Neuro Dubel і “Крама” павіншавалі мінчан з Днём радыё

Чорны спіс забароненых беларускіх музыкаў, можна спадзявацца, стаў крыху карацейшы…

 

“На радыёхвалях пануе цішыня”, — пяецца ў вядомай песні “Крамы”. Вечарам панядзелка 6 мая забаронены гурт выйшаў з цішыні на вялікую сцэну. Мінчане мелі ўнікальную магчымасць цалкам легальна паслухаць жывыя выступы легендарных беларускіх гуртоў Neuro Dubel і “Крама”, што знаходзіліся ў так званых чорных спісах і мусілі граць у маленькіх клубах падпольныя канцэрты.



Магчымасць паслухаць любімых музыкаў у адным з самых вялікіх рок-клубаў сталіцы Re:Public падарыла рэдакцыя “Еўрарадыё”, адзначыўшы такім чынам сваё прафесійнае свята — Дзень радыё.

Акрамя мэтраў айчыннага року на сцэну выйшлі гурты Pomidor/OFF і :B:N:. На разагрэве выступіў гурт “Мутнаевока”, які быў абраны на сайце “Еўрарадыё” шляхам галасавання. Калі пад “Мутнаевока” і Pomidor/OFF людзі, якіх прыйшло вельмі шмат, толькі разаграваліся і папівалі піва, спрабуючы зразумець, што да чаго, то Ігар Варашкевіч і “Крама”, якая насуперак чаканням многіх, выступала перад больш маладым бярозаўскім гуртом :B:N:, завяла людзей настолькі, што яны ўжо не спыняліся да самага завяршэння канцэрта.

Ігар Варашкевіч
Ігар Варашкевіч

Словы хітоў “Крамы” “Камэндант”, “Будзь разам з намі”, “Выпі са мной да дна”, “Падае дождж” ведалі напамяць амаль усе прысутныя, гучна падпявалі і падскоквалі, ствараючы атмасферу сапраўднага рок-канцэрту, калі на сцэне — легенды рока. Хлопцы з :B:N: зайгралі, як заўжды, драйвова і гучна — некаторыя нават павыходзілі з залы і слухалі іх выступ за дзвярыма. Саліст гурта Алесь Лютыч выканаў як старыя песні “Канюшня”, “Цягнік”, так і новыя “Напрыканцы”, “Крок за крокам” і іншыя.

Пачатак вяртання

Адбыўся сапраўды цікавы фестываль, — дзеліцца з Naviny.by арганізатар “Дня радыё”, галоўны рэдактар “Еўрарадыё” Віталь Зыблюк. — На жаль, ён у такі цёплы дзень адбыўся ў памяшканні, але я спадзяюся, што калі праз год усё будзе добра, мы такі фестываль зладзім на вуліцы. Я думаю, сёння мы заклалі падмурак для штогадовага фестываля”.

Падзяліўся Віталь і значэннем фестываля для публікі: “Значным з’яўляецца тое, што тыя гурты, якія былі доўгі час забароненыя, знаходзіліся ў неафіцыйных чорных спісах, здолелі сыграць легальна вялікі канцэрт для вялікай аўдыторыі ў Мінску.

Як такога чорнага спісу не існуе і ніхто не ведае, хто туды ўваходзіць. Метадам тыку мы правяраем, якія музыкі там ёсць. Цяпер мы ведаем, што гурты Neuro Dubel і “Крама”, невядома пасля якіх падзей, але сталі даступнымі для слухачоў у Мінску. Хутчэй за ўсё, гэта адбылося дзякуючы прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, на якой і Аляксандр Кулінковіч, і я асабіста задавалі пытанне пра чорныя спісы, а таксама я кулуарна меў размову з Аляксандрам Радзьковым па гэтай праблеме... Мы атрымалі сігналы, што гэтыя гурты незабароненыя і няма перашкодаў для іх выступаў — і зладзілі гэты канцэрт для таго, каб праверыць, ці насамрэч гэта магчыма. Спадзяюся, гэта пачатак вяртання гэтых музыкаў на вялікую сцэну”.

Аляксандр Кулінковіч
Аляксандр Кулінковіч і Neuro Dubel

“Тут рэальна стаяла чарга, каб сфатаграфавацца з Варашкевічам!”

