Рыгор Кастусёў. ГАНДУРАСКІ СЕРЫЯЛ. Як правільна глядзець «Хроснага бацьку-3»

Задачы гэтага фільма палягаюць ў кантэксце інфармацыйнай вайны, якую вядуць паміж сабой Масква і Менск...

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, у траўні 2010 года рашэннем ХІІІ з’езду Партыі БНФ вылучаны на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

Калі беларускі бард Зміцер Бартосік пісаў свой «Гандураскі серыял», наўрад ці хто думаў, што прататып галоўнага героя затрымаецца на экранах надоўга. Але вось ужо шаснаццаць сезонаў айчынны глядач назірае па-д’ябальску закручаны сюжэт, пры гэтым працяг пастаноўкі быў бы немагчымы без фінансавання з Усходу.

У сёлетнім сезоне гледачам прапанавана сачыць за знешняй сюжэтнай лініяй, у якой звыклы герой супернічае з донамі суседняй краіны. З імі ён раней сябраваў, а зараз яны востраць адзін на аднаго халодную зброю.

У трэцяй серыі расійскага «Хроснага бацькі» аўтары перайшлі да больш зразумелых і цікавых шырокай публіцы прадметаў — карупцыі і крадзяжоў ва ўладных колах.

Грамадзкую ўвагу, якая паўстае да гэтых ды іншых балючых праблемаў, можна толькі вітаць. Але ж апазыцыйныя партыі ўздымаюць тыя пытанні ўжо шмат год. Паказаныя па НТВ сюжэты сталі толькі сродкам данясення гэтай інфармацыі да грамадскасці, бо самі па сабе яны новай інфармацыі не дадалі.

Напрыклад, тэму зніклых апанентаў ўлады спрабаваў скарыстаць і канвертаваць у грамадскі пратэст апазіцыйны кандыдат Ганчарык у 2001 годзе. Яму гэта не прынесла а ні перамогі, а ні асаблівай электаральнай падтрымкі.

Ды і на ўсходзе пра ўсе гэтыя факты ведалі. Ведалі і фінансава забяспечвалі беларускі рэжым.

Пра стаўленне да «Хроснага бацькі-1» і да «Хроснага бацькі-2» ў мяне запытвалі журналісты, партыйныя актывісты, выбаршчыкі падчас шматлікіх паездак у розныя гарады Беларусі. Але практычна ніхто не казаў а ні слова пра змест гэтых стужак.

Асноўнае значэнне расейскага серыялу не ў інфармацыі, што выносіцца на экран, а ў самім факце дэманстрацыі гэтых фільмаў. Большасць маіх суразмоўцаў задаецца пытаннем: «Гэта яны сапраўды рыхтуюць змяшчэнне дыктатара альбо толькі пужаюць яго?».

Задачы гэтага фільма палягаюць ў кантэксце інфармацыйнай вайны, якую вядуць паміж сабой Масква і Мінск. Гэтая інфармацыйная вайна вядзецца не за дэмакратызацыю і вызваленне беларускага народа, не за беларускія нацыянальныя інтарэсы. Яна вядзецца расійцамі і лукашэнкаўскім рэжымам за іх гаспадарчыя інтарэсы. І нічога большага.

Тыя, хто безадказна спрабуе скарыстаць расійскі чыннік у якасці зброі дзеля палітычнай барацьбы ўнутры Беларусі на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах, самі робяцца памагатымі расійскага імперыялізму.

Мэта «прадусараў» — паказаць няўстойлівасць дыктатуры, укараніць зерне сумневу ў дзяржапарат. І паміж радкоў чытаецца прапанова — замяніць Лукашэнку на сапраўды адданага Маскве чалавека, які не будзе парушаць інтарэсы расійскага бізнесу на тэрыторыі Беларусі і дазволіць беларускім чыноўнікам існаваць бязбедна «под сенью русского орла».

Наколькі я магу меркаваць, сваіх мэтаў яны дасягнулі. У галовах беларускіх чыноўнікаў, асабліва старэйшага пакалення, якія прызвычаіліся аглядацца на Маскву, з’явілася занепакоенасць.

Не думаю, што гаворка можа весціся пра штосьці іншае, апроч прызначэння з Масквы новага, больш паслухмянага кіраўніка краіны. Такая логіка расійскага імперыялізму. Ім тут патрэбны васал, намеснік, які б забяспечваў функцыянаванне вайсковых аб’ектаў і абслугоўванне транзітных ды іншых бізнес-патрэбаў. Папросту — абслуга.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі павінны быць адхілены ад улады як мага хутчэй. Гэта не падлягае сумневу. Задача вымагае ад апазіцыі надзвычайных высілкаў, здольнасці яднацца і працаваць ахвярна, смеласці перад непазбежнымі рэпрэсіямі.

З гэтымі тэзамі Партыя БНФ вядзе цяпер агітацыйную кампанію, якая ўскладняецца неабходнасцю змагання на два франты.

Вельмі спакушальнай для абывацеля можа быць думка, што «Расія зменіць рэжым», пазбавіўшы беларусаў ад цяжкага змагання. Але з боку палітыкаў падобныя стаўкі на Расію — безадказнасць.

«Дэмакратызацыя» ў стылі Крамля будзе працягам такой самай палітыкі дэградацыі, толькі з псеўдаліберальнымі дэкарацыямі.

Няма нічога больш цынічнага, хлуслівага і камічнага за Крэмль, занепакоены дэмакратыяй у суседніх краінах. Раней яны фінансавалі беларускага афіцыйнага кіраўніка, цяпер здымаюць пра яго фільмы, а заўтра — заўтра будуць фінансаваць ягоную адрэдагаваную і ўпрыгожаную рэінкарнацыю, з іншым профілем і большымі сантыментамі да «рускай кухні».

Партыя БНФ заяўляе: мы мусім брацца за найцяжэйшае. Мы баронім беларускія нацыянальныя інтарэсы, таму за намі няма інтарэсаў Захаду ці Расіі. За намі — толькі Беларусь. І найважнейшімі пытаннямі надыйшоўшага палітычнага перыяду ёсць: чым кожны з нас можа ахвяраваць дзеля Беларусі? што кожны з нас можа зрабіць дзеля перамогі?

У нашым змаганні расійскія прапагандысцкія агіткі, безумоўна, павінныя ўлічвацца як важны чыннік, але не трэба забывацца, што мэты іх стваральнікаў вельмі далёкія ад беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

Справа не ў неінфармаванасці насельніцтва, не ў тым, што грамадзяне не ўсведамляюць сябе нацыяй, а ў тым, што некаторыя прадстаўнікі палітычнага класа гатовы да гандлю нацыянальнымі інтарэсамі. І абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці народу і элітаў — задача неадкладная, хоць і складаная.

У адваротным выпадку мы можам аднойчы прачнуцца ў дзяржаве, якой кіруе Хросны бацька-2 альбо Хросны бацька-3. Жадаючых прымерыць такую ролю у гэтым палітычным сезоне хапае.

І на двары пакуль яшчэ жнівень — час традыцыйнага медыйнага зацішша. Выбары абяцаюць быць цікавай справай. Цікавай, цынічнай і небяспечнай.

Мнения колумнистов могут не совпадать с мнением редакции. Приглашаем читателей обсуждать статьи на форуме, предлагать для участия в проекте новых авторов или собственные «Мнения».