Віктар Цярэшчанка: чаму заўтра праз рэферэндум не зрабіць тры дзяржаўныя мовы?

Віктар Цярэшчанка — эканаміст, удзельнік прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. Не быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты праз тое, што са 130 тысяч здадзеных подпісаў толькі 6699 прызнаныя сапраўднымі.

Віктар Цярэшчанка — эканаміст, удзельнік прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. Не быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты праз тое, што са 130 тысяч здадзеных подпісаў толькі 6699 прызнаныя сапраўднымі. Мы гутарым са спадаром Віктарам у межах сумеснага праекта ePramova.org і Naviny.by.

Нагадаем, раней мы ўжо пагутарылі з Мікалаем Улаховічам і Таццянай Караткевіч

Прапануем вашай увазе відэаінтэрв’ю Віктара Цярэшчанкі. А таксама выбарку цытат — пра ўласнае здароўе, расійскія вайсковыя базы, казакоў, Таццяну Караткевіч, дзяржаўную мову, “рускі свет” ды тое, як зрабіць беларускі рубель 1:1 да даляра.


Віктар Цярэшчанка нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Дуброўка Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў эканамічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Міжнародны інстытут менеджмента. Кандыдат эканамічных навук. Дацэнт па спецыяльнасці «эканоміка». Удзельнік ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. Працаваў слесарам, інжынерам, кіраўніком. У 1992-2004 узначальваў Міжнародны інстутут менеджмента. У 1996-2000 быў дэпутатам Вярхоўнага Савета XIII склікання. Удзельнічаў у прэзідэнцкай кампаніі чатыры разы (з улікам выбараў-2015), у 2010 годзе быў зарэгістраваны і атрымаў 1,08% галасоў. Аўтар больш чым 70 навуковых прац у галіне развіцця эканомікі Беларусі. Жанаты, мае трох дачок і ўнучку.


 

Пра ўласнае здароўе

Папраўляюся, адчуваю сябе значна лепш. Аднаўляецца голас, праходзіць анемія галавы. Аналізы яшчэ дрэнныя, і гэта мяне непакоіць. Але я спадзяюся, цягам некалькіх тыдняў я аднаўлюся.

[…] Скажам наўпрост, гэта было атручанне. Бо тыя аналізы, якія я правёў у незалежных лабараторыях, кажуць пра тое, што гэта былі хімічныя прэпараты, якія апяклі скуру — практычна з насаглоткі да дванаццаціпалай кішкі. Зараз гэта ўсё загойваецца, баліць. Быў удар па галаве, шок, страта прытомнасці, рэзкі скачок ціску — больш за 180 (звычана ў мяне больш за 125-130 не бывае).

[…] Раз гэта адбылося на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, я маю права думаць на датычнасць сілавых структур Рэспублікі Беларусь. Ну а як мне думаць? Я адразу, як прыйшоў у прытомнасць у лякарні, думаў, што гэта ўплыў трэцяга боку. І не тое, што кажуць — Захад. Не, хутчэй Усход. І мы памятаем падзеі 2010 года. Я быў адзіны супраць Плошчы!

Пра тое, ці падазрае Дзмітрыева і Караткевіч

Не-не, гэта выдумка журналістаў. Я памятаю, як казаў гэта пасля кропельніцы і ўколаў, калі апрытомнеў. Я казаў, што на пачатку дзявятай, калі мы селі за столік, бачыў там шаноўнага Андрэя Дзмітрыева. Гэта прыстойныя людзі, як адзін, так і другая. Шанаваныя мной і сёння, у мяне няма ніякіх падазрэнняў. Але журналісты дадалі нейкі сэнс, што раз яны былі, да чаго б гэта? Але вельмі проста: гэтая кавярня поруч з іх офісам. Я не падазраю гэтых людзей. Ды і ўрэшце, мне сок давала афіцыянтка, а не Андрэй ці Таццяна. Яны выпадкова сталіся сведкамі, таго, што адбылося са мной. Зрэшты, і з імі такое можа адбыцца.

Пра колькасць несапраўдных подпісаў

На жаль, я, як прэтэндэнт, не маю тых правоў, каб прыйсці ў тэрытарыяльную выбарчую камісію і праверыць, ці тыя падпісныя лісты здаваліся. Напэўна, праўду кажуць, у тым ліку і ЦВК: Віктара Цярэшчанку падставілі. Але хачу зноўку сказаць: нельга ўзважваць 130 тысяч здадзеных і 6699 прызнаных сапраўднымі подпісаў. Лідзія Ярмошына правільна заўважыла: гэта латарэя.

