Севярын Квяткоўскі. МЫ. Краіна гастарбайтэраў: беларус-нелегал

Ці можна быць госьцем ва ўласным доме? Можна, калі дакладна ведаеш, што гэта на 100% твой дом. Што заўтра ня выйдзе дэкрэт...

 

Северин Квятковский

Севярын Квяткоўскі. Літаратар, блогер, журналіст. Нарадзіўся 30.03.1973 у Менску. Ад 1995 працаваў у газэтах: «Наша Ніва», «Имя»; радыё: «101,2», «Рацыя», «Свабода». Сёньня займаецца інтэрнэт-праектамі ды піша кніжкі. Ляўрэат прэміі  сайту 101blog.net за лепшы постынг у беларускай блогасфэры за 2007 год. Ляўрэат літаратурнай прэміі «Залатая Літара» 2007 году за кніжку «Фрашкі да пляшкі».  Піша апавяданьніэсэ, імпрэсіі, нарысы, фрашкі. Піша раман.

Блогер svensk_vanja тлумачыць свайму расейскаму суразмоўцу асаблівасьці нацыянальнага характару: «Беларусы добрыя наёмныя работнікі, але кепскія кіраўнікі ды арганізатары. У выніку нацыя ўжо каторую сотню гадоў ня можа арганізавацца і аформіцца, стварыць прыстойную дзяржаву. Боўтаецца на ростанях, нібыта інтэгравацца з Расеяй няма для чаго, а як жыць самастойна — незразумела». Мяне сустракае прыяцель — адмыслоўца ў бізнэсовым PR, і радасна паведамляе: «Я зразумеў, я сфармуляваў дэфініцыю! Беларус — гэта брэнд. Гэта адказны, руплівы працаўнік. Паглядзі, у суседніх з намі краінаў няма такіх добрых працаўнікоў».

Ці падпадаюць пад брэнд-беларуса кіраўнікі ды арганізатары — руплівыя і адказныя? Ды толькі за апошнія сто гадоў можна скласьці сьпіс беларусаў зь генэралаў, міністраў, навукоўцаў ды бізнэсоўцаў — пасьпяховых кіраўнікоў ды арганізатараў. Сьпіс зь людзей, якія выдатна рэалізаваліся ў Расейскай імпэры, СССР, сёньняшняй РФ ды меней — у іншых суседніх дзяржавах.

Што значыць быць пасьпяховым чалавекам у сучаснай Беларусі? Пасьпяховым у заходнім сэнсе слова: добра зарабляць з уласных ведаў ды ўменьня. Зарабляць, а значыць быць незалежным грамадзянінам. Можна зарабляць штуку баксаў з аднаго кіёску, дзесяць штук з сэрвіснага цэнтру, сто штук з... Стоп. Сто штук — гэта мільён дзьвесьце за год. Калі ты зарабляеш мільён за год, то ты яшчэ не зусім пасьпяховы чалавек. Ты пасьпяховы толькі калі ты ўвесь час застаешся на свабодзе. Альбо калі сваечасова эміграваў.

Можна пагадзіцца з svensk_vanja у тым, што ані ў ВКЛ, ані ў Рэчы Паспалітай нашыя продкі ня мелі такога чоткага парадку як, напрыклад, у суседняй Расейскай імпэрыі. Шляхта сваім liberum veto паралізавала кіраўніцтва караля і вялікага князя па сумяшчальніцтве. А некаторыя магнаты часьцей бачылі вышэйшую асобу краіны ў сябе ў палацы, чым на высачайшым прыёме ў сталіцы. А вось у Расеі быць пасьпяховым чалавекам азначала сябраваць з Галоўным (-ай). Дакладней, быць у міласьці. У часы росквіту liberum veto ў Расеі для цара не было прынцыповай розьніцы між князямі ды прыгоннымі. Для цара абое рабое: халопы і ёсьць халопы.

Таму пасьпяховым расейцам можна было лічыць ня толькі набліжанага да высачайшай асобы, але і эмігранта, які інтэграваўся ў заходнеэўрапейскае — больш вольнае — грамадзтва.

У фэадальныя часы не было ані чыгункі, ані самалётаў, ані інтэрнэту.

