Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Баявік ці гадзіннікавы майстар

Савецкая ідэалогія была рэлігіяй — вельмі маладой, агрэсіўнай і вельмі блізкай да чалавека. Яна яму амаль што матэрыяльна давала «памацаць»...

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Баявік памёр. Знакі часу ў свеце абсурду пералеглі іншым парадкам. Яшчэ працягвае адстрэльвацца ў афганскіх гарах таліб, яшчэ ўстае на месцы кожнага забітага новы чачэнскі сепаратыст, яшчэ заражае «касам» падлетак з арганізацыі Хамас... Але назаўсёды памёр станоўчы змест гэтага слова — «баявік».

А яшчэ да вайны баявік быў толькі станоўчым узорам для савецкіх падлеткаў. Гэтым словам называлі калгасы і арцелі. У архіве мне патрапілася гісторыя нейкага Язэпа Сапешкі з вёскі Шастакі Капыльскага раёну. Працаваў Сапешка гадзіннікавым майстрам у арцелі «Чырвоны Баявік». На Каляды ў 1937 годзе яго забрала НКВД. А праз два месяцы ён быў расстраляны ў Мінскай турме як польскі шпіён.

Мабыць заўсёды, калі ўлада належыць баявікам, гадзіннікавыя майстры аўтаматычна ператвараюцца ў шпіёнаў. Як тады, да вайны, калі слова «баявік» было адзнакай доблесці і славы. І ўся моладзь краіны саветаў расла з затоенай мараю — стаць чырвонымі баевікамі.

Скажаце, пры чым тут талібы і шахіды? А ўспомніце Куляшоўскую «Баладу аб камсамольскім білеце». Памятаеце, там вораг-жандар дакурыў папяросу і кажа камсамольцу: «Жыць застанешся, жыццё даражэй». А камсамолец адказвае: а ні халеры, не даражэй, «хай лепей сэрца мне спаліць свінец».

Цана жыцця — мера цывілізацыйная. Калі ўсё наша тут і цяпер, мы аўтаматычна ператвараемся ў гадзіннікавых майстроў, якія ўдасканальваюць механізм сваёй цывілізацыі. А калі не... То і не.

Людзі, якія выпраўляюцца з поясам шахіда на гарадскі рынак, таксама перакананыя, што жыццё — не даражэй. Толькі не кажыце мне, што наш камсамолец харошы і трапіў у лапы жандараў адно з-за свайго камсамольскага білета. Ясна, што планаваў маладагвардзеец слаўны подзьвіг-тэракт дзе-небудзь на чыгуначных рэйках або складах. Ну, не атрымалася. Але пытанне не ў гэтым.

Дык усё ж — даражэй ці не даражэй? Жыццё. Вам — як? Па-рознаму? А камсамольцу не даражэй зусім паводле той самай схемы, што і шахіду. Але шахід ведае, куды ён ідзе і што будзе з ім заўтра. А камсамолец? Хіба савецкая ідэалогія абяцала яму які-небудзь працяг?

Абяцала. «Подвиг народа бессмертен», «Памяці герояў жыць у вяках», «Ніхто не забыты, нішто не забыта»... Чым не працяг? Урэшце, ніхто ж не ведае, што там далей, адкуль мы прыйшлі і куды сыйдзем. Галоўнае — верыць. І што з гэтага вынікае? А тое, што савецкая ідэалогія была рэлігіяй — вельмі маладой, агрэсіўнай і вельмі блізкай да чалавека. Яна яму амаль што матэрыяльна давала «памацаць» загробны працяг. Глядзі, калі ты загінеш героем, то ўсе гэтыя людзі вакол цябе, і іх дзеці і ўнукі-праўнукі будуць заўсёды славіць цябе ў сваіх думках і песнях. Чым не прагматычны варыянт жаданае вечнасці?

Фашысцкая ідэалогія таксама імкнулася стаць новай рэлігіяй — яшчэ больш маладой і агрэсіўнай. Яны з савецкай нібы перацягвалі канат — як Гітлер і Сталін — імкнучыся пераўзысці адна адну ў бесчалавечнасці. Калі немцы ўвайшлі ў Беларусь, яны пачалі не са спалення вёсак, а з эксгумацыі масавых пахаванняў сталінскіх ахвяр. Маўляў, вось нам індульгенцыя на вынішчэнне старых, жанчын і дзяцей. Калі яны самі са сваімі — так, дык у нас рукі і пагатоў развязаныя.

У Беларусі сёння шмат судзяць за палітыку. Няважна, што палітыка ў пратаколах называецца дробным хуліганствам і брыдкаслоўем. Усе ўсё разумеюць. Як разумелі ўсе ўсё і пра «польскі шпіянаж» таго гадзіннікавага майстра з-пад Капыля. Але калі наша ўлада афіцыйна дэкларуе сябе як пераемніца слаўных сталінскіх баявікоў, дык хто тады на лаўцы падсудных? Вось што галоўнае. Баявік ці гадзіннікавы майстар? Каб разабрацца ў сітуацыі, дастаткова вырашыць гэтую дылему і пагадзіцца, што вердыкт гуманнага суда заўсёды павінен быць на баку другога.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.