Першае «Дрэва Паэзіі» — някляеўскае

Беларускія літаратары, сябры ПЭН-цэнтра, прэзентавалі «Дрэва Паэзіі» ў вёсцы Крэва Смаргонскага раёна. Гэтае «дрэва» было прысвечана Уладзіміру Някляеву...

Беларускія літаратары, сябры ПЭН-цэнтра, 4 чэрвеня прэзентавалі «Дрэва Паэзіі» ў вёсцы Крэва Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Па задуме літаратараў, гэтае «дрэва» было прысвечана паэту, празаіку і грамадска-палітычнаму дзеячу Уладзіміру Някляеву.



Менавіта на ўзгорку недалёка ад хаты, дзе жыве яго родная цётка Алена Магер, а сам паэт там «адчувае сябе дома», і было прэзентаванае тое дрэва. Спачатку планавалася пасадзіць новую расліну, але неспрыяльны для пасадкі дрэў час вымусіў літаратараў назваць «Дрэвам Паэзіі» грушу, якая ўжо каля трыццаці год высіцца на ўзгорку. Пад грушай быў усталяваны гранітны камень з памятнай таблічкай.

Каля дрэва літаратары пачыталі вершы, а таксама праспявалі некалькі песень. Апроч літаратурных размоў, удзельнікі мерапрыемства зазначылі глыбіну гісторыі крэўскага асяроддзя.

Краязнавец Аляксандр Камінскі падараваў Някляеву карту Крэва з нанесенымі на яе славутымі гістарычнымі мясцінамі, да якіх было далучанае і «Дрэва Паэзіі».

Някляеў сказаў, што імпрэза з «адкрыццём» незвычайнага дрэва была для яго нечаканай.

«Я не ведаў, — адзначыў ён. — Сёння я прыехаў на дзень народзінаў маёй стрыечнай пляменніцы і тое, што прыдумалі Марыйка [Мартысевіч, паэтка], Андрэйка [Хадановіч, літаратар, кіраўнік ПЭН-цэнтру] і Валярынка [Кустава, паэтка] было для мяне сюрпрызам, я вельмі ім удзячны».



Някляеў паведаміў, што цяпер ён будзе бавіць час каля дрэва, мажліва дапіша прысвечаную гэтаму мястэчку драматычную паэму.

Паэт мае пазітыўныя погляды на сучасную беларускую літаратуру, кажа, што сітуацыя ў развіцці нацыянальнай літаратуры «не катастрафічная». «Мы ў свой час гэтак не пісалі», — дадаў Някляеў, маючы на ўвазе высокі ўзровень маладых беларускіх літаратараў.

«Нам трэба думаць пра будучыню беларускай культуры, якой не будзе без беларускай мовы, — сказаў на адкрыцці «Дрэва Паэзіі» пісьменнік Уладзімір Арлоў. — А без беларускай культуры і мовы, у рэшце, не будзе беларускай дзяржавы, яна знікне».

Беларуская дзяржава, на думку Арлова, не праяўляе ініцыятывы і не займаецца «прасоўваннем нацыянальнай культуры і літаратуры ў іншыя краіны, у свет».



Ён паведаміў, што дні беларускай культуры ў Вроцлаве (Польшча), з якіх пісьменнік толькі вярнуўся, «чарговы раз прадэманстравалі цікавасць да беларускай культуры, тэатра».

Арлоў таксама паскардзіўся, што ў свеце няма адмысловых Беларускіх інстытутаў, як, напрыклад, філіялы Польскага інстытута ці Інстытута імя Гётэ (Германія) ў розных краінах свету.


Андрэй Хадановіч

Сучасная беларуская ўлада, сказаў ён, «штучна ставіць бар'еры паміж творцамі літаратуры і яе чытачамі». «Я маю на ўвазе чорныя спісы, якія, як кажуць, з'явіліся пасля 19 снежня. Я хачу сказаць, што ў гэтым спісе новыя імёны, бо чорныя спісы былі створаныя ў 1996 годзе», — сказаў пісьменнік.

Паводле яго слоў, з тых часоў «у дзяржаўных выдавецтвах амаль не друкуюць (а ў апошнія гады зусім не друкуюць) тых, хто нават ніякага стаўлення да ўлады не выказвае, але, калі ён не дэманструе сваю лаяльнасць да яе — яго не выдадуць».


У планах сяброў беларускага ПЭН-цэнтра — зрабіць акцыю штогадовай і ствараць усё больш паэтычных дрэў, якія будуць прысвечаныя класікам і сучасным творцам беларускай літаратуры.

Мэтай праекта паэтычнага дрэва, паводле слоў літаратараў, ёсць стварэнне знакавых кропак, каля якіх можна праводзіць літаратурныя імпрэзы.