Лявон Вольскі: стан незалежнага мастацтва ў краіне — падпольны

 

12 верасня ў мінскім офісе Партыі БНФ падчас музычнага марафону салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі выступіў Лявон Вольскі і вузкі акустычны склад гурту «Крамбамбуля».

«Мы хочам прыцягнуць увагу да палітзняволеных Беларусі не толькі грамадства, але і людзей мастацтва, якія чамусьці абыходзяць гэту сумную тэму бокам. Мы сёння іграем у вузкім акустычным складзе, праспяваем песні розных гадоў — не толькі сумныя, але і вясёлыя, таму што жыццё — рознакаляровае», — сказаў Вольскі.

На яго думку, незалежнае мастацтва існуе ў Беларусі ў асноўным падпольна. «Рэдка атрымліваецца сыграць штосьці на вялікай пляцоўцы», — зазначыў музыкант.

Канцэрт цягнуўся больш за гадзіну. 11 верасня ў марафоне салідарнасці ўжо ўзялі ўдзел спявак Зміцер Вайцюшкевіч і мастак Алесь Пушкін.

Відэа БелаПАН