Васілю Быкаву сёння споўнілася б 86 гадоў

Мерапрыемствы, прысвечаныя памяці геніяльнага беларускага пісьменніка, прайшлі 19 чэрвеня ў Мінску і на радзіме празаіка ў вёсцы Бычкі…

 

19 чэрвеня — 86-я гадавіна з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. З гэтай нагоды сёння ў сталіцы і на радзіме празаіка адбыліся мерапрыемствы ў памяць пра генія беларускай літаратуры.

На Маскоўскіх могілках адбыўся мітынг. Як адзначыў падчас мітынгу паэт, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, з 7 мая па 19 чэрвеня сабрана каля 70 тысяч подпісаў за наданне вуліцам Ульянаўскай у Мінску і Парыжскай Камуны ў Гродне, а таксама адной з новых станцый сталічнага метро імя Васіля Быкава. Паводле слоў Някляева, пасля праверкі падпісныя лісты будуць перададзеныя ўладам Мінска і Гродна. «І калі яны праігнаруюць волю і грамадзянскую пазіцыю людзей, мы будзем ладзіць пікеты і шэсці», — сказаў Някляеў. Паводле яго слоў, на 22 чэрвеня — дзень завяршэння збору подпісаў — запланаваны дэсант літаратараў і публіцыстаў у Гродна.

86-я гадавіна з дня нараджэння Васіля Быкава 

Паэт і грамадскі дзеяч Анатоль Вярцінскі назваў свайго сябра Быкава «вялікім беларусам», які са зброяй у руках, а потым словам і грамадзянскімі учынкамі змагаўся за свободу і незалежнасць сваёй Айчыны.

86-я гадавіна з дня нараджэння Васіля Быкава. Анатоль Вярцінскі

Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца назваў Быкава «эталонам сумлення, мужнасці, беларускай эстэтыкі і прагрэсіўнай думкі, на які трэба раўняцца». «Быкаў не можа знікнуць, бо ён у нашых сэрцах, мы яго чытаем і спавядаем, як вялікую нацыянальную святыню», — падкрэсліў Сітніца. Ён выказаў упэўненасць, што разам са сваімі паплечнікамі Быкаў пераможа цемру.

Таксама 19 чэрвеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя аўдыёкнігі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому», якая выйшла ў серыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе».

86-я гадавіна з дня нараджэння Васіля Быкава 

У дыск увайшлі 40 частак аўтарскага запісу ўспамінаў працягласцю 6 гадзін 22 хвіліны, які народны пісьменнік Беларусі зрабіў ў Празе ў чэрвені 2002 года, а таксама тэксты. Сярод іх — прадмова дырэктара беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандра Лукашука да ўспамінаў Быкава, запісы пісьменніка розных гадоў «Парадоксы жыцця», далітаратурная біяграфія народнага пісьменніка Беларусі «Пункціры жыцця», пасляслоўе Сяргея Навумчыка і інш.

У падрыхтоўцы дыску бралі ўдзел рэдактар Сяргей Навумчык, мастак Генадзь Мацур, гукарэжысёр Зміцер Васількоў і фатограф Віктар Жылін. Мультымедыйны дыск размешчаны на сайце www.svaboda.org у форме мікрасайта: Васіль Быкаў «Доўгая дарога дадому».

Як адзначыў Лукашук, «Доўгая дарога дадому» стала апошняй кнігай Быкава. Паводле яго слоў, пісьменнік доўга адкладаў аўтабіяграфію, якую скончыў за год да смерці, і толькі пасля настойлівых угавораў кіраўніцтва беларускай службы «Радыё Свабода» пагадзіўся прыехаць у Прагу, каб зрабіць запіс. «Штодня ён прыходзіў у студыю, сядаў перад мікрафонам, і пачыналася магія чытання, паўзаў і акцэнтаў, крыху напружанага дыхання, шоргату перагорнутага аркуша, глытка вады. І, канешне, непаўторнага і незабыўнага, стрыманага, як боль па незваротнай страце, як стрэл у сэрца, быкаўскага голасу, які цяпер будзе заўсёды вяртаць нас у час, дзе ён жыве», — сказаў Лукашук.

86-я гадавіна з дня нараджэння Васіля Быкава. Аляксандр Лукашук 

Паводле слоў паэта Міхася Скоблы, пасля адыходу Быкава кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) склала план увекавечвання памяці народнага пісьменніка, сярод 15 пунктаў якога — перайменаванне праспекта Фелікса Дзяржынскага ў Мінску і адкрыццё ў сталіцы музея Быкава. «З гэтага плана амаль нічога не выканана, акрамя выдання грамадскасцю поўнага 14-томнага збору твораў пісьменніка», — сказаў Скобла.

86-я гадавіна з дня нараджэння Васіля Быкава. Міхась Скобла 

Паводле слоў старшыні СБП Алеся Пашкевіча, пабачылі свет першыя восем тамоў збору. У наступныя два тамы, якія павінны выйсці сёлета, увойдуць усе п'есы і сцэнарыі пісьменніка, сказаў Пашкевіч.

Як адзначыў Лукашук, выданне аўдыёкнігі Быкава і збору яго твораў (а на дыску змешчаны восьмы том серыі) і «ёсць стварэнне, падтрымка і жыццё той самай нацыянальнай беларускай культуры», пра якую так клапаціўся народны пісьменнік Беларусі.

86-я гадавіна з дня нараджэння Васіля Быкава

На радзіме народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці сёння таксама адбываюцца памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 86-й гадавіне з дня нараджэння літаратара.

Галоўнай падзеяй свята традыцыйна з'яўляецца ўручэнне прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі», заснаванай рухам «За Свабоду». У гэтым годзе прэмію ўручалі ўжо ў трэці раз. Яе лаўрэатам стала кіраўнік культурна-адукацыйнага цэнтра імя Язэпа Драздовіча з вёскі Германовічы Шаркаўшчынскага раёна Ада Райчонак.

Дыплом і статуэтку, якая сімвалізуе свабоду думкі, Адзе Райчонак уручыў мінулагодні лаўрэат прэміі — мастак Алесь Пушкін. «Прэмія павінна несці адбітак жыцця Быкава, а гэта — справядлівасць, праўда, высакароднасць. І надышоў час аддаць гэтую ўзнагароду жанчыне, якая робіць Беларусь беларускай, і робіць гэта праз культуру», — адзначыў Алесь Пушкін.

86-я гадавіна з дня нараджэння Васіля Быкава. Рукапіс 

Прымаючы ўзнагароду, Райчонак сказала: «Я ведаю, што ў Беларусі шмат людзей, якія для радзімы зрабілі больш, чым я. Што я зрабіла? Чатыры музеі — два з іх дзяржаўныя, яшчэ два належаць цэнтру Язэпа Драздовіча, якім я кірую ