Рыгор Кастусёў. САЛІДАРНАСЦЬ. Што рабіць далей

Патрыятычным сілам нельга салідарызавацца ва ўсім з сіламі, якімі рухае вузкагрупавая карысць…

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

Завяршылася чарговая палітычная кампанія — прэзідэнцкія выбары 2010 года. Завяршылася непрадказальна жорстка, са збіццём, арыштамі, судовымі расправамі.

Па рознаму адрэагавалі на падобнае развіццё падзей прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці. Хтосьці ў тэрміновым парадку з’ехаў за межы Беларусі, хтосьці зашыўся ў сваіх бярлогах-кватэрах і шэптам на ўласных кухнях са сваімі блізкімі абмяркоўвае адбыўшыяся падзеі, або ўладкаваўшыся на ўтульнай канапе, дае свае каментары на розныя сайты... А хтосьці з першага ж дня пасля драматычных падзеяў уключыўся ў кампанію САЛІДАРНАСЦІ з затрыманымі, пацярпелымі.

І зноўку, як заўсёды, як гэта было з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, авангардам САЛІДАРНАСЦІ стаў Беларускі Народны Фронт. На офіс Партыі БНФ (пр-кт Машэрава, 8 — былая Варвашэні, 8) кожны дзень прыходзяць сотні людзей, каб аказаць падтрымку тым, хто пацярпеў ад рэжыму, — або атрымаць падтрымку, незалежна ад партыйнасці ці прыналежнасці да штабоў кандыдатаў. І гэта радуе, што беларусы не сталі абыякавымі да лёсу пацярпелых. Але, у той жа час, засмучае тое, што іншыя партыйныя офісы, штабы іншых кандыдатаў не сталі такімі ж цэнтрамі салідарнасці. Бо падобная сумесная праца дазволіла бы нам усім разам быць у шмат разоў мацнейшымі.

А тым часам ўсё вастрэй паўстае пытанне: а што далей? Што рабіць?

Гэтае пытанне ў склаўшыхся варунках набыло адмысловае гучанне ў сувязі з наступнымі абставінамі. Уладатрымальнік пасля выбараў робіць, на першы погляд, нелагічныя крокі. Насамрэч ён задумаў звышпрагматычную мэту — знішчыць ці блакаваць усялякі супраціў свайму бязмежнаму цараванню, паралізаваць актыўнасць лідэраў і актывістаў апазіцыі, звязаць у свядомасці людзей словы дэмакратыя, свабода, нацыянальнае адраджэнне са страхам, насадзіць у грамадстве абыякавасць і раўнадушша да палітыкі.

Звышмэта яго рэпрэсіўнай машыны, якая запушчана на поўную магутнасць, — прымусіць усіх з ім нязгодных абараняцца, зашыцца па норах, стагнаць і енчыць, апелюючы да міжнароднай супольнасці. І пры гэтым яго мара — дамагчыся таго, каб ніводная апазіцыйныя сіла не магла перашкодзіць дыктатару здаваць незалежнасць і суверэнітэт, гандлюючы зямлёй, маёмасцю, нацыянальнымі каштоўнасцямі дзеля захавання сваёй улады.

Наша задача — зламаць яго планы. Ніякія рэпрэсіі не мусяць нас адсунуць нават на невялікі час ад галоўнай мэты нацыянальных сілаў, што закладзены ў праграме БНФ. Мы — сябры БНФ — і пад час прэзідэнцкіх выбараў імкнуліся давесці да грамадзянаў рэспублікі пра небяспеку знішчэння нашай дзяржавы, і пасля іх маем намер узмацніць нашу барацьбу.

Пачынаючы з 1995 году, ад адной выбарчай кампаніі да другой сітуацыя ў краіне (з дэмакратычнымі каштоўнасцямі, правамі чалавека, а таксама з нацыянальным адраджэннем і мацаваннем суверэнітэта) толькі пагаршалася. Не далі плёну таксама як спробы міжнароднага ціску, так і лаяльныя падыходы з крэдытнымі падарункамі ад сусветных банкаў. У той жа час гэтая стратэгія дазваляла ўмацоўвацца аўтарытарнаму рэжыму.

Пасля паразы дэмакратычных сілаў ў 1995-97 гадах і частковага разбурэння іх авангарду – Беларускага Народнага Фронту — ў 1999 годзе іх месца ўвесь час імкнуцца заняць шматлікія канфармісцкія групоўкі.

