Масленка. Сядзелі дзеўкі на дошцы, кідалі масла па крошцы

Сёлета ў Музеі архітэктуры і побыту наведвальнікам пакажуць, як у даўніну апошняе зімовая свята святкавалі цягам тыдня!..

22 лютага ўпершыню кожны наведвальнік Музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах недалёка ад сталіцы будзе мець магчымасць даведацца і “наведаць” усе сем дзён масленічнага тыдня: “Сустрэча”, “Зайгрыш”, “Разгул або Лакамка”, “Конскае свята”, “Цешчын вечар”, “Залоўкіны пасядзелкі”, “Даравальная нядзеля”.

Арганізатары прыдумалі, як усяго за чатыры гадзіны — з 12:00 да 16:00, паказаць сваім гасцям, як у даўніну святкавалі развітанне з зімой. Першапачаткова гулянні займалі два тыдня, але з прыходам хрысціянства ўсё скарацілася да сямі дзён. Але ў кожнага дня быў адпаведны сэнс. 

 

“Мы зробім некалькі адмысловых пляцовак. І кожны пункт будзе нібыта дзень святочнага тыдня, дзе пакажам, што такое і зайгрышы, і цешчыны вячоркі”, — распавёў загадчык культурна-адукацыйнага аддзелу музея Аляксандр Шавель.

Панядзелак — Сустрэчы. У гэты дзень людзі пачыналі выпякаць бліны і рыхтаваць ледзяныя горкі.

Аўторак — Зайгрыш. Было прынята хадзіць адзін да аднаго ў госці, часцей за ўсё да цешчы. Яна палівала на галаву зяцю алей, каб ён лепей ставіўся да сваёй жонкі.

Серада — Разгул. Самы дзень для масленечных гульняў. Моладзь абыходзіла двары, прывязвалі да нежанатых калодку, а тыя павінны былі неяк адкупіцца. На дзяўчыну, дарэчы, вешалі калыску.

Чацвер — Конскае свята. У старажытныя часы гэта было свята Велеса, што прысвечана рагатым жывёлам і коням. Гатавалі тады самыя тлустыя і смачныя стравы.

Пятніца — Цешчыны вячоркі. Тут ужо цешчы хадзілі да зяцёў, якія павінны былі цешчу добра пачаставаць.

Субота — Залоўкіны пасядзелкі. Моладзь на санях з розных вёсак выязджала на нейкі пагорак і там каталіся на ледзяных горках, штурмавалі снегавыя крэпасці, гушкаліся на арэлях (каб добра рос лён).

Нядзеля — Даравальная нядзеля. У гэты дзень людзі прасілі прабачэнне за тое, што зрабілі і за тое, чаго не рабілі. У гэты ж заключны дзень спальвалі чучэла зімы Марэны, што сімвалізавала сканчэнне зімы і пачатак вясны. Туды ж, у вогнішча кідалі старыя рэчы і маленкія зробленыя рукамі лялькі, каб пазбавіцца леташніх праблем.

На кірмашовай плошчы музея госці змогуць не толькі прыглядзець сабе сувеніры, але і паспаборнічаць за падарункі ў розных гульнях. “Мы паставім масленічны слуп з нейкім прызам наверсе”, — абяцаў Шавель.

Для дзетак зладзяць асобную пляцоўку з адпаведнымі гульнямі ды забавамі, бо Масленка — самае сямейнае свята. І малым, і дарослым будзе цікава батлейка і вяртэп (тэатар ценяў).

Маладых, якія ў 2014 годзе заключылі шлюб, чакае эпізод “Ушанаванне маладых”. Будуць у музеі і бабка-павятуха, і спаленне Марэны, і калодкі для нежанатых хлопцаў.

“Мы падрыхтавалі вялікую калодку і некалькі маленькіх, — распавяла намеснік старшыні Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ) Ганна Сілівончык. — Такімі калодкамі як бы пазначалі хлопцаў, якія не паспелі ажаніцца за мінулы мясаед (час перад вялікім пастом, калі гулялі вяселлі). Гэта была забава для дзвак і цётак. Нават у масленічнай песні ёсць такія словы: “хто не жаніцца — вечны дурак”.

Было прынята незамужнім дзеўкам закідваць палена ў хату, але гэтым пацяшаліся хлопцы.

“Яшчэ мы будзем вадзіць Масленіцу. Яна магла выглядаць па-рознаму, але ў нашым выпадку будзе Масленіца-мужык, — адзначыла Ганна. — Гэта такі архаічны падыход, бо ўвогуле на такое свята ўсё рабілі наадварот. Ражаныя будуць да ўсіх чапляцца, прыдурвацца, бо ім заўжды было ўсё дазволена”.

Таксама СЭТ плануе аднавіць старадаўнюю забаву скакаць на дошцы. “Гэта не арэлі, што чапляюцца на галіну. Але насамрэч вельмі весела. Праўда, мы такога яшчэ не рабілі. Можа, там атрымаецца ўляцець і надта высока”, — смяецца Сілівончык.

Будуць і традыцыйныя масленічныя стравы — бліны і аладкі, сыр і масла. Маслу і сыру надаваўся магічны сэнс. Бліны, паводле павер’я, як і ўсе круглыя прадметы, дапамагалі сонцу хутчэй рухацца, паскаралі надыход вясны. А сыр і масла (сытая ежа) спрыялі таму, каб увесь год быў сытны (багаты).

Вядома, не абыйдзецца без традыцыйнага шэсця напачатку і напрыканцы з музыкальнымі калектывамі “Дольніца”, “Вербніца”, “Чэрвеньскія балагуры”, “Вясёлы падворак” і іншымі. Дарэчы, сёлета ў Строчыцы прыедуць не толькі беларускія музыкі. Арганізатары вядуць перамовы з выканаўцамі з Малдовы, Башкартастану, Карэі і Арменіі.

Паміж іншым, можаце загадзя рыхтавацца да наведвання Масленкі: музей ладзіць конкурсы на лепшую лялку і на лепшы малюнак свята. На жаль, конкурсы толькі для маленькіх удзельнікаў. Затое дарослыя на самім свяце павучацца рабіць абрадавыя лялькі.

22 лютага да музея ад аўтастанцыі “Паўднёва-Усходняя” будуць арганізаваны дадатковыя рэйсы прыгарадных аўтобусаў.

Кошты квіткоў: 80 000 — для дарослых, 60 000 — для студэнтаў і пенсіянераў, 40 000 — для дзяцей школьнага ўзросту, для дзяцей дашкольнага ўзросту — бясплатна. “Сямейны білет” (два дарослых і два школьніка) — 200 000 руб.