Адам Глобус. PLAY.BY. Порнаграфіка

Люблю порнаграфіку! Не эротыку, з яе цыцачнай ды дупачнай ружовасцю, і не парнаграфію, з яе тэатральнымі стогнамі актораў-аматараўю...

Адам Глобус
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их —«Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.

…ху-х! Люблю порнаграфіку! Не эротыку, з яе цыцачнай ды дупачнай ружовасцю, і не парнаграфію, з яе тэатральнымі стогнамі актораў-аматараў, а менавіта порнаграфіку са стабільнай карцінкаю і выразным малюнкам. А яшчэ я шаную порнаграфіку за тое, што няма адносна яе ніякага закону і ніякіх абмежаванняў.

Для заканадаўцы і міліцыянта порнаграфікі няма як асобнай з’явы, яны яе проста не ўспрымаюць. Парнаграфію яны бачаць, яны яе разумеюць, яны яе абмяжоўваюць для ўвоза ў краіну, яны забараняюць яе распаўсюд і тыражаванне. Яны ўсе вялікія спецыялісты па сэксу ўтраіх, па вычварэнствах з жывёламі і дзецьмі. Яны камісіі ствараюць, дзе мераюць памеры чэлесаў ды вызначаюць узрост похвы. Яны нават розніцу бачаць паміж жорсткай эротыкаю і мяккай парнухаю. Калі ў міліцыянта не хапае ведаў, ён кліча на дапамогу доктара з дысертацыямі пра полавыя паталогіі. А доктар можа знайсці хваробу нават у сперме, якая яшчэ і чалавекам не зрабілася. Ён такі. Яму што кроў пусціць, што аналіз гною зрабіць, што труп на дэталі разабраць — яму ўсё чалавечае не чужое і падуладнае. Калі ж у чалавека з фуражкаю і чалавека ў белым халаце не хапае рашучасці ў барацьбе з парнаграфіяй, яны запрашаюць у свой хаўрус чалавечка ў чорнай спадніцы, а гэтаму рашучасці пазычаць не трэба. Ён і труса трахацца навучаць.

Не праўда? Хіба ты не памятаеш ксяндза Худака, які казаў, што ў беларусаў толькі дзве думкі: адна пра п’янку, а другая пра сэкс. Забыўся? Нагадаю… Вось гнюсныя слоўцы таго ксяндза: «…тут людзі жывуць як у гета. Нібыта знаходзяцца ў пастаяннай небяспецы. Адсюль сэкс і алкаголь, уцёкі ў задавальненні. Такі ход рызыкоўны, каб яшчэ што-небудзь ад гэтага жыцця ўхапіць. Іх апранахамі з’яўляюцца спартовыя строі, жанчыны апранаюцца так, што вуліца робіцца падобнай да лёгкага парнаграфічнага фільма. Кожны прагне любошчаў, спрабуе іх атрымаць: купіць, скрасці, выгандляваць. За любы кошт». Во табе і святар! Ён на звычайнай тутэйшай вуліцы бачыць кінапарнуху. Цікавае бачанне рэчаіснасці; праўда, яно занадта антысацыяльнае ды беларусафобскае. Худака пагналі з Беларусі, і правільна зрабілі, што прагналі. А колькі такіх яшчэ засталося? Колькі іх у фуражках, халатах і чорных балахонах топча беларускую зямлю і ненавідзіць беларускіх жанчын? Так што антыпарнаграфічнае братэрства жыве і тлусцее на целе маёй Радзімы. Прыкра.

Чорт з імі! У іх свае вяселлі з п’янымі анёламі і вялалістымі лілеямі, а ў мяне свая любоў да порнаграфікі.

Малюнак Адама Глобуса

Часам, мне каталонская Барселона робіцца бліжэй за беларускі Менск… Чаму? Менавіта ў Барселоне я падумаў, што закон пішацца для аднаго чалавека. Так я падумаў, калі пабачыў, як па бульвару Рамблас ідзе голы мужчына. Можна, пры вялікім жаданні, палічыць татуіроўкі і пірсінг за вопратку, але акрамя тату і некалькіх жалезак на мужчыне нічога не было. Памахваючы доўгім чэлесам, гэты невысокі эксгібіцыяніст нетаропка шпацыраваў па аднаму з самых людных бульвараў Еўропы. І… Мала хто нават паварочваўся каб яго паразглядаць. Паліцыя? У Барселоне можна хадзіць па вуліцах без вопраткі. Я ведаў пра закон, але ніколі не бачыў для каго ён напісаны. Ну прастытуткі ў распусных кварталах голыя прагульваюцца, дык у іх праца такая — целам на хлеб зарабляць. А тут чалавек гуляе аголены дзеля ўласнага задавальнення, і закон напісаны ды зацьверджаны менавіта для гэтага чалавека. Па Беларусі голым не паходзіш, то ў нас дождж, то ў нас снег. Але я не супраць, каб і беларус меў права хадзіць голы па вуліцах сталіцы. У нас жа еўрапейская сталіца? Хіба ты сумняваешся? Я не сумняваюся, бо веру ў порнаграфіку, пра якую яшчэ не напісалі закон. А калі пра яе напішацца закон, я бу… я бу… я буду любіць іншую графіку, зусім іншую …фіку.

І напрыканцы…

Адзін раз’юшаны поп у Інтэрнэце спрабаваў мяне запалохаць. Ён пагражаў мяне праклясці ды так выклясці, што ў мяне чэлес паўставаць не будзе. Малайчына поп. Верыць! Ён верыць у сілу майго чэлеса і свайго праклёну накладзенага на дзетаробны ворган. Дакладней будзе сказаць, што поп верыў. Верыў ён роўна адзін дзень. А надыйшоў дзень другі, і поп свае пагрозы папрыбіраў. Дайшло да чалавека, што ён глупствы панапісваў. Гэта цешыць. Мяне радуе, што святар знайшоў у сабе розум і выправіў уласную памылку.

Карацей, не ўсё так безнадзейна ў порнаграфічным свеце.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.