Не паспелі заціхнуць жарсці апошняй прэзідэнцкай кампаніі, а ўжо зноўку з’явіліся людзі, жадаючыя даць самую негатыўную ацэнку перадвыбарчым кампаніям апазіцыйных кандыдатаў і атрымаць дывідэнды ад сітуацыі, што склалася ў асяродку апазіцыйных сілаў пасля выбараў. І самае цікавае — гэта людзі, якія ўжо колькі год пражываюць па-за межамі Беларусі. Вось якую ацэнку палітычнай сітуацыі ў Беларусі дае, напрыклад, для сайта “Беларускі партызан” адзін з такіх псеўдапатрыётаў:
“В стране нет организующей силы, партии. Карликовые партии контролируются и управляются властями и финансируются через своих агентов влияния... Раскрыт лишь один агент влияния Романчук, а их 70% даже среди кандидатов. На следующих выборах будет 100%... Что делать нам? Кто, если не мы?! Начнем сначала. С января 2011 года необходимо начать создавать объединяющий все силы протестного электората «ФРОНТ НАЦИОНАЛЬНОГО ВОЗРОЖДЕНИЯ»... Должно быть две силы: РЕЖИМ и ЕДИНЫЙ ФРОНТ. КТО НЕ С НАМИ, ТОТ ПРОТИВ НАС, ТОТ С РЕЖИМОМ...
Структура Фронта Национального Возрождения:
1. КОМИТЕТ ФНВ.
2. Теневой кабинет.
3. Консультационный Совет ФНВ (Руководители политических партий).
4. Совет Старейшин (уважаемые авторитетные люди страны и бывшие руководители).
5. Структурные подразделения”.

І якія ж мэты пераследуюцца тымі, каго прадстаўляе аўтар такой прапановы?

А мэта адна – стаць яшчэ адным псеўдацэнтрам для вырашэння сваіх вузкагрупавых канфармісцкіх задач: “Преимущественный внешнеполитический курс ФРОНТА будет определяться степенью оказания помощи нам в борьбе за национальное возрождение нашими союзниками”.

У 1994-м годзе пад час прэзідэнцкіх выбараў наша партыя прапанавала выбаршчыкам сваю сацыяльна-палітычную візітоўку:
ТОЛЬКІ БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ ФРОНТ РАТУЕ-БАРОНІЦЬ-ДАПАМАГАЕ.

Гэта формула набыла асаблівую актуальнасць для сябраў БНФ у гэты складанейшы час рэпрэсій. Напоўнілася новым зместам.Пры гэтым засталіся ўсе старыя праблемы.

Фронт паўстаў як супольнасць асобаў, якія ўзяліся выратаваць людзей ад смертаносных чарнобыльскіх атамаў. Сёння небяспека ад пагрозы чарнобыльскай смерці ўзрасла. З шэрагу рэгіёнаў, дзе захавалася высокая радыяцыйная забруджанасць, ўладатрымальнікі знялі знак небяспекі, абвясціўшы зону чыстай.

Фронт узнік для абароны людзей ад сталінскіх і камуністычных рэпрэсій. І наш досвед пры гэтым дазволіў імгненна стварыць салідарнасць…

Фронт аб’яднаў лепшых нацыянальных адраджэнцаў, якім лёс наканаваў зладзіць падмурак новай дзяржавы. Адраджэнне нацыянальнай культуры стала сэнсам жыцця лідэраў нацыі і БНФ, стала гістарычнай місіяй і богаўгоднай справай.

Мы пасля першых прэзідэнцкіх выбараў 1994 года вылучылі мэту і мару: пабудаваць наш Дом – Беларусь, абараніць наш агульны Дом і пераўтварыць яго ў Храм, што азначае — дамагчыся таго, каб бальшыня грамадзянаў палюбіла сваю краіну любоўю, тоеснай да любові Усявышняму. Тыя ж мэты і мары мы маем і сёння і будзем з імі жыць. І, нягледзячы на рэпрэсіі, мы мусім абараніць Наш Дом – Беларусь.

Відавочна, што без вяртання належнай ролі патрыятычных сілаў станоўчыя перамены ў нашай краіне наўрад ці магчымыя. І рабіць гэта неабходна ўжо сёння. Вядучую ролю ў гэтым працэсе павінен узяць на сябе Беларускі Народны Фронт — сіла, якая паслядоўна бароніць беларускія інтарэсы; інтарэсы беларускага народу і незалежнай беларускай дзяржавы.

