Адам Глобус . PLAY.BY. Прырода

Са свінкаю пад курткаю я ішоў дадому, і шчасце перапаўняла мяне. Я быў такі шчаслівы, што ажно не верыў у сваю радасць...

Адам Глобус
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.

У краме “Прырода” пахла кормам для акварыюўмных рыбак і птушак, што жывуць у драцяных клетачках. У дзяцінстве я любіў алейны і даўкі водар кармоў. Любіў разглядаць запаволенае жыццё зашклёнай вады і трапяткія пёркі жоўтых і зялёных папугаяў. Я марыў набыць сабе птушачку і збіраў грошы. Тата з зарплаты даваў мне металічны рубель. Раз на месяц я атрымліваў такі рубель. Месяцы цягнуліся доўга-доўга. Трэба было чакаць ажно пяць даўжэзных месяцаў, каб назбіраць рублі на папугая, а яшчэ патрэбна было назбіраць на клетку і корм. Майго трывання не хапіла. З трыма рублямі ў кішэні я прыйшоў у “Прыроду”, надыхаўся водарамі кармоў і ўзяў сабе марскую свінку.

Са свінкаю пад курткаю я ішоў дадому, і шчасце перапаўняла мяне. Я быў такі шчаслівы, што ажно не верыў у сваю радасць. Мне захацелася дастаць свінку з-пад курткі і паразглядаць яе. Я выцягнуў жывёлку на свет; а яна перапужалася, пачала вырывацца з рук і вырвалася, і ўпала на зямлю, і пабегла да кустоў бэзу. А я паляцеў за ёю і накрыў сарванай з галавы шапкаю. Дадому я прынёс сваю свінку ў шапцы. Пасялілася мая марская свінка ў лазенцы, пад рукамыйнікам у дыктавай скрынцы з-пад пасылкі.

Зразумела, ніхто ў нашае сям’і не ўзрадаваўся майму набытку. Тата прамаўчаў, маці сказала, што я сам буду прыбіраць за свінкаю, а брат, як і тата, таксама нічога не сказаў, бо ён яшчэ і гаварыць не навучыўся. Свінка пражыла ў нашай кватэры тыдні са два, не болей. Маці і тата сказалі, што ім не падабаецца марская свінка, што яна смярдзіць, што такіх жывёл нельга трымаць у маленькіх кватэрах і што я мушу занесці яе назад у краму “Прырода”. Я спрабаваў іх угаварыць, спрабаваў абараніць сваё права на сяброўства са свінкаю, але бацькі былі неўгаворныя. Яны казалі, што ў кватэтэры павінна быць чыста, бо ў нас малое дзіця, што дагляд брата значна больш важны за дагляд марской свінкі. Спрачацца далей не было аніякага сэнсу.

Я загарнуў свінку ў стары ручнік, засунуў пад сваю сінюю куртку і пайшоў да крамы “Прырода”. Каля вялікіх вітрын я спыніўся і доўга разглядаў вялікія і маленькія клеткі з разнакаляровымі птушачкамі, я разглядаў акварыюмы поўныя рыб і рыбінак, асабліва мяне заварожвалі рыбы чырвоныя. Гледзячы на чырвоных рыбак, я вырашыў, што не атдам марскую свінку ў краму, а занясу ў дзіцячы сад, куды я хадзіў яшчэ два гады назад.

Быў самы пачатак вясны, з неба сыпаўся драбнюткі дождж, я ішоў па мокрым асфальце і думаў, што сказаць сваім былым дзетсадаўскім выхавацелькам. Што я скажу Эме Казіміраўне і Клаўдзіі Іванаўне? Як я растлумачу ім, што бацькі забаранілі мне трымаць марскую свінку? А яна, абгорнутая мяккім ручніком стаілася і пэўна заснула. Я падыйшоў да дзетсадаўскага плота і глядзеў праз штыкетнік на ярка апранутых дзяцей, якія гулялі на верандзе. Падыйсці да сваіх былых выхавацеляк я так і не наважыўся. Я дачакаўся, калі прагулка скончыцца, калі дзеці пойдуць палуднаваць і спаць. Тады я зайшоў на апусцелы двор. Марская свінка, пэўна, адчула хуткія змены ў сваім лёсе і заварушылася. Я прайшоў да хлеўчука, у якім жылі ў драцяных клетках нашыя дзетсадаўскія трусы. Так-так, у маім дзіцячым садзе трымалі трусоў. Эма Казіміраўна і Клаўдзія Іванаўна прывучалі нас любіць і даглядаць жывёл. Хляўчук быў зачынены на вялікі навясны замок. Мой намер пакінуць сваю свінку ў хляўчуку разбіўся аб цяжкі замок. Я ледзь не заплакаў, гледзячы на гэты стары замок. Нават была думка вярнуцца дамоў і ўгаварыць бацькоў пакінуць свінку ў нашай лазенцы. І я быў пайшоўшы дамоў, калі вока спынілася на скрынках састаўленых за хлеўчуком. Сваю свінку я пасадзіў у скрыню і паставіў тую скрынку пад дзвярыма з зачыненым замком.

Можа з тыдзень я стараўся не гаварыць з бацькамі ні пра марскую свінку ні пра што іншае. Але паціху-патроху я пачаў забывацца пра сваю марскую свінку і пра сваё нядоўгае сяброўства з ёю. Толькі вось у краме “Прырода” я больш ніколі нічога не купляў.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.