Вольскі «піша» музыку для АНТ

«Канал АНТ раптоўна скарыстаў музыку з маёй песні «Сонца нам дапаможа» саўндтрэкам у сюжэце агітацыйна-прапагандысцкай перадачы»…

 

Знакаміты беларускі музыкант Лявон Вольскі выпадкова даведаўся, што піша музыку для дзяржаўнага тэлеканала АНТ.

Менавіта яго песню «Сонца нам дапаможа» выкарысталі ў якасці саундтрэка у сюжэце тэлеканала АНТ, прысвечанага Літве і грошам беларускай апазіцыі.

«Канал АНТ раптоўна скарыстаў музыку з маёй песні «Сонца нам дапаможа» (супольны альбом «Я нарадзіўся тут») саўндтрэкам у сюжэце агітацыйна-прапагандысцкай перадачы. Прычым, лейтматыў сюжэту: Бяляцкі не плаціў падаткаў, таму мусіць сядзець, бо парушыў закон. Гэтая святая ўпэўненасць не перашкодзіла аўтарам незаконна пакарыстацца маёй аўтарскай музыкай», — адзначыў артыст на сваёй старонцы у Facebook пад загалоўкам «Ура! Я пішу музычку для АНТ!».

Па словах Вольскага, ён бы хацеў «пастыднага судзілішча» для АНТ: «Каб не адсудзіць у канала звыклыя 350 000 беларускіх рублёў за нелегітымнае выкарыстанне музыкі (гэта атрымаецца без асаблівых намаганняў, бо ўсё навідавоку), а пайсці далей — шос, стрэк... Прабачце, памыліўся — шок, стрэс, маральныя страты і ўсё, з імі звязанае... Ну, каб ня шэранькі, звыклы працэсік, а сапраўднае «пастыднае судзілішча»! Я тут ужо наводжу даведкі й кансультуюся, але буду рады любым кампетэнтным парадам».

Лявон Вольский«Безумоўна тое, што так лёгка ў нашай краіне выкарыстаць у атрутна-кіслотным прапагандысцкім сюжэце творы чалавека, які адмоўна ставіцца да такой перадачы, проста так пакідаць нельга», — заявіў Вольскі ў інтэрв’ю Naviny.by.

Зараз ён шукае партнёраў-юрыстаў, якія б узяліся за гэтую справу. Сам Вольскі з супрацоўнікамі АНТ не звязваўся і не плануе гэтага рабіць: «Толькі гэтага мне бракавала! З гэтымі людзьмі лепей не звязвацца. Інакш можна атрымаць кепскі досвед. У першую чаргу — маральны. Бо мне падаецца, што іх і мае маральныя крытэрыі значна адрозніваюцца. Так што з імі будзе звязвацца мой прадстаўнік, я прыйду ўжо на сам суд».

Чаму было вырашана выкарыстаць менавіта гэтую музыку ў менавіта гэтым сюжэце, Вольскі не ведае: «Для мяне гэта загадка. Як мне падаецца, такі саундтрэк абсалютна не падыходзіць да відэа. Але ёсць некалькі варыянтаў, чаму выкарысталі маю музыку. Першы — гэта такі схаваны «тэракт» кагосьці з тэхнічнай абслугі, хто вырашыў так «падставіць» тэлеканал перад звальненнем. Другі — гэта зроблена спецыяльна, так бы мовіць, з асаблівым цынізмам, бо вырашылі: «Ах так! Ну вось — вашай жа зброяй». І трэці — людзі там настолькі кепска ставяцца да сваёй працы, што адбываецца абы што».

Вольскі адзначае, што трэба, каб тэлеканал публічна прызнаў сваю віну. Але ў той жа час музыкант прызнаецца, што сумняваецца у тым, што гэта рэальна: «Пакуль што гэта мне падаецца, канешне, маларэальным. Але як жа можна не прызнаць тое, што відавочна — што нелегітымна ўзялі кавалак аўтарскай музыкі?! Гэта ўсё ж не крымінальная, не палітычная справа, таму, думаю, тут можна спрачацца. Ну не знойдуць жа яны, як кажуць мае знаёмыя, сведкаў-міліцыянераў, якія пакажуць з усёй адказнасцю, што я асабіста перадаваў дыск са сваёй музыкай у рэдакцыю АНТ, а потым лаяўся матам, размахваў рукамі і гэтак далей…».

