Уладзімір Падгол: Мінск — у карупцыйнай павуціне

Выступ па радыё Уладзіміра Падгола, кандыдата ў дэпутаты Мінскага гарсавета па 44-й Лагойскай выбарчай акрузе.

Запіс адбыўся 10 сакавіка, эфір — 11 сакавіка 2014 года (18.27-18.30)

Аднойчы Аляксандр Лукашэнка ў парыве шчырасці перад выбарамі сказаў: «Я ни за кого не буду голосовать. Ни за кого! Все равно обманут. Одни ушли со льготами, вторые придут — льготы прихватят. И ещё Лукашенко будут давить. Не потому, что я тут против выборов. Ради бога!... Но я не пойду голосовать».(БТ, 20.04.1995).

Я цалкам падтрымліваю ягоны заклік: «Усё роўна падмануць!»

А ведаеце чаму?

Ды проста таму што сёняшнія кандадыты ў дэпутаты, якія Вам шмат што абяцаюць, не маюць рэальных паўнамоцтваў.

Вось, напрыклад, некалькі год таму ў цэнтры Мінска зямлю прадалі — арабам. І ніхто з дэпутатаў не пікнуў! Дэпутаты нават ня ведалі пра тое. А калі даведаліся, ніхто не пратэставаў.

У Мінску — экалагічная катастрофа. Наш горад аточаны горамі смецця — гэта гігантскія сметнікі-забойцы. Яны атручваюць зямлю, ваду, якую мы спажываем, труцяць паветра, якое нясе ў дыхаўкі нашых дзетак ракавыя канцэрагены. Дэпутаты маўчаць. Бізнэсоўцы 20 год просяць аддаць ім тыя горы атруты. Яны гатовы за свой кошт пабудаваць смеццеперапрацоўчыя заводы. Але ж сквапныя чыноўнікі, відаць, маюць мала хабару і сядзяць над тымі сметнікамі як сабака на сене.

Чаму кажу пра «мала хабару»? Раз-пораз за хабар арыштоўваюць кіраўнкоў Мінскага гарвыканкама. Толькі адзін з іх узяў паўмільёна даляраў. І хто з дэпутатаў паставіў пытанне аб кіраўнічых кадрах Мінска? Ніхто.

Ні вы — выбарцы, ні дэпутаты не маеце мажлівасці кантраляваць уладароў Мінска. Яны, як павукі, аплялі карупцыйнай павуцінай жыццё Мінска. І ніводзін дэпутат не паспрабаваў паставіць пытанне аб карупцыі ў гарвыканкаме Мінска. Бо ўсе дэпутаты прапушчаны ў гарсавет праз сіта чыноўнікаў.

Чаму мы не выбіраем галоўнага кадра Мінска? Кіраўніка гарвыканкама. Ён мог бы шмат у чым паспрыяць развіццю горада. Але ж тады кіраўнік горада дбаў бы пра Вашы інтарэсы, а не пра асобовы інтарэс некаторых членаў урада. А так.. пад’едзьце на экскурсію да пасёлка Дразды насупраць «Мінск-Арэны». Там стаяць катэджы некаторых кіраўнікоў урада. Кожны палац каштуе па некалькі мільёнаў даляраў. Дзе ўзялі грошы тыя, пра каго Лукашэнка сказаў: «Адкручу галаву, пакладу пад мышку і пойдзеце, калі зможаце?» Ніводзін дэпутат гарсавета не ставіў гэтае пытанне.

Я жыў ў ЗША. Там, напрыклад, у горадзе Портланд, дзе кіравала уражэнка Мінска Вера Кац, праезд ужо 10 год таму быў бясплатны для ўсіх. І па сёння там праезд бясплатны. Лічу, што ў Мінску мусіць быць бясплатны праезд для пенсіянераў. Хай нашы чыноўнікі — даляравыя мільянеры скінуцца на праезд ветэранаў. Так робіцца ў ЗША. Чаму так не робяць у нас? Таму што дэпутаты слугуюць чыноўнікам.

Падумайце: чаму ніводнага разу ў Мінску не быў праведзены рэферэндум па галоўных пытаннях жыцця горада? Вы ведаеце, як у вашы двары ўточваюць новабудоўлі. Дзеткам няма дзе пагуляць. Машыну не паставіць. Хуткай дапамозе — не пад’ехаць. Не прадыхнуць! І Вам — жыхарам Мінска — даводзіцца ваяваць з карупцыянерамі, каб абараніць кавалачкі дваравой тэрыторыі.

Ау! Дэпутаты! Дзе вы?!

А я Вам скажу, чаму так адбываецца, чаму не праводзяцца рэфэрэндумы па гарадзкіх пытаннях. Бо калі іх правесці, тады Вы станеце гаспадарамі Мінска. Тады Вы будзеце кіраваць Мінскам, а не хцівыя дзялкі. А дэпутаты гарсавета – гэтыя рукападымацелі робяць выгляд, што ў Мінску ўсё нармальна...

А я Вам скажу: «У нас усё ня так!»

І дэпутаты патрэбны толькі чыноўнікам для аднаго: быць дэкарацыяй, тэатральнай заслонай для бюракратаў, карупцыянераў, злачынцаў.

Нядаўна Лукашэнка сказаў пра кіруючых чыноўнікаў: «Бюракрат на бюракраце сядзіць і бюракратам паганяе».

І вось вынік. У школах няма ўрачоў, няма ставак, як калісьці было. І ўжо на ўроках пачалі паміраць дзеткі. Для дзяцей ў школе пастаянна існуе рызыка для жыцця. У іх расце арганізм. Сэрца і сасуды не паспяваюць за ростам. І вось на ўроках фізкультуры могуць быць і ўжо былі выпадкі смерці дзетак. Урач у школе можа выратаваць школьніка, можа кантраляваць і здароўе дзетак, і харчаванне ў сталоўцы, і прысутнасць курцоў ды наркотыкаў. Дэпутатаў гэта не хвалюе. Яны ня думаюць пра тое, што труціцца і мрэ наша будучыня.

Нас — жыхароў Мінска — не лічаць грамадзянамі. Дэпутатаў у гарсавет накіроўваюць чыноўнікі. На выбарах у мясцовыя саветы нашых прадстаўнікоў меньш за адзін працэнт уключылі ў выбарчыя камісіі.

Таму я паўтараю словы Лукашэнкі: «Я не пайду галасаваць! Усё роўна падмануць!».

А што рабіць?

А нам з вамі — жыхарам Мінска — трэба стварыць праграму антыкрызісных мераў для Мінска — Народны МЭР.

А нашай краіне, дзе пануе крызіс, патрэбна праграма антыкрызісных мер — Народны прэзыдэнт. Толькі разам з вамі мы можам выратаваць нас і нашых дзетак, нашу будучыню.

Жыве Беларусь!

Далучайцеся!