Мікалай Улаховіч: нас не трэба далучаць, мы ўжо ў Расіі

Мікалай Улаховіч — кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Гутаркай з ім мы прадстаўляем сумесны праект ePramova.org і Naviny.by — відэаінтэрв’ю з кандыдатамі.

Мікалай Улаховіч — кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Гутаркай з ім мы прадстаўляем сумесны праект ePramova.org і Naviny.by — відэаінтэрв’ю з кандыдатамі. Героямі праекта сталі як людзі, што атрымалі пасведчанні ў ЦВК, гэтак і тыя, хто з розных прычын не прайшлі гэты этап і не былі зарэгістраваныя.

У гэтым інтэрв’ю Мікалай Улаховіч выказаўся пра ўладу, апазіцыю, збор подпісаў, грошы, казакоў, праваслаўную царкву, габрэяў, інтэлігенцыю, рускі свет, Крым, Алеся Чаркашына і Мікалая Статкевіча. Мы вельмі раім вам паглядзець менавіта відэаверсію гутаркі. Але ніжэй прапануем таксама набор самых цікавых, на нашую думку, цытат Мікалая Улаховіча.


Мікалай Улаховіч нарадзіўся ў 1951 годзе ў Мінску. Старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман РГА “Беларускае казацтва”. 22 гады служыў у савецкім войску, скончыў кар’еру ў Беларусі ў 1992 годзе палкоўнікам. Працаваў галоўным інжынерам жыллёва-камунальнай гаспадаркі МТЗ; гендырэктарам навукова-вытворчага аб’яднання “Жылкамунтэхніка”; начальнікам упраўлення ЖКГ Мінаблвыканкама, начальнікам галоўнага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, генеральным дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра ўліку і рэгістрацыі нерухомасці. Цяпер — намеснік старшыні Мінскага абласнога спажывецкага саюза.


Пра тое, ці прадстаўляе ўладу

На сёння я магу адкрыта сказаць. Усё вельмі проста. Не з’яўляюся я прадстаўніком улады. І на першым этапе мне хацелася падавацца, што я прадстаўляю ўладу. Бо, вы самі разумееце, мяне хвалявала пытанне, каб прайсці “галасавы бар’ер”, атрымаць галасы. Я — вылучэнец найперш сваёй партыі і беларускіх казакоў. І, вядома, асабістыя амбіцыя пераадолелі.

Пра Івана Ціцянкова

[…] Мне ўлада ніколі не дапамагала, наадварот, імкнулася выштурхнуць з сістэмы. Нават калі я пачынаў працаваць у Галоўным упраўленні справамі прэзідэнта пад кіраўніцтвам Івана Іванавіча Ціцянкова — праз год, калі я з ім папрацаваў, ён вырашыў, што разумныя яму не патрэбныя. І мая служба скончылася.

Пра тое, як адчыняў палацы культуры Аляксандру Лукашэнку

У 1994 годзе я ўваходзіў у ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі. У нас былі сустрэчы. Гэта былі кароткія сустрэчы, але асабістыя сустрэчы ў ягонай агітацыйнай кампаніі. Насупраць сядзеў Фядута Саша, я насупраць Сашы.

[…] Я ўваходзіў у каманду толькі на першым этапе, калі толькі-толькі з’явілася жаданне Аляксандра Рыгоравіча стаць прэзідэнтам. Тады, на першым этапе, мы былі яму патрэбныя.

[…] Самае складанае — гэта вулічны аратар. Ніхто ж не ведае гэтага майстэрства. Я з вулічных аратараў, я якраз не акадэмічны аратар. Гэта вельмі складаная прафесія. Цяпер некаторыя стараюцца яе ўспомніць. Бяруць мікрафон на вуліцы… А трэба без мікрафона. У мяне была такая практыка, у 1994-м я пачынаў з гэтага. Збіраў на вуліцах, адчыняў палацы культуры перад тым, як прыедзе будучы прэзідэнт.

