“Нельга забыць” выклалі свайго Mertvets’а ў Сеціва

Сярод 10 трэкаў — кампазіцыя на адзін з самых вядомых вершаў Максіма Багдановіча “Пагоня”…

 

Беларускі гурт “Нельга забыць” скончыў працу над альбомом Mertvets. У яго ўвайшлі 10 трэкаў, сярод іх — кампазіцыя на адзін з самых вядомых вершаў Максіма Багдановіча “Пагоня”.

Прэзентацыя праграмы на вершы беларускага паэта адбылася яшчэ 21 снежня 2013 года. І вось цяпер, пасля студыйнай працы, “НЗ” нарэшце гатовы падзяліцца сваім разуменнем творчасці Багдановіча.

Музыку на творы Максіма Багдановіча лідар гурта Міхаіл Бараноўскі пісаў больш за год: “Так склалася, што мяне перавялі працаваць у філіял музея Багдановіча “Беларуская хатка”. І разуменне таго, што тут жыў паэт, надало імпульс ідэе зрабіць праграму на яго вершы”.

Працаваць над альбомам было адначасова цікава і складана, кажа Міхаіл. Натхненне да музыкі прыйшло найперш праз глыбокае паглыбленне ў светаадчуванне паэта.

Міхаіл Бараноўскі распавёў, што калі працуе над пэўнай тэмай, то паглыбляецца ў яе вельмі істотна, яна літаральна захапляе. Уласна назву альбома ён патлумачыў так: “Юнаком Багдановіч даведаўся пра сваю хваробу. Літаральна на яго вачах ад сухотаў памёр брат. Цяжка ўявіць, што адбывалася з Багдановічам ў той час. І вось гэты малады чалавек пачаў шукаць сэнс жыцця і ў пэўнай ступені знайшоў яго. Багдановіч у свае гады прыйшоў да такога глыбокага разумення сутнасці чалавека, як не ў кожнага сталага атрымліваецца да гэтага наблізіцца”.

Багдановіч усё свядомае жыццё пражыў па-за радзімай, але яго лічаць адным са стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы. Час яго творчасці фактычна акрэсліваецца адным дзесяцігоддзем, за якое Максім паспеў вызначыцца як публіцыст, перакладчык, літаратурны крытык, гісторык і найперш паэт.

Міхаіл Бараноўскі адзначае, што гэты mertvets застаецца самым жывым беларускім паэтам. “Можа, толькі смяротна хворы і ў стане так любіць сваю краіну і так за яе змагацца”, — падкрэсліў музыка.

Па яго словах, у Багдановіча тэма смерці — адна са скразных, але ад гэтага яна не становіцца цёмнай і гаротнай, а наадварот, набывае новыя адценні. Бо прага да жыцця ў Багдановіча, які памёр ва ўзросце ўсяго толькі 25 гадоў, была непамернай.

Міхаіл распавёў, што працаваць над альбомам было цяжка і таму, што “гульні са смерцю — не да лепшага”.

Запісалі матэрыял удзельнікі “Нельга забыць” даволі хутка. Ім хапіла трох сесій у студыі гуказапісу. Міхаіл Бараноўскі адзначыў, што такая праца дала музыкам новы досвед.

Акрамя таго, ён распавёў, што частку грошай на альбом гурт атрымаў ад прыхільнікаў іх творчасці: “Недзе траціну ад ўсіх выдаткаў мы атрымалі ад слухачоў”.

Запісы “Нельга забыць” з новага альбому Mertvets ужо з’явіліся ў сеціве.

“Наш музычны праект не камерцыйны. Для нас вельмі істотным было падзяліцца творчасцю з людзьмі, што мы і зрабілі”, — распавёў Міхаіл Бараноўскі.

Дыск выйдзе ў хуткім часе, ён стане адзнакай пэўнага развіцця “НЗ”. У музыкаў у планах наступнай зрабіць аўтарскую праграму. Па словах Бараноўскага, яна будзе ў пэўным сэнсе праблемнай і востра-сацыяльнай.