Хто кажа пра тое, што [правяралі] менавіта тыя падпісныя лісты, якія каардынатары завезлі (калі яны сапраўды завезлі са штаба проста ў выбарчыя камісіі)? Як я магу несці за гэта адказнасць?

Пра рашэнне ісці на выбары

Не хачу нікога пакрыўдзіць, скажу шчыра і проста — перад вамі і перад людзьмі. Я падаў дакументы апошнім: за гадзіну і дваццаць хвілін да закрыцця, калі паглядзеў, што зноў адбываецца спектакль. Калі кандыдатамі, я бачу, могуць быць зарэгістраваныя людзі, якія не ведаюць, скажам, сферу матэрыяльнай вытворчасці, эканоміку; калі чалавек не працаваў майстрам, начальнікам цэха, кіраўніком прадпрыемства…

Пра “Таню Караткевіч” і “двух падпалкоўнікаў на пенсіі”

Мы можам нават па прозвішчах паглядзець, не пакрыўдзіўшы нікога. У нас ёсць, напрыклад, Раманоўская, настаўніца. Добрая. Але ж мы кажам не пра яе, як чалавека, а кажам пра яе вытворчы досвед. Таня Караткевіч — харошы чалавек. Але яна нават завучам ці дырэктарам школы не працавала. Што мы хочам зляпіць з гэтага чалавека, які не прайшоў шлях разумення дзяржаўнага будаўніцтва? Які не разумее машыну гэтую, хаця б сярэдяе прамысловае прадпрыемства. Або два чалавекі — падпалкоўнікі на пенсіі — Улаховіч і Гайдукевіч. Так, харызма прысутнічае, але на гэтых людзей нельга пакласці грамадства, даверыцца ім. Таму што гэтыя людзі не маюць досведа і наўпрост заяўляюць: мы ідзем, каб падтрымаць дзейнага кіраўніка дзяржавы. Шаноўных Сяргея Калякіна і Анатоля Лябедзьку гэтак жа, як і мяне, падставілі пры зборы подпісаў.

Пра адзінага кандыдата

Кожны бачыць сябе нейкім маленькім фараонам. Да чаго мы ідзем? Да расколу, кожны сам сабе. Выбары — гэта не палітыка, гэта нашае жыццё. Я казаў і кажу пра эканоміку. Калі выканаўчая ўлада зноўку пойдзе таптацца тым жа шляхам, то мы проста станем пэўнай вобласцю нейкага суседа — Расіі ці, хацелася б, больш эканамічна развітага. Я думаю, мы павінны зрабіць ўсё, каб захаваць дзяржаўнасць, захаваць сваю тэрыторыю і культуру. Гэта не абмяркоўваецца.

[…] Галоўнае пытанне — эканоміка. Эканамічная незалежнасць ад тых, з кім мы працуем па экспарце ды імпарце. У структуры экспарта ды імпарта Расія займае 50%. Сёння кожны абывацель разумее, што калі б кошты на нафтапрадукты былі не ўнутрырасійскія, а як для Літвы, Польшчы ці Украіны — то мы даўно былі б банкрутам. Але нават атрымліваючы нафтапрадукты па ўнутрырасійскіх коштах, у нас цэны на прадукты даражэй, чым у Польшчы! Гэта нельга далей дапускаць!

Пра Міколу Статкевіча

Я разглядаю Мікалая, як чалавека высокакультурнага. Дастаткова адукаванага — мала хто ведае, ён мае навуковую ступень. Гэта пісьменны чалавек! Быў выладчыкам ВІЗРВ, цяпер гэта Ваенная акадэмія. І я падтрымаў чалавека [уваходжаннем у ініцыятыўную групу], які знаходзіўся ўжо 4,5 года за кратамі паводле палітычных меркаванняў. Уся сусветная супольнасць звяртае ўвагу Беларусі: ну не справа трымаць супернікаў паводле палітычных перакананняў у турме. Вядома, я разумеў, што гэтую групу не зарэгіструюць. Але я пайшоў супраць ветра, супраць улады. Я грамадзянін, чаму я павінен з некім шаптацца?