Пра тое, як удалося сабраць 149 тысяч подпісаў

Я — ганаровы работнік ЖКГ Рэспублікі Беларусь, мяне многія ведаюць асабіста, мне не было праблемы збіраць. 160 тысяч працуе ў ЖКГ і 100 тысяч працуе ў спажыўкааперацыі. […] У абедзеных перапынках, пасля працы… Я сабраў лёгка подпісы, вы можаце праехаць па Мінскай вобласці, спраўдзіць. І дзе хоць адзін заявіў, што ён гэта рабіў няшчыра?

[…] Але ж вы не забывайцеся пра партыю — гэта 1500 чалавек, казакі — гэта 1500 чалавек. У мяне казакі толькі ў Віцебску сабралі 10 тысяч галасоў. Партыя таксама нямала сабрала. Па Магілёву ў асноўным партыя працавала.

Пра бандэраўцаў

Ёсць спадар Трусаў, які, уласна, ствараў БНФ. Я чытаў ягонае інтэрв’ю. Я толькі апошнім часам стаў чытаць, што піша ён, што піша Пазьняк, што піша Кебіч… І вось ён [Трусаў] напісаў, што Аляксандр Рыгоравіч вельмі любіць асабістую ўладу. І таму ніколі не здасць незалежнасць Беларусі. Я з ім згодны. Хоць спадар Трусаў — бэнээфавец, з’яўляецца маім палітычным супернікам. Бо я ўвогуле не прызнаю БНФ, БНР — гэта тое, што прыдумана людзьмі ну… прыкладна, як Бандэра на Украіне. Я іх называю “нацпатрыёты”. А бандэраўцы — гэта фашысты. А БНФ… Я не сказаў, што яны фашысты. Я сказаў, што яны — нацпатрыёты. Я прачытаў выраз Зянона Пазьняка, калі ён сказаў — гэта Кебіч піша ў сваім артыкуле — “ты, Вячаслаў, калі я прыду да ўлады, на першым ліхтарным слупе я цябе павешу”.

Пра Алеся Чаркашына

Калі я сядзеў на сесіі ПАСЕ, спадар Севярынец узарваўся і сказаў: “Трэба Чаркашына хаваць”. Той, які загінуў з боку АТА на Украіне. Я сказаў: “Я не зразумеў, чаму мы павінны гэтага чалавека хаваць, на падставе чаго? Ён сам, па сваёй волі ўвязаўся ў ваенны канфлікт на тэрыторыі Украіны”. А Беларусь — нейтральная, мы не падтрымліваем вайну на Украіне, чаму мы павінны хаваць? І потым, малады чалавек [Севярынец], вы нават не афіцэр, вы ніколі не бачылі крыві. Ну, пабіўся там з міліцыяй пару разоў, хіба гэта кроў? Вы не бачылі, якое няшчасце вайна. Я супраць вайны. Я яму сказаў, што майго дзеда ў 1943 годзе забілі ўласаўцы. Севярынец кажа: “Дык гэта ж рускія”. Так, рускія фашысты. А бацьку ўзялі ў палон фашысты нямецкія. Розніцы ў нацыянальнасці між фашыстамі няма. А нацпатрыёты — гэта першая стадыя да таго, каб наблізіцца да фашыстаў. А я — патрыёт сваёй радзімы, я патрыёт незалежнасці сваёй радзімы. Я інтэрнацыяналіст.

Пра адстаўку ўрада

Першае, што я зраблю, калі стану прэзідэнтам — гэта адстаўка ўрада. У поўным складзе. А потым бы разабраліся, каго пакінуць. Тлумачу. Усе крычаць: “Ганьба Лукашэнку! Кепскі Лукашэнка!” А мы давайце паглядзім на памочнікаў. Вось адзін прыклад. Сёння мы раптам пачалі казаць пра гарады-спадарожнікі, пра перанасельніцтва горада Мінска. А вы не хочаце прыгадаць, хто быў пачаткоўцам перанасельніцтва Мінска? Спадар Ярмошын, які пачаў у забудову ўсоўваць дамы. Бо па-глупаму выконваў каманду, дадзеную прэзідэнтам.

