тэрмінова аднавіць давер грамадзянскай супольнасці да Еўрасаюза пасля дзеянняў Літвы. У дзень, калі затрымалі Бяляцкага, пра падрыў гэтага даверу пісаў у сваім блогу мастацкі кіраўнік “Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін (ён жа першым заявіў пра датычнасць Вільнюса да гэтага затрымання): “Літоўскае кіраўніцтва у чарговы раз здрадзіла беларускім дэмакратычным сілам, і ў чарговы раз падарвало веру беларусаў у тое, што Еўропа шчыра жадае сцерці са сваёй карты ганебную пляму дыктатуры”.

Акрамя таго, публікацыя рахункаў беларускіх чыноўнікаў і шэрагу бізнесменаў акажа пэўны эфект на грамадскае меркаванне ў Беларусі. Падобным чынам публікацыя дэпеш WikiLeaks у некаторай ступені спрыяла пераменам у Паўночнай Афрыцы.

Канешне, раскрыццё рахункаў абвострыць беларуска-еўрапейскія стасункі і звузіць магчымасці для дыялога, скажуць яго прыхільнікі. У адказ беларускі рэжым можа перакрыць мяжу для прадстаўнікоў айчыннай грамадзянскай супольнасці...

З іншага боку, і спроба дыялога з уладамі, мягка кажучы, не апраўдала надзеі. Рэжым усё тужэй закручвае гайкі, і сітуацыя з Алесем Бяляцкім — чарговае таму пацверджанне. Калі ЕС не пяройдзе да рашучых дзеянняў, у Беларусі не толькі з'явяцца новыя палітзняволеныя, але хутка зноў пачнуць прападаць палітыкі. Публікацыя рахункаў беларускіх чыноўнікаў і прыдворных бінзнесменаў у банках на тэрыторыі ЕС да канца студзеня гэтага года, а таксама праводак па гэтых рахунках, павінна стаць адным з такіх дзеянняў.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.