Пра тое, чаму вызвалілі Статкевіча ды іншых палівязьняў

Вельмі проста: выбары павінны быць без палітычных зняволеных. Каб быць прызнанымі сусветнай супольнасцю. Прызнанне выбараў важнае для дзяржавы. І я за гэта, як чалавек, які быў і ёсць староннікам дзяржавы. Але падтрымаць Мікалая я павінен быў. Бо гэта людзі, якія сядзяць за свае погляды. Яны не парушылі Крымінальны кодэкс, нікога не забілі. У іх інакшы пункт гледжання. Чаму яны павінны быць у турме?

Пра Беларускую народную партыю, якую ўзначальваў з 1994 па 2000 год

У 1994 годзе 5 кастрычніка, звольніўшыся з Адміністрацыі прэзідэнта, я ўзначаліў Міжнародны інстытут менеджмента, у гэты ж дзень мы правялі ўстаноўчы з'езд і была створаная, у межах заканадаўства, Беларуская народная партыя. Гэта недзе 1500 чалавек. Дарэчы, газета «Рэспубліка» 30 снежня 1994 года на 4 (!) старонках змясціла праграму, мой выступ і палітычную заяву. А ў 2000 годзе ў сакавіку рашэннем Вярхоўнага Савета партыю ліквідавалі. Я не абскарджваў гэта. Я быў нязменным кіраўніком. Дарэчы, той самы Улаховіч Мікалай Дзмітрыевіч быў маім намеснікам.

Пра Мікалая Улаховіча

У прынцыпе, гэта дастаткова адукаваны чалавек, з пэўным жыццёвым досведам, былы вайсковец. Я б сказаў, што ён сапраўдны грамадзянін Беларусі. З ім можна кантактаваць і працаваць. Крытыка, якую даюць на адрас Улаховіча, калі хочаце, аб'ектыўная. Я б на яго месцы не на ўсё рэагаваў. Дарэчы, ён так і робіць.

Пра казакоў

Мікалай Улаховіч, наколькі я памятаю, у 1998 годзе стварыў грамадскае аб'яднанне «Беларускае казацтва». Я тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. Дарэчы, я адзін з нямногіх, які таксама падтрымаў яго. Паглядзіце газету «Рэспубліка» за 30 студзеня 2001 года, там мой артыкул на ўсю старонку «Нам патрэбныя кадэты». Мы ж гаворым пра выхаванне нашых дзетак. Гаворка не ідзе пра вышэйшую матэматыку. Гаворка ідзе пра будучага афіцэра, абаронцу дзяржавы, грамадзяніна. Дык вось, Улаховіч менавіта падтрымаў гэта. Казацтва — гэта не шашкай махаць ці нешта «ряженое», гэта культура народа, у тым ліку і беларускага народа, і літоўскага народа, і польскага народа. Я не ведаю, чым яны займаюцца цяпер, але ў адпаведнасці са Статутам (я паглядзеў) — гэта толькі на карысць дзяржавы. А той, хто неяк коса пра іх пачытаў — маўляў, яны «зялёныя чалавечкі» —дык яны грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

[…] Кіраўнік майго штаба Алег Несцяркоў — грамадзянін Беларусі (сам Несцяркоў называе сябе «генерал-маёрам» і прадстаўніком «Вялікага брацтва казацкіх войскаў Расійскай Федэрацыі» ў Беларусі. — рэд.). Ён прадстаўляе грамадскае аб’яднанне, я потым пацікавіўся, там усё ў межах заканадаўства. Я яго ведаю 19 гадоў. Але ў грамадскай працы я не бачыў ягоную дзейнасць, звязаную з казацтвам. Я ў ім пабачыў кіраўніка штаба, бо ў 2010 годзе ён быў намеснікам кіраўніка штаба. Прыняўшы рашэнне [балатавацца], даверыць у кароткі час некаму іншаму я не мог.

Пра «рускі свет»

Я лічу, што Беларусь павінна жыць паводле сваіх законаў, з улікам свае культуры, ментальнасці і эканомікі. Я, беларус, адчуваю ўплыў расіян. Калі сёння асноўныя фонды прадпрыемстваў, якія працуюць эфектыўна, пад рознымі ўмовамі прадаюцца ў тым ліку і расіянам — я супраць. А дзе мы, беларусы, і хто мы будзем праз 10 год? У сваёй краіне — рабочымі.