Дарэчы, гэта далёка не першы выпадак, калі музыка Вольскага выкарыстоўваецца без яго дазволу. Але гэтым разам творца звяртае ўвагу на кантэкст ужывання.

«Канешне, не аднойчы мая музыка выкарыстоўвалася — тыя ж «Госці» дзе толькі не былі. Сустракаў сваю музыку і ў гістарычных перадачах, і нават у кулінарных, і на БТ яна была, — прызнаўся Лявон Naviny.by. — І калі гэта была бяскрыўдная перадачка, то заплюшчваліся на гэтае вочы. Але, на мой погляд, пасля некаторых падзей у нашай краіне, пасля таго, як асвятляецца жыццё такімі тэлеканаламі, для мяне асабіста ды й наогул для беларускіх незалежных музыкантаў усялякае супрацоўніцтва з імі павінна быць зведзена да абсалютнага нуля».

Вольскі адзначае, што стаўленне да аўтарскіх правоў у Беларусі «досыць легкадумнае»: «Дзяржаўныя каналы, я ўпэўнены, нелегітымна выкарыстоўваюць замежную музыку. А людзі нават не разумеюць, што такое аўтарскія правы».

Таго ж пункту гледжання прытрымліваецца і юрыст Сяргей Зікрацкі. «У нас вельмі дрэнна з аўтарскімі правамі, — выказаў ён свае меркаванне Naviny.by. — Аўтарскія і сумежныя правы парушаюцца паўсюль. Думаю, справа ў выхаванні і прававой культуры. Мы проста не прызвычаіліся паважаць аўтарскае права. І аўтарам вельмі цяжка змагацца з гэтым».

Што да канкрэтнай сітуацыі, то юрыст прапанаваў некалькі варыянтаў развіцця падзей: «Законам «Аб аўтарскіх і сумежных правах» вызначаецца адказнасць за іх парушэнне. Згодна артыкулу 40 гэтага закону, у дадзеным выпадку ёсць наступныя варыянты абароны правоў спадара Вольскага. Першае — «спыненне дзеянняў, парушаючых аўтарскія або сумежныя правы або дзеянняў, якія ствараюць пагрозу іх парушэння». То бок, калі стане вядома, што перадача будзе паўтарацца, можна падаць іск з патрабаваннем забароны на паказ гэтага сюжэта.

Варыянты з пакрыццём стратаў (з улікам упушчанай выгады), і спагнаннем прыбытку, атрыманага парушальнікам з прычыны парушэння аўтарскага права і сумежных правоў — магчымы, але цяжка даказаць і упушчаную выгаду, і прыбытак тэлеканала. Найбольш папулярны варыянт — выплата кампенсацыі — от 10 да 50 000 базавых велічынь».

Па словах юрыста, публічных выбачэнняў ад АНТ можна і не дачакацца. А вось зрабіць судовы працэс вядомым, магчыма: «Публічныя выбачэнні тэлеканал можа выказаць толькі ў тым выпадку, калі сам пажадае гэтага. Бо законам такая форма адказнасці, як выбачэнне, не прадугледжана, і прымушаць рабіць гэта забаронена, — патлумачыў Сяргей Зікрацкі. — А вось даць агалоску судовай справе можна. Паколькі па агульнаму правілу разгляд судовых справаў адкрыты, хутчэй за ўсё на працэс змогуць патрапіць усе жадаючыя, у тым ліку прадстаўнікі СМІ».

Тым часам, як сказала Naviny.by прэс-сакратар АНТ Таццяна Курбат, Вольскі атрымае пэўныя грошы за выкарыстанне сваёй музыкі ў эфіры АНТ: “Ён абавязкова атрымае свае аўтарскія адлічэнні. Чаму музыка з’явілася без папярэджання — ў гэтым кіраўніцтва канала паабяцала разабрацца”.

Сам жа Вольскі не ў захапленні ад такой ідэі: “Мне грошы не патрэбныя. Мне патрэбныя прабачэнні і гэтак далей. Пакуль яшчэ мне трэба зарыентавацца ў гэтай сітуацыі, параіцца з юрыстамі і дасканала прадумаць сваю рэакцыю на іх дзеянні і адказы. І вось калі гаворка будзе весціся пра маральную кампенсацыю, выражаную у грашовых адзінках — тады мы вырашым памер. А што да аўтарскіх адлічэнняў — я б ніколі не дазволіў, каб мая тэма гучала ў такім кантэксце. Мне такія грошы не патрэбныя”.