***

У розных месцах Менску за кампутарамі сядзяць розныя людзі. Архітэктар Вова распрацоўвае праект тыпавых катэджаў, якія перапрададуць у штат Каларада. Праграміст Саша піша праграму, якую купіць нямецкі канцэрн. Дызайнэр Сярожа распрацоўвае дэкарацыі, якія зьявяцца ў студыі аднаго з маскоўскіх тэлеканалаў. Журналістка Вольга рыхтуе матэрыял, які зьявіцца на брытанскім сайце. Палітолаг Лёша рыхтуе аналітычны артыкул на заказ з Кіеву. А літаратар Міша рыхтуе новы раман-баявік, які будуць чытаць рускамоўныя жыхары ЗША, Нямеччыны, Масквы і Падмаскоўя, Кіеву ды многіх іншых краінаў.

Гэтыя людзі адчуваюць сябе пасьпяховымі, бо яны зарабляюць на парадак вышэй за сваіх калегаў-суайчыньнікаў. Гэтак сама, як пасьпяховым сябе лічыць калгасьнік Андрэй, які вяртаецца з Падмаскоўя, дзе разнарабочым зарабіў у пятнаццаць разоў болей, чым на родным аграпрадпрыемстве.

Людзей за кампутарамі можна было назваць фры-лансэрамі (вольнанаёмнымі), калі б не адна акалічнасьць. Пра іх ніхто ня ўведае там, дзеля каго яны працуюць. Іх працу перапрададуць. Седзячы за кампутарамі ў Беларусі, яны ня здолеюць зрабіць кар'еру. Колькі б не паляпшалі сваю працу - ня стануць вядомымі і не атрымаюць выгадны кантракт. Яны нават не атрымаюць адлічэньняў у страхавы ды пэнсійны фонды.

Гэтыя людзі за кампутарамі — гастарбайтэры. Нелегальныя працаўнікі.

Gastarbeiter зь нямецкай перакладаецца даслоўна як госьць-рабочы.

Сучасныя камунікацыіі дазваляюць быць госьцем-рабочым, седзячы ў сваёй краіне.

Зрэшты, госьці-рабочыя зьявіліся на запрашэньне Нямеччыны па вайне, калі не хапала працоўных рук, каб аднаўляць краіну. На постсавецкай прасторы панятак гастарбайтэр атрымаў значэньне няпрошанага, але жаданага госьця — нелегальнага рабочага. Нямецкае слова з новым значэннем пачалі ўжываць у Маскве. Няпрошаныя госьці-рабочыя былі жаданымі, бо, па-першае, рабочых рук не хапала ў прынцыпе, а па-другое цяпер бракуе танных і маўклівых рабочых. Маўклівых, бо ў адрозьненьне ад паваеннай Нямеччыны сучасны гастарбайтэр — бяспраўны чалавек.

Бяспраўным ёсьць кожны рабочы дзяржаўнага прадпрыемства Рэспублікі Беларусь незалежна ад формы ўласнасьці: бюджэтнага, УП ці нават якога акцыянэрнага таварыства, дзе дзяржава мае кантрольны пакет акцый. Бо пра свае правы з начальствам можна спрачацца роўна да заканчэнья кантракту. Калі пашанцуе, бо кантракт могуць спыніць і раней: кіраўнікі ды арганізатары, руплівыя і адказныя. Якім у сваю чаргу загадаюць вышэйшыя, а тым яшчэ вышэйшыя, ажно, калі справа сур’ёзная, да самага вышэйшага.

***

Ці можна быць госьцем ва ўласным доме? Можна, калі дакладна ведаеш, што гэта на 100% твой дом. Што заўтра ня выйдзе дэкрэт пра нацыяналізацю прыватнай ўласнасьці. Усёй.

Беларускі гастарбайтэр Дзіма зарабляе ў родным Менску тры штукі баксаў: здымае вясельлі, сам мантажуе, плюс па карпаратывах падхалтурывае. Дзьве штукі адкладае. Пачаў будаўніцтва дому — 10 км ад кружной дарогі. Дзіма ведае, што і падаткавая можа ўзяць за адно месца, і што ўсякае можа здарыцца, а бальнічны на тры штукі ніхто не заплаціць. Але рызыкуе.

Мы неяк зь Дзімам размаўлялі пра тое, што вось і я, і ён — гастарбайтэры. Дзіма кажа: «У нас толькі адзін чалавек не гастарбайтэр». Пасьля падумаў і падсумаваў: «Не, ён таксама. Без аховы па-любому да канца жыцьця хадзіць ня зможа. Таксама нелегал».

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.