Беларусь — частка «рускага света», мы гаворым многія на рускай мове. Дарэчы, як і я, хоць я беларус, добра ведаю беларускую мову. Але ў дачыненнях, тым больш у эканоміцы — размаўляць на беларускай мове? Які ў нас сёння эканаміст размаўляе на беларускай мове? Вы кажаце, Аляксандр Чубрык? Ну добра, але я не ведаю, каб ён гэтак жа добра ведаў не толькі беларускую мову, але і эканоміку. Не галоўнае, на якой мове. Галоўнае, мы павінны працаваць у інтарэсах дзяржавы, грамадзянамі якой мы з'яўляемся.

[…] Сам панятак «рускі свет» я разумею ў шырокім сэнсе. З улікам нашай гісторыі, але ў першую чаргу сённяшняй эканомікі, культуры, гутарковай мовы, сваяцкіх дачыненняў і гэтак далей. Але калі глядзець «рускі свет» як уплыў «рускага света» на тэрыторыю Беларусі, я катэгарычна супраць. Катэгарычна! Бо сёння дастаткова прыкладаў і ў сферы матэрыяльнай вытворчасці, і бізнеса, і нават у сферы чалавечых дачыненняў, калі прысутнічае ўплыў усходняга суседа на Беларусь. Беларусь — самастойная дзяржава. Іншае пытанне — залежная ад Расіі.

Пра расійскія вайсковыя базы

Я адназначна разглядаю гэта адмоўна. Я не згодны з тым, каб на нашай тэрыторыі была менавіта жывая сіла і тэхніка. Могуць быць лакатары ў раёне Маладзечна-Вілейкі. Але калі знаходзіцца баявая тэхніка і жывая сіла — гэта ўжо праблема. І праблема не для Расіі, а праблема для Беларусі, у тым ліку з боку суседзяў.

Пра спарынг-партнёрства

Не будзем губляць на гэта час. Гэта чалавек 20-30, якія, з улікам сваёй культуры, называюць мяне так. Гэта іх праблемы. Я эканаміст. Я гэта падкрэсліваю яшчэ раз. Я кажу не пра інтарэсы нейкай партыі.

Пра тое, ці варта здымацца

Што значыцца «зняўся»? Гэта значыцца, што будуць некалькі кандыдатаў, якія яшчэ на паседжанні ЦВК скажуць, што лепш за цяперашняга кіраўніка дзяржавы нікога няма. Дык што гэта за цырк? Як гэтаму не супрацьстаяць? Выбары — гэта адзіная магчымасць паказаць рэальную сітуацыю ў грамадстве і данесці праграму, калі яна ёсць.

Пра Лукашэнку-прэм'ера

Калі я раблюся прэзідэнтам, то Аляксандр Рыгоравіч са сваім досведам, сваім здароўем, харызмай і жаданнем працаваць сапраўды на карысць Беларусі — а куды яго? Калі ласка, стань на чале выканаўчай улады. Гэта самае цяжкое. Думаю, іншай кандыдатуры быць не можа.

Пра тое, як беларускі рубель будзе роўны 1:1 да даляра

Цягам 5 гадоў можна стабілізаваць нацыянальныя грошы без дэвальвацыі з пэўным механізмам 1:1 да даляра. І на гэтай купюры будзе партрэт Аляксандра Лукашэнкі — я ўжо казаў пра гэта раней. Прыгадайце, калі ў Латвіі былі латы. Адзін лат — два даляры! Вось вам адказ. Не важна, які курс. Адзін да аднаго, ці адзін да паловы даляра. Мы гаворым у прынцыпе, што за 5 год можна стабілізаваць нацыянальныя грошы. Каб чалавек атрымоўваў беларускі рубель, і сваёй дачцэ на дзень народзінаў у канверце падараваў беларускі рубель, а не сімвал замежнай валюты. Каб чалавек захоўваў беларускія рублі, і яны не дэвальваваліся. А цяпер…

Прывяду вам вельмі просты прыклад з запалкамі. Запалкі паводле наміналу выраслі больш, чым у 300 мільёнаў разоў. Ёсць пытанні? Або іншы прыклад. У 1990 годзе пры сярэднім заробку ў 263 рублі мы маглі набыць 148 кілаграмаў ялавічыны. А цяпер толькі палову. Тады 156 кілаграм свініны — а цяпер менш за палову. Але чаму сёння гарэлкі можам набыць у тры разы болей на той жа заробак, што ў 1990 годзе. Пі, народ!

Пра залежнасць беларускай эканомікі ад Расіі

Мы падлічылі, што на 86% беларуская эканоміка залежная ад Расіі. Калі спыняцца датацыі і ўнутраныя кошты на энерганосьбіты — усё, мы краіна-банкрут. І інакшага шляха, апроч як аб'яднанне з іншымі тэрыторыямі, няма.

