Долар і еўра: хто каго?



Падобна, што долар ЗША пакрысе пачаў адбіваць здадзеныя адзінай еўрапейскай валюце пазіцыі. Упершыню з мінулай вясны ён змог скараціць адставанне ад еўра і цяпер "здае" апошняму менш чым дзесяць працэнтаў. Гэта дало падставу прыхільнікам больш "сталай" валюты ў чарговы раз заявіць аб тым, што "коней на пераправе не мяняюць": маўляў, на сённяшні дзень долар па-ранейшаму застаецца найбольш устойлівай валютай, а таму няма неабходнасці мяняць яго на валюту з меншым тэрмінам "жыцця". Эканамісты ж апошнія падзеі тлумачаць станам спраў у еўрапейскай эканоміцы. У прыватнасці, аналітыкі заяўляюць аб тым, што паведамленне аб зніжэнні ў другім квартале ВУП Германіі стала сур'ёзным негатывам для курса адзінай валюты. Прагнозы на трэці квартал па Еўропе таксама несуцяшальныя, у адрозненне ад даных з ЗША, якія сведчаць аб аднаўленні эканомікі краіны. Зыходзячы з гэтага некаторыя фінансісты робяць наступную выснову: у бліжэйшыя месяцы на рынку "долар-еўра" будзе працягвацца перавод актываў на карысць амерыканскай валюты.





— Умацаванне долара звязана з адным — з некаторым уздымам амерыканскай эканомікі і існуючымі праблемамі ў нямецкай эканоміцы, — каменціруе сітуацыю на валютным рынку эксперт, дэкан эканамічнага факультэта БДУ прафесар Міхаіл Кавалёў. — Але я, як і раней, упэўнены, што гэта ўсё ж такі часовая з'ява, а доўгатэрміновая тэндэнцыя застаецца ранейшай — еўра ў адносінах да долара будзе ўмацоўвацца.





— Міхаіл Міхайлавіч, многія эканамісты сёння эаяўляюць аб тым, што Еўропа сама эацікаўленая ў аслабленні еўра ў адносінах да долара, бо сусветныя валюты будуць імкнуцца да парытэту. Вы самі вышэй заўважылі, што стан еўрапейскай эканомікі далёка не бліскучы. А вось экспарцёрам моцная валюта вельмі дорага абыходзіцца.





— Сапраўды, ёсць прыхільнікі аслаблення еўра сярод буйнейшых экспарцёраў Германіі, тыпу "Мерседэс", "БМВ" і г.д. Аднак ёсць і людзі, якія адносяцца да гэтага спакойна і паўтараюць знакаміты выраз галоўнага спецыяліста ў галіне міжнароднай канкурэнтаздольнасці Майкла Портэра аб тым, што канкурэнтаздольнасць мала звязаная з курсам нацыянальнай валюты, За кошт дэвальвацыі можна атрымаць толькі часовыя перавагі. Доўгачасовая ж канкурэнтаздольнасць абсалютна не звязаная з курсам нацыянальных валют. У сучасным глабальным свеце з падзелам працы ў кожным вырабе прыкладна столькі ж нацыянальнай дабаўленай вартасці, колькі і імпартных складовых. I калі мы дэвальаіруем нацыянальную валюту, то нацыянальная дабаўленая вартасць паменшыцца, але на такую ж велічыню павялічваецца кошт імпартных камплектуючых і матэрыялаў.





Па вялікаму рахунку, ёсць толькі адзін спосаб павышэння канкурэнтаздольнасці — гэта павышэнне прадукцыйнасці працы і навукаёмістасці вырабаў.





— Як вы лічыце, ці будзе еўра падаць у адносінах да беларускага рубля?





— "Вілка" паміж коштам у беларускіх рублях долара і еўра будзе памяншацца. Аднак, зноў паўтаруся, — гэта часовая з'ява. Я ўпэўнены, што пасля ўступлення ў Еўрасаюз новых членаў, пасля будучага пашырэння манетарнага саюза за кошт іншых краін магутнасць еўра будзе толькі ўмацоўвацца. А тое, што долар пераацэнены, — гэта ўсім у свеце вядома. Па вялікаму рахунку, тут усё не настолькі залежыць ад стану эканомікі Еўропы і Амерыкі, колькі ад стану эканомікі, якая ўзнімаецца, Паўднёва-Усходняй Азіі, у першую чаргу Кітая і іншых азіяцкіх "тыграў", і іх палітыкі ў адносінах да долара ЗША. Усім вядома, што самыя буйныя доларавыя валютныя рэзервы ў свеце накапілі Японія, Кітай, а таксама цэнтрабанкі і проста камерцыйныя банкі свету, якія кантралююцца кітайскай дыяспарай. I калі б яны захацелі крыху апусціць курс долара, то ён бы ўпаў, і вельмі моцна. Аднак пакуль яны гэтага не робяць і па-ранейшаму падтрымліваюць вельмі высокія валютныя рэзервы ў доларах. Гэтак жа як і Расія, якая мае вялікія рэзервы ў доларах. На мой погляд, і для гэтай краіны яны празмерныя — палову з іх можна было б пусціць на карысць расійскай эканомікі.





— Вось вы, МІхаіл Міхайлавіч, скаэалі, што ўмацаванне долара ў адносінах да еўра, — гэта часовая з'ява. Наколькі часовая? Гэта год, два?..





— Гэтага вам ніводзін сур'ёзны эканаміст не скажа. Я думаю, што ў значнай ступені гэта залежыць ад таго, ці ўдасца амерыканцам хутка пачаць здабычу нафты ў Іраку і прадаваць яе. Калі яны гэта зробяць у бліжэйшы час, то падтрымаюць долар. У адваротным выпадку, калі будзе працягвацца тая незразумелая сітуацыя, якая назіраецца зараз, утрымаць курс ім будзе даволі цяжка.





— А вось што датычыцца расійскага рубля і яго доўгатэрміновых перспектыў у адносінах да долара. На ваш погляд, што тут будзе адбывацца?





— Расійскі рубель у адносінах да долара будзе падаць вельмі нязначна. Паглядзіце, што адбываецца: зараз Цэнтрабанк Расіі прыкладае каласальныя намаганні, каб курс рубля не ўмацоўваўся. Мяркую, што расійскі рубель, прынамсі ў бліжэйшыя пяць гадоў, будзе моцнай валютай, і пяройдзем мы на расійскія рублі або проста жорстка прывяжам курс беларускага рубля да расійскага — гэта будзе толькі на карысць для беларускай эканомікі. Я лічу, тое, што дзяржава карыстаецца чужой валютай, — не ёсць страта дзяржаўнага суверэнітэту. Між іншым, Беларусь — транзітная краіна, і можна мець сваю нацыянальную валюту ў абмежаваных памерах — і дапусціць свабоднае абарачэнне безнаяўных і долараў, і еўра, і расійскіх рублёў, як гэта робіцца ў многіх краінах свету, тыпу Новай Зеландыі.





— Калі сітуацыя не зменіцца, і еўра будзе і надалей пакрысе губляць "вагу" ў адносінах да долара, то, мабыць, людзям не трэба спяшацца з набыццём еўра: на падзенні курса еўравалюты можна даволі шмат страціць. З іншага боку, і перспектывы долара не вельмі відавочныя. У такім разе, на ваш погляд, якім чынам лепш арганізаваць свае накапленні, каб не прагадаць?





— Людзям трэба мяняць прапорцыі ў сваіх накапленнях. Усе накапленні ў іх звычайна захоўваюцца ў доларах. Аднак зараз самую высокую даходнасць даюць рублёвыя дэпазіты, і ўжо выразна бачна і вядома, які курс беларускага рубля да долара ЗША будзе на канец года. Няхай чытачы зробяць некалькі арыфметычных дзеянняў і тады ўбачаць, што калі да канца года яны перавядуць сваю тысячу долараў у беларускія рублі, то гэта забяспечыць ім даходнасць не ніжэй чым 15—17 працэнтаў у доларах. Калі ж яны будуць трымаць іх у доларах, то самы рызыкоўны банк сёння не дае больш чым 9 працэнтаў даходнасці ў доларах ЗША. Мая парада ўсім — памяняць частку сваіх долараў на беларускія рублі і змясціць іх у любы банк на ўклад.





Ігар ШЧУЧЭНКА, "Звязда"