Гурт Naka рыхтуе першы ў сваёй дыскаграфіі беларускамоўны альбом

Гурт Naka рыхтуе першы ў сваёй дыскаграфіі беларускамоўны альбом. Загалоўнай песняй будзе “Мая Малітва”. Днямі Naka прадставіла кліп на гэтую кампазіцыю.

Песня на верш Янкі Купалы была напісаная адмыслова для трыб'юту легендарнаму гурту "Песняры". Пасля шматлікіх судовых цяжбаў, звязаных з гэтым праектам, групай было прынятае рашэнне напісаць сваю музыку на вершы Янкі Купалы і зняць на яе кліп, які анансуе выхад першага ў гісторыі альбома цалкам на роднай мове.

“Выхад гэтага кліпа для мяне з'яўляецца фіналам доўгай павучальнай гісторыі ў якой змяшаліся творчасць, помста, хітрасць і амбіцыі. Насуперак усяму мы вырашылі давесці гісторыю да канца, таму што вершы Янкі Купалы належыць народу, а тым болей верш, у якім паэт моліцца за беларускі народ. На мой погляд кожны мае права складаць музыку на гэтыя вершы, выконваць гэтыя вершы і жыць імі, калі ён неабыякавы да лёсу свайго народа”, — каментуе Наста Шпакоўская.

Над відэаверсіяй песні працавалі рэжысёр Арцём Лобач, аператар Аляксандр Алейнікаў і мастак Насця Шастак.

Альбом “Мая Малітва” з'явіцца на сайце гурта ў студзені 2016 года. Вялікая прэзентацыя альбома адбудзецца ў Мінску ў клубе Re: Public 18 сакавіка, у Віцебску — 20 лютага.