Асаблівым клопатам для ўсіх, каму важкая будучыня краіны, павінна стаць праблема кансалідацыі патрыятычных сілаў. Без гэтай кансалідацыі немагчыма ні выпрацаваць, ні рэалізаваць рэальную праграму дзеянняў, ні прадухіліць авантурных дзеянняў рэжыму. Відавочна, сённяшняя кансалідацыя ў выглядзе каардынацыйнай рады не з’яўляецца формай такой кансалідацыі і не можа даць беларускаму грамадству надзею. Перспектыву тут можа мець толькі аб’яднанне грамадскіх і палітычных групаў з выразнай патрыятычнай пазіцыяй (форма аб’яднання не мае значэння).

У гістарычным і цывілізацыйным плане аўтарытарны рэжым Лукашэнкі не мае перспектывы, а ёсць толькі часовы рэлікт аджыўшай камуністычнай сістэмы. Разам з тым, станаўленне беларускай дзяржаўнасці не завершана, а яе незалежнасць і суверэнітэт знаходзяцца пад пагрозаю. Відавочна, што і імкненне змены рэжыму любым коштам (як, напрыклад, праз увод расійскіх войск на тэрыторыю Беларусі) ёсць адна з найбольшых такіх пагрозаў.

Улічваючы гэта, патрыятычныя сілы павінны праявіць асаблівую ўзважанасць і не салідарызавацца ва ўсім з сіламі, якімі рухае толькі іхняя вузкагрупавая карысць. Вырашэнне згаданых праблемаў магчыма было бы дасягнуць праз шэраг узаемазвязаных крокаў: кансалідацыю і ўзрастанне ролі патрыятычных сілаў Беларусі, разгортванні імі актыўных дзеянняў у беларускім грамадстве, стварэнні ўплывовага для міжнароднай супольнасці палітычнага цэнтру.

У гэтым плане важным было б утварэнне, сумесна з дзеячамі Рады БНР і патрыятычнымі эмігранцкімі суполкамі, аўтарытэтнага Замежнага цэнтру і яго аддзелаў у шэрагу краінаў свету.

Гэтыя і іншыя крокі дазволілі б скаардынаваць міжнародную працу, вызваліць яе з-пад уплыву псеўдапатрыятычных структураў, зрабіць рэальнай падтрымку міжнароднай супольнасці. Адначасова гэта дазволіла б адмабілізаваць грамадскую і палітычную падтрымку падзеяў на Бацькаўшчыне з боку беларусаў замежжа.

Несумненна, і ў адносінах з Расіяй нам патрэбны ўзважаныя дачыненні. Такія дачыненні выгодныя нам як у бліжэйшай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве.

Але, на жаль, палітычнае кіраўніцтва гэтай краіны, яе эліта хварэюць на імперскасць, што з’яўляецца сур'ёзнай перашкодай для добрасуседскіх дачыненняў.

Падцвярджэннем імперскіх амбіцый Расіі ў дачынені да Беларусі з’яўляецца на сёння стварэнне Мытнага саюза, што прывядзе ў канчатковым выніку да ператварэння нашай краіны ў дзяржаву-сатэліта. Становячыся сябрам Мытнага саюза, Беларусь закрывае сабе выхад на Захад, закрывае свой рынак для многіх замежных тавараў: патрыманых аўтамабіляў, новых тэлевізараў, радыётавараў і многага іншага. Беларусь абмяжоўвае свае магчымасці па выхаду на еўрапейскія рынкі з таварамі сваіх прадпрыемстваў, тым больш што яны на працягу 2-3 год, згодна канцэпцыі Мытнага саюза, проста пяройдуць ва ўласнасць расійскіх капіталістаў. На сёння ў Расіі не бачаць альтэрнатывы такой палітыцы. Такую альтэрнатыву патрэбна прапаноўваць нам, не гандлюючы нацыянальнымі інтарэсамі.

Працэс пераадолення дыктатуры павінен мець неабходны легальны грунт, каб быць прызнаным міжнароднай супольнасцю і нашымі суседзямі.

Дзеянні міжнароднай супольнасці павінны быць належным чынам зарыентаваны і скіраваны — найперш на ўмацаванне беларускай незалежнасці.

Відавочна, што рэальныя змены ў Беларусі не могуць быць ажыццёўлены без актыўнага і рашаючага ўдзелу ў іх патрыятычных сілаў. Такім чынам, пераадоленне аўтарытарнага рэжыму павінна стаць вынікам адказнага грамадзка-палітычнага працэсу, актыўных палітычных дзеянняў, скаардынаваных з імі намаганняў міжнароднай супольнасці.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.