Пра тое, ці лічыць сябе апазіцыяй

Ну, як вам сказаць? У нас няма апазіцыі, у нас ёсць нацпатрыёты. Вось паказваюць па тэлевізары: прэзідэнт робіць тое, прэзідэнт робіць гэта. Гэта вялікая праца. Але са 100% ягоных справаў мы можам знаходзіць, што, можа, нейкія і не трэба было рабіць. А ў гэты час я чую свайго сабрата-афіцэра — аднаго, другога — якія крычаць “ганьба, ганьба!” І што прапануюць? Беларускую мову як адзіную [дзяржаўную], сцяг замяніць. Вы мне даруйце, я паважаю сцяг. Увогуле сцягі паважаю. Гэта не значыцца, што калі мы зменім колер сцяга, заменім наш сённяшні сцяг на чырвона-белы, то ад гэтага народ стане жыць лепей. Ведаеце, БНР — гэта не тая арганізацыя краіны, якую я хацеў бы бачыць у Беларусі.

[…] ВКЛ — гэта ж літвіны, а не беларусы. Увогуле, беларусаў хто зрабіў? Савецкі саюз. А дагэтуль былі літвіны. Я ўвогуле не разумею значнасць гэтага сцяга. Калі па вялікім рахунку, то і савецкага, і чырвона-белага. Я не прывязваюся да нейкіх сімвалаў, значкоў. Пагоня — не Пагоня. Хвост апушчаны — хвост падняты. Вось калі б мне сказалі, што заўтра Беларусь трэба працягнуць да Вільнюса, і ўзяць там яшчэ Беласток — тады я зразумею, гэта будзе ВКЛ. Але гэтыя тэрыторыі былі парэзаныя Сталіным Іосіфам Вісарыёнавічам. Мы можам сёння паехаць у Беласток і размаўляць на беларускай мове, і ў Вільню можам паехаць і размаўляць. Таму, калі б гэтая нацыя склалася ў тых межах, у якіх яна магла быць, як ВКЛ, — ну, тады іншая справа. А сёння кавалак, які абрэзалі, трэба яго захоўваць — гэтую незалежную Беларусь.

Пра пагрозы незалежнасці

Іх [пагрозаў нашай незалежнасці] — іх столькі… Занадта шмат. Калі Госпад Бог, або, як кажуць, выбаршчык вырашыць, што Улаховіч яшчэ можа вырашаць пытанні ў асобе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — то я, відаць, прымаў бы іншыя рашэнні. Грамадская палата, партыйнае будаўніцтва, больш шырокае кола прыватызацыі, даць хаду малому бізнесу, рэформы праводзіць у адукацыі, ахове здароўя ахайна, ЖКГ зусім не чапаць… Я ўвогуле сказаў, што метр жытла сёння мусіць каштаваць у тры разы танней. А яго камерцыйныя структуры прадаюць утрая даражэй.

[…] Пагрозы нашай незалежнасці ідуць з усіх бакоў. Калі казаць пра незалежнасць, то нам пагражаюць усе тры гульцы геапалітычнага поля — Расія, Еўразвяз і Амерыка.

Пра аднаго казака і пяцёра атаманаў

Піярыцца мне сёння ёсць сэнс па-любому. Трэба раз і назаўсёды сказаць, што ў Беларусі ёсць беларускае казацтва. Нароўні з данскім, цвярскім, кубанскім… Бо гэтае дасягненне — і маё асабістае. Слова “беларускія казакі” не падабаецца мясцовым балбесам. Пачынаюць казаць: ражаныя, паўражаныя… Так, ёсць такое: адзін казак, пяць атаманаў, абвешаюцца медалькамі... Таму мы і зарэгістравалі грамадскае аб’яднанне, каб такога не было. Але я не пайшоў па шляху, што давайце раздзярэм іх на часткі і будзем здзіраць пагоны. Тады і нашых казакоў параспранаюць.