Пра трактары

Чаму вакол трактарнага завода стаяць тысячы непрададзеных трактароў? Ад глупства — ці ад розуму. Мы паказваем ВУП, што ён вырас. Але зусім не думаем пра мадэрнізацыю, што Расія ўступіла ва Усясветную гандлёвую арганізацыі. Сёння просты селянін лепш набудзе стары «Катэрпілер», чым новы «Беларус», які з Мінска да Рагачова можа не даехаць.

Пра выкапні

Шмат кажуць, што ў нас няма выкапнеў. Спытайцеся, што ёсць у Даніі, у Літве, у Латвіі. А ў нас ёсць нафта, ёсць Салігорск, добрае геапалітычнае становішча. Таму, паўтару, цягам 5 годы мы цалкам здольныя стаць эканамічна незалежнымі.

Пра будучыню Еўразвяза

Праз 8-10 год і Беларусь, і Расія, і Заходняя Еўропа будуць зусім іншымі. І Еўразвяз не будзе мець таго значэння, што цяпер. А прычынаў гэтаму шмат. Зірніце сёння эканоміку Кітая, паўднёва-ўсходнюю Азію — і што такое Заходняя Еўропа па магутнасці ў эканоміцы. Нішто. Я ўжо не кажу пра насельніцтва, пра геапалітыку. Значнасць Заходняй Еўропы будзе падаць. Трэба па ветры адчуць, якім шляхам і з кім пайсці, у тым ліку і Беларусі.

Пра тое, што мы «жывем не па сродках»

Андрэй Тур сказаў тады праўду. Да цяперашняга часу, калі ўзяць з улікам дынамікі, грамадзяне Беларусі жывуць у доўг. У сярэднім прыкладна — 2 даляры суткі/чалавек. Калі памножыць на насельніцтва — то гэта мільярды.

Пра свае эканамічныя прапановы

Калі з боку выканаўчай улады прагучыць: ведаеш, Віктар, давай, ствараем працоўную групу… Мне ж не трэба пасада. Давайце створым працоўную групу. І дайце мне на прыкладзе прадпрыемства паказаць, што гэта магчыма. Я буду рады і шчаслівы, як грамадзянін, што я прынясу карысць грамадству. Не пра Віктара гаворка. Першасна — народ, а не Віктар. Я быў і застаюся прыхільнікам Беларусі. Мы вынайшлі шлях вырашэння эканамічных праблем. І не прадаем яго, а кажам: вазьміце, калі ласка.

Пра дзяржаўную мову

Адназначна — беларускую мову трэба адраджаць, пачынаючы са школы. Да раніцы гэта не зробіш. Можна сказаць: ад заўтра ўсе размаўляем на беларускай мове. Але хлеба і сала багата ад гэтага не будзе. Паэтапна трэба праз сістэму адукацыі ўсё больш і больш прапаноўваць насельніцтву культуру і мову. Але вось вам нечаканы момант. У нас вялікая частка польскага насельніцтва. Чаму б сёння не даць калі не статус дзяржаўнай, то падтрымаць на дзяржаўным узроўні права насельніцтва размаўляць на польскай мове? А можа, бліжэйшым часам рэферэндум і прыме тры мовы, напрыклад.

Думаю, колькасць дзяржаўных моваў не так важная. Я лічу, гэта няправільна, калі будзе толькі адна мова. Мы заўсёды будзем некага закранаць. У нас сёння тры асноўныя мовы ва ўжытку — руская, беларуская і польская. Чаму заўтра праз рэферэндум не зрабіць тры дзяржаўныя мовы? Але сёння я б захаваў дзве мовы — беларускую і рускую — і не бярэдзіў бы гэтае пытанне.

Пра беларускія кнігі, якія варта прачытаць

Часта прыгадваю, як быў на пахаванні Васіля Быкава. І прайшоў пехам ад вуліцы Фрунзэ да Усходніх могілак. Я хачу перачытаць кнігі Васіля Быкава, яны заслугоўваюць асаблівай увагі. У гісторыі Беларусі, як пісьменнік, чалавек, Васіль Быкаў застаўся грамадзянінам. Не сагнуўся ані перад сістэмай, ані перад дыктатурай, ані перад нейкай асобай. Ён застаўся чалавекам. Гэта многага варта.