Ты сама бачыла, што адбывалася падчас выступа “Крамы”, што творыцца падчас канцэрта Neuro Dubel, — дадае Віталь Зыблюк. — Таму маленькія пляцоўкі, на якіх вымушана выступалі гэтыя гурты апошнім часам, не сведчыла аб тым, што яны нікому не патрэбныя. Я быў дзіка ўражаны, калі з чатырох гадзін каля клуба пачалі збірацца дзяўчынкі гадоў пятнаццаці-шаснаццаці — я думаў, што яны прыйшлі па квіткі на нейкія іншыя канцэрты, а яны мне сказалі, што чакаюць Ігара Варашкевіча, каб сфатаграфавацца. То бок тут рэальна стаяла чарга, каб сфатаграфавацца з Варашкевічам! Для мяне гэта было культурным шокам, бо я думаў, што за чатыры гады забыцця для Ігара Варашкевіча маладое пакаленне будзе слаба яго ведаць, але наадварот — ёсць маладыя парасткі, якія паказваюць, што “Крама” — у строі, на кані, даказвае свой узровень. Гэтаксама я магу сказаць і пра ўсе іншыя гурты, якія выступаюць сёння — яны не толькі не страцілі свае пазіцыі за той час, пакуль амаль не выступалі, а, мабыць, дзякуючы гэтай сітуацыі, набралі сабе дадатковых балаў”.


"Крама"

Усе любяць гаварыць пра кепскі гук у “Рэпабліку”, — каментуе якасць гука рэдактар “Еўрарадыё”, — але, калі зайграла “Крама”, я больш чым перакананы, што ўсе забыліся, што знаходзяцца ў “Рэпабліку”. Гэта быў настолькі прафесійны гук, нібыта мы знаходзіліся на студыі Abbey Road і там гучаў “Бітлз”. Гэта сведчыць пра прафесіяналізм гурта Ігара Варашкевіча, які можа гучаць паўсюль. Тое самае зараз адбываецца і з камандай Аляксандра Кулінковіча.

“Крама” наагул упершыню грае ў гэтым клубе! Ігар Варашкевіч нават не ведаў, як сюды прайсці. Хаця, здавалася б, гэтыя людзі ўжо па трыццаць год граюць. Але прагучалі яны так, як гучаць на вініле, касеце, дыску”.


“У нас не было падставаў думаць, што фестываль не адбудзецца”

Сярод іншага Віталь распавёў пра аўдыторыю фестываля: “Мы спрабуем другі раз запар — першы раз тое было, калі мы ўручалі прэмію “Даём рады” — сабраць на фестывалі цікавую аўдыторую, людзей, якія могуць камунікаваць, знаёміцца паміж сабой, абменьвацца думкамі, навінамі і гэтак далей. Сёння да мяне падыйшоў нават дырэктар “Рэпабліку” і сказаў, што ніколі раней не бачыў такую крутую публіку, як была сёння”.



Напярэдадні канцэрту былі размовы аб тым, што яго могуць адмяніць у апошні момант, як гэта бывае, калі граюць каманды, што не да спадобы дзяржаве.

Па словах Віталя Зыблюка, перажыванняў на гэты конт у яго небыло, “бо практыка складваецца такім чынам, што цягам апошніх трох гадоў канцэрты не адмяняюць па прычыне працёкшага даху ці прыходу пажарных. Тактыка адмены канцэртаў змянілася: іх адмяняюць за некалькі дзён да дзеі. І калі б яго адмянілі, то гэта адбылося б у пятніцу. Але ў нас і падставаў-та не было думаць, што фестываль не адбудзецца: мы на сто адсоткаў былі перакананыя, што ніякіх праблем не будзе. З самага пачатку, калі мы толькі заяўлялі ўдзельнікаў, мы былі ўпэўненыя, што гэты канцэрт адбудзецца менавіта ў такім складзе, як мы і заяўлялі”.

“Мне было дзіўна даведацца, што больш за палову журналістаў, якія зараз тут, нават не збіраліся прыходзіць, бо былі ўпэўненыя, што канцэрт забароняць, — адзначыў Віталь Зыблюк. — Важны момант: мы спецыяльна прызначылі канцэрт на 6 мая, у панядзелак, пасля Вялікадня, разам са “Сплінам”! Мне ўсе казалі: “Віталь, гэта проста антыканцэрт, не прыйдзе ніводнага чалавека, бо збегліся ўсе факты разам, гэта проста правал”. Але я сказаў, што важна праверыць, наколькі рэальна беларускія гурты цікавя беларусам. Аказалася, што хоць пастаў ты канцэрт ў дванаццаць дня ў панядзелак, людзі прыйдуць! Я задаволены на сто адсоткаў — поўная зала, людзі прыйшлі і атрымліваюць кайф. Мы зрабілі эксперымент і ведаем, што беларуская музыка — цікавая”.