Артур Фінькевіч: Улады і ЦВК самі падштурхоўваюць людзей да байкоту выбараў

 

29 жніўня Цэнтральная выбарчая камісія не задаволіла скаргу на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты маладзёжнага актывіста Артура Фінькевіча, які балатаваўся па Свіслацкай выбарчай акрузе № 94.

"Адмова ў рэгістрацыі мяне і ўсіх дэмакратычных кандыдатаў, у тым ліку Міхаіла Пашкевіча, сведчыць пра тое, што ўладам зусім не патрэбна альтэрнатыва — не тое што ў парламенце, нават у якасці кандыдата ў дэпутаты — у якасці тых людзей, якія б праводзілі нармальную перадвыбарную кампанію, гаварылі б з людзьмі, расказвалі б пра сваё бачанне развіцця Беларусі, пра палітзняволеных", — заявіў Фінькевіч.

На яго думку, Цэнтральнаму выбарчаму камітэту патрэбна "абсалютна кіруемая "палатка". "Улады і ЦВК сваімі дзеяннямі фактычна падштурхоўваюць людзей да свядомага або несвядомага байкоту гэтай выбарчай кампаніі", — мяркуе актывіст.

Ён паведаміў, што збіраецца абскардзіць рашэнне ЦВК у Вярхоўным судзе. //БелаПАН