Velcom шукае магчымасьці для рэалізацыі беларускамоўнага інтэрфэйсу АССА

Мабільны апэратар Velcom «шукае тэхнічнае рашэньне для рэалізацыі беларускамоўнага інтэрфэйсу АССА і магчымасьці атрыманьня SMS-паведамленьняў пра стан балансу асабістага рахунку абанэнта на беларускай мове». Ліст з такім тэкстам атрымалі арганізатары кампаніі «Мабільная сувязь па-беларуску».

«Мы задаволены такім адказам. Калі ў кампаніі МТС нам паведамілі, што кампанія будзе разглядаць мэтазгоднасьць беларусізацыі сэрвісу, дык Velcom вядзе ўжо гаворку не пра мэтазгоднасьць, а пра пошук тэхнічнага рашэньня для рэалізацыі такой магчымасьці. Да таго ж сам ліст не падобны на стандартную адпіску. У адказе кампаніі адзначаецца, што гэта замежнае прадпрыемства, якое шануе права грамадзян Беларусі на нацыянальнае самавыяўленьне і права на карыстаньне нацыянальнай мовай у побытавым жыцьці. Таму будзем спадзявацца, што ў бліжэйшай пэрспэктыве абанэнты Velcom змогуць пачуць у слухаўках беларускую мову. Будзем трымаць гэтае пытаньне пад кантролем», — кажа адзін з арганізатараў кампаніі па беларусізацыі мабільных апэратараў Іван Шыла.