[…] Я ўвогуле служыў у вайскова-будаўнічых частках. У нас там кожны першы па разу і па два хадзілі ў турму. І я працаваў з гэтымі людзьмі 24 гады. Я чалавек свабодны, раз знайшоў час займацца палітычнай дзейнасцю. Дзеці выраслі, унукі падрастаюць. Я не баюся нейкіх правакацый, хоць усё можа быць. Але я езджу ў грамадскім транспарце, хаджу каля свайго дома — ноччу, уначы, з партфелем — без партфеля, з грашыма — без грошай.

Пра фэйкавыя старонкі ад яго імя

Я сацыяльныя сеткі не паважаю і ніколі іх не чытаю. Таму калі прышоў карэспандэнт, я адразу сказаў, што ніякага дачынення да гэтых старонак не маю. Нейкі хлопчык ці два хлопчыкі смешныя… Калі б я ведаў, хто гэта, я б яму адарваў… вушы накруціў! Апроч улады, апроч Захада, якія маглі б пайсці на нейкую правакацыю, у мяне хапае і асабістых ворагаў.

Пра давераных асобаў

Калі складаў спіс давераных асобаў, прыкінуў, што патрэбныя працаўнікі. Бюджэт у мяне невялікі, не тое, што ў некаторых — па 150 тысяч даляраў далі. Ёсць у мяне такія звесткі!.. Хоць я, пэўна, ужо пачаў нешта не тое казаць.

Пра Сталіна і Курапаты

Як мне ставіцца да Сталіна? З аднаго боку вялікая вайна выйграная, а з другога боку — 20 мільёнаў рэпрэсаваных. Я ў гэтым жыцці не жыў і не хачу судзіць. […] У Курапатах я быў. Проста пайшоў і паглядзеў, як грамадязнін.

Пра Украіну

Мне вельмі крыўдна, што мае браты знішчаюць адно аднога. Бо і з таго, і з іншага боку маю знаёмых. Я б сказаў, што гэта менавіта канфлікт. Вось калі б гэта была вайна афіцыйна абвешчаная… Вайну трэба абвяшчаць, калі гэта вайна. Я Парашэнку не лічу за вялікага палітыка. З тае прычыны, што ён звычайны камерсант, які ўмее рабіць грошы і які за грошы патрапіў на вяршыню ўлады — і панеслася. Але Пуціна я лічу паліыткам. І вельмі тонкім. Тым больш з такім мінулым. Я ніколі не працаваў у такіх структурах, але мае сябры працуюць. На тэхнічных пасадах, але ж калі ты ўжо туды патрапіў — ты ў гэтым арганізме. І калі я прыязджаў да Барадзіна Паўла Паўлавіча да пад’езда, а да мяне падскокваў мой аднакашнік і казаў: “Вой, Коля, здароў, выпадкова сустрэліся!..” Мяне гэта вельмі здзіўляла.

Пра Крым

Крым быў і застаецца расійскім. У Крыме рускамоўнае насельніцтва. Гэта людзі, якія імкнуцца ў рускі свет. Я ведаю, што 90% крымчан былі за пераход у Расію. Гэта шчыра і справядліва. У мяне жонка руская, што вы мне расказваеце.

Пра рускі свет

Для мяне рускі свет таксама ўжо мае нейкае значэнне. Там вялікая культура, там Леў Мікалаевіч Талстой, Дастаеўскі, Пушкін. Я вам хачу сказаць, што многія нармалёвыя людзі ў свеце не адвярнуліся ад Расіі, вы памыляецеся. Вядома, я за рускі свет. Беларусь у канктэксце ўваходзіць у рускі свет: вялікарос, маларос, беларос… Пачатак — рускасць. Беларусь — частка рускага свету.

[…] Ніхто нас не прыдзе далучаць па розных прычынах. Нас не трэба далучаць, мы ўжо ў Расіі. І мыслім мы па-расійску, і робім па-расійску. Адзінае што не хочацца губляць, пра што я буду змагацца — гэта незалежнасць. Мы даўно думкамі ў Расіі, але традыцыйна мы павінны застацца краінаю.

[…] На 75% нашая эканоміка залежная ад Расіі. Я — за роўныя стасункі Беларусі з Еўразвязам і Расіяй. Калі б я стаў кіраўніком, 50% рынка было б арыентавана на Расію, 50% — на Еўразвяз.

Пра расійскія вайсковыя базы

У нас даўно ўжо гэтыя базы стаяць. Тут такое стаіць, што вам не снілася. Пра што вы кажаце, два самалёты прыляцяць. Тут стаіць нашмат сур’ёзнейшае ўжо. А як ставіцца, калі гэта ўжо існуе? Мы ж уваходзім у вайсковы блок з Расіяй. Я ўвогуле лічу, што Узброеныя сілы Беларусі непатрэбныя. Нам патрэбная Нацыянальная гвардыя. Сілам Еўразвяза, каб дайсці ад Брэста да Смаленска, трэба 15 хвілін. Сілам Расіі, каб дайсці да Брэста — тыя ж 15 хвілін. Калі нехта вырашыць увайсці на нашую тэрыторыю, то нашыя Узброеныя сілы ніякай ролі іграць не будуць.

Пра Статкевіча

Статкевіч не стаў прызнаваць факт, што мы знаёмыя, і я ўжо не хачу прызнаваць. Мы сядзелі за адным сталом, калі вось былі сталы АБСЕ, збіраліся. Там ёсць пратакол. Проста ён не звярнуў на мяне ўвагі, я для яго занадта маленькі. Ну дык калі ён мяне не хоча пазнаваць, дык чаго я яго буду пазнаваць.

Пра сваё стаўленне да яго магу сказаць, як афіцэр да афіцэра. Я не ведаю, чаму, як афіцэр, ён заняўся палітыкай. Я таксама афіцэр, таксама заняўся палітыкай. Я, дапусцім, ведаю, навошта я гэта рабіў. У 1994 годзе я Статкевіча нідзе не бачыў. Вы кажаце, Беларускае згуртаваннне вайскоўцаў? Яго ўзначальваў Мікалай Дзмітрыевіч Улаховіч. І ў мяне было 1700 чалавек у Фрунзенскім раёне, дзе я ўзначальваў, я ўваходзіў у вышэйшую палітраду. Так, ён збіраў згуртаванне вайскоўцаў, мне нават перадавалі прывітанне ягоныя сабраты. Але ён яго сабраў? А Саюз афіцэраў запаса дагэтуль працуе, які мы стварылі.

Пра іншых кандыдатаў на выбарах

Дай Бог, каб я да 11 кастрычніка ні пра кога з іх не сказаў ні слова. Ні пра Караткевіч Таццяну — вельмі мілая, разумная, ветлівая, цікавая жанчына. У адносінах Сяргея Гайдукевіча. Афіцэр — гэтак жа, як Статкевіч, як Улаховіч. Некалі мяне вучылі, што ў краінах трэцяга свету ўладу бярэ ці інтэлігенцыя, ці афіцэрскі склад, між намі кажучы. Але, па вялікім рахунку, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка таксама афіцэр.

Пра казакоў у “ДНР” і “ЛНР”

Кажаце, клоўны, жартаўнікі? У Луганску і “ДНР” іх аказалася 20 тысяч. Там гэта асноўная сіла, яны трымаюць мяжу, яны ваююць з АТА, з украінцамі. Вось вам і “ряженые”. А я іх усіх ведаю! І на баку Украіны яны таксама ваююць. І тых ведаю, на жаль. І тых бачыў, як яны хадзілі і казалі “Слава Украіне!” А я казаў: “Глядзіце, гэта бандэраўскі лозунг!” Папярэджваў!

[…] Наконт лозунга “Жыве Беларусь!” — я не глядзеў, каб паліцаі так казалі, хоць насілі адпаведную павязку на рукаве. Таму “Жыве Беларусь!” не прайшло, а “Слава Украіне!” прайшло капітальна, бандэраўцы забівалі людзей…

Пра дзяржаўных людзей

[Калі тут пачнецца заварушка], казакі будуць на баку дзяржавы. Мы — людзі дзяржаўныя. Хто б ні быў пры ўладзе, мы будзем за існую ўладу.

Пра казакоў у гісторыі Беларусі

Канстанцін Паклонскі першы атрымаў чын палкоўніка, сабалі і грошы з рук цара ў 1654 годзе. Ён праз паўтара года перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і ваяваў ужо з расійскімі войскамі. Казак — гэта чалавек складаны. І пачатак казацтва быў як? Збіраецца шайка-лейка — і вось. Там жа не было асаблівай палітыкі. А потым толькі з’явіліся святары… Казацтва — абсалютна беларуская з’ява, яшчэ да Рэчы Паспалітай. Калі цар-гасудар расійскі здрадзіў беларускаму казацтву. Сказаў: хто хоча, заставайцеся тут халопамі.

Пра родавых казакоў

Калі ў мяне ідзе драчка — “я родавы казак”, “а я прыпісны” — я іх роўненька шыхтую. Кажу: і той казак, і гэты. Бо дзе ты, праз столькі год, знойдзеш свае карані. Але ёсць! Прыносяць фотаздымкі, клянуцца крывёю на паркеце, што яны родавыя казакі…

[…]У Беларусі захавалася любоў да формы. У казакі прыходзяць па многіх прычынах. І можа першасна, што вы кажаце — форма, пагоны, медалі. Можа, чалавек некалі ў жыцці нешта не здолеў зрабіць. Хацеў, але не здолеў. Можа, паводле стану здароўя не ўзялі ў вайсковую вучэльню ці войска. Гэта адна прычына. Іншыя прыходзяць па душы, гэта ўжо больш складаныя людзі. […] У мяне самога ёсць продкі, якія служылі цару ў казацкай ахове.

Пра герояў, якіх ставяць у прыклад казацкай моладзі

Даватар. Леў Даватар вас задавальняе? Гэта беларус. І Каліноўскі, і Касцюшка героі, іх можна ставіць у прыклад. І Максіма Багдановіча можна ставіць, хоць ён паэт і беларускі, і польскі. Ягоная творчасць казакам падабаецца.

Пра мітрапаліта Паўла, уладыку Філарэта і патрыярха Кірыла

Натуральна, я, як сябар КПСС, прыйшоў да царквы не адразу. Але, прызнаюся, што сваіх дзяцей, паводле іх жадання, хрысціў ужо калі быў камуністам. […] Вы не звярнулі ўвагу, што нам наглядальніка прыслалі з боку Рускай праваслаўнай царквы? Я не пра мітрапаліта Паўла, а пра другога, які прыехаў нядаўна. У мяне адзіны аўтарытэт у цяперашнім жыцці беларускага праваслаўя — гэта уладыка Філарэт. Я з ім знаёмы 20 год, па рознаму ў нас складаліся з ім адносіны. Першая сустрэча была такая:” Вось ты, камуняка, такі-гэткі…” І калі ён зразумеў, што мае справу з жывым, нармальным чалавекам, які любіць сваю радзіму — ён сваё стаўленне да мяне змяніў. І апошні час вельмі моцна мяне падтрымліваў.

[…] Вы ведаеце, што ў нас канфлікт у праваслаўнай царкве? У нас жа святары канфліктуюць з уладыкам Паўлам. Відаць, не вельмі задаволеныя ягонымі асобнымі ўчынкамі. Я сустракаюся з уладыкам Паўлам, я з ім нават вітаюся. Ён вельмі самалюбівы чалавек, не з кожным вітаецца. У пачатку дык нават руку не падаваў. Мне дык падаў, канешне. Я ж усё-ткі, як-ніяк, вярхоўны атаман. Куды ж ён дзенецца? За мной жа стаіць свяцейшы Кірыл. Я з Кірылам тройчы сустракаўся. І зараз гаварыць на гэтую тэму мне б не хацелася.

Пра іншыя канфесіі

Да ўсіх стаўлюся нармалёва. Я нават гатовы размаўляць з нашым Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. Таму што казацтва служыла 150 год польскаму каралю, двойчы хадзіла на Маскву. І габрэйская абшчына мела б свабоду. Палічыце, колькі ў нас было сінагог да рэвалюцыі.

Пра беларускую сотню на Майдане

Адзін з маіх казакоў збіраўся ехаць на Майдан, стварыў сотню. Здаецца, там было 8 чалавек. Ён цяпер піша пра мяне розныя гадасці ў інтэрнэце. Спадар Марозаў, Хадасевіч… Я іх за гэта выключыў са свае арганізацыі. Але я іх не хачу паганіць, хай яны гэта чуюць. Хай бы ехалі, хай бы ішлі ваяваць! Але ж яны, даруйце, языком балталі, а нікуды не паехалі!

Пра газету “Личность”

Наконт [цкавання] габрэяў. У мяне там быў галоўны рэдактар Рузава. Яна працавала на гэтую тэматыку — пра габрэйскую змову і гэтак далей. Газету “Личность” я адкрываў як грамадска-палітычную, каб паказаць асобу беларуса. Каб стварыць нацыянальную інтэлігенцыю, пра што я мару. Каб была мінская, беларуская інтэлігенцыя. Беларускай інтэлігенцыі няма, яна проста адсутнічае — у такой форме, як яна створаная ва Украіне і ў Расіі. Яна раскіданая, незгуртаваная. Няма кланавасці інтэлігенцыі.

[…] Я вучыўся ў Кіеве на Вышэйшых партыйных акадэмічных курсах. Дык там кіеўская інтэлігенцыя. Я быў на гэтых раутах, нас вадзілі па найлепшых мясцінах Храшчаціка. Я быў і ў Маскве, і ў Піцеры. Аднойчы спазніўся на цягнік, бо меў квіток на спектакль з удзелам Высоцкага. А дзе ў Мінску праслойка інтэлігенцыі? У нас усё растворана. Няма мінчаніна, усе прыехалі з вёсак. Але імкненне перамагчы Парыж ёсць.

[…] А габрэяў выкінуць з Беларусі нельга. Я нават жыў у камунальнай кватэры з габрэям. Марэк яго звалі, ён быў за мяне старэйшы, навучыў мяне чытаць. Карацей, я не антысеміт. А наконт інтэрв’ю ў газеце з неафашыстамі. Я гэтага не памятаю, бо даўно было. У 1999 годзе газета атрымала папярэджанне за нейкія такія рэчы, пасля гэтага я газету закрыў.

Пра фінансаванне выбарчай кампаніі

Я вам расказваю: я добра зарабляю. Усё са сваёй кішэні. Вы не думайце, што трэба так многа. Наконт подпісаў — я так пагляджу на вас і скажу: не, вядома не плаціў. Я вам сказаў і ўсміхнуўся. Ёсць моманты, дзе даводзіцца ўкладаць грошы. Ці дапамагае нехта з-за мяжы? Не памятаю, памяць кароткая.

Пра спарынг-партнёрства

Такое азначэнне я ўспрымаю за гонар. Для мяне быў бы гонар быць спарынг-партнёрам. Але ніхто не можа зразумець, што я чалавек выпадковы ў гэтай камандзе апынуўся. Але, на жаль, ужо сёння ў мяне пайшлі нейкія неразуменні з органамі ўлады, з прафсаюзамі. На працу заходжу — дык уласны прафсаюзны лідар не вітаецца.

Пра атручанне Віктара Цярэшчанкі

Калі б мяне нехта атруціў, я б стаў нацыянальным героем. Але гэтага, дай Бог, каб не адбылося. Бо нават для маёй сям’і мёртвы нацыянальны герой не патрэбны.

Пра будучую пасаду Аляксандра Лукашэнкі

[Калі б я стаў прэзідэнтам], Аляксандр Лукашэнка атрымаў бы ганаровую пасаду экс-прэзідэнта. Ён бы ездзіў як ганаровы прадстаўнік нашай краіны ў замежныя паездкі. Выконваў бы вялікую місію. У яго вялікае імя, яго ведае ўвесь свет. Гэта была б агромністая падтрымка для мяне.