“Карнавальная ноч” на беларускі лад. Навагодні эфір “Белсата”

Дзеда Мароза саджаюць на Акрэсціна, а незалежнае тэлебачанне спрабуе ўзяць пад свой кантроль Гарант-Агурцоў…

Беларускі рымэйк вядомага фільма “Карнавальная ноч” стварылі на тэлеканале “Белсат” як адмысловы выпуск гумарыстычнай перадачы “Эксперт”. А пакажуць, як няцяжка здагадацца, у навагоднюю ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Глядзець можна і ў online-трансляцыі на сайце тэлеканала belsat.eu.

Апрача гэтага, у навагодняй тэлепраграме на “Белсаце” багата іншых цікавінак.

“Калі вы будзеце сустракаць Новы год каля тэлевізара, а папса вам абрыдла, святкуйце разам з “Белсатам”, — гаворыць рэжысёр “капусніка” па матывах аднаго з самых вядомых савецкіх фільмаў “Карнавальная ноч” Юры Хашчавацкі.

“Мы смяемся, гэта сатыра. “Карнавальнай ночы” ужо 60 гадоў, а камедыя гэтак жа актуальная і глядзельная, як і ў СССР”, — кажа ён.

Судзіце самі: напачатку фільма Дзеда Мароза арыштоўваюць і саджаюць у турму на Акрэсціна. Паслягэтага робіцца спроба ўзяцця незалежнага тэлебачання “Белсат” пад кантроль Гаранта, які і знешне, і гаворкаю падобны да самі ведаеце каго.

Падчас інспекцыі Гарант-Агурцоў павучае тэлевізійшчыкаў працаваць. Як і ў “Карнавальнай ночы”, пачуеце багата музыкі і песень: можна будзе ацаніць вакальныя здольнасці “белсатаўцаў” — ад вядучых да дырэктаркі Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.

Традыцыйныя вядоўцы “Эксперта” Даша і Крумкач стануць замінаць пераладаванню тэлеканала на густ Гаранта.

У выніку мультперсанаж, падобны да аднаго сенатара-паэта, прачытае байку “Мядзведзь у Крыме”, а замест песенькі “Ах, Таня, Таня, Танечка” прагучыць “Ліда, Лідачка”. Памятаеце: “Работница питания приставлена к борщам…”.

Кіраўніцтва ж галоўнага банка краіны заспявае раманс.

І хаця фінансы ў Беларусі нешта зноў заспявалі рамансы, Юры Хашчавацкі заклікае ўзняць сабе падчас навагодняга застолля настрой разам з “Белсатам”: “Так, рэальнасць сумнаватая, пануе цёмная сіла, але разам на яе, нікчэмную, і смешна глядзець. Як і ў нашым святочным шоў, усё будзе добра!”

Таксама ў часе застолля глядзіце на “Белсаце” навагодні канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча, музычна-спеўнае шоў “Снежны завулак” і дэтэктыўную камедыю “Праклён нефрытавага скарпіёна”.

Незадоўга да апоўначы гледачам будуць прапанаваныя навагоднія выпускі перадач “54%” і “Фітнес-шмітнес”.

Аматары статыстыкі здагадаюцца, пра што перадача з назвай “54%”: менавіта столькі ў Беларусі, паводле апошняга перапісу, жанчын. Жаночы погляд на войска, як прыгожа апранацца, калі жанчына становіцца старой бабай, пра асалоду ў жыцці жанчыны, ці сапраўды грамадства і дзяржава няроўна дзеляць паміж імі і мужчынамі… Выпускі на згаданыя тэмы шукайце ў архіве перадачы на сайце тэлеканала «Белсат»

А ў выпуску 31 снежня вядучыя Аліна Коўшчык і Кацярына Барушка, самі жонкі і мамы, разбяруцца, што зрабіць, каб навагоднія жаданні і рашэнні абавязкова ўрэчаісніліся, а таксама падвядуць вынікі 2014 году з пункту гледжання беларусак. Бонусам — выдатны верш на беларускай мове пра каханне.

Дарэчы, пра паэзію і паэтак. Год таму беларуская паэтка Валярына Кустава пачала худнець у межах рэаліці-шоў «Фітнес-шмітнес» на «Белсат». Стартавала са 124 кілаграмаў пры росце ў 182 см. Мэта была пастаўлена амбіцыйная — паменець да 74 кг. 31 снежня блізка апоўначы ў фінальным выпуску перадачы будуць падведзены вынікі — атрымалася ці не скінуць ажно 50 кг і паменшыць памер адзення з ХL да М-кі?

У першы дзень 2014 году можна адпачыць з “Белсатам”, напрыклад, пад мюзікл “Народны альбом” альбо фільм “Бландзінка”.

А 3 студзеня на тэлеканале “Белсат” стартуе новая праграма са знаёмай назвай — “МоваНанова”. Гэта — тэлеверсія папулярных курсаў беларускай мовы. У эфіры яна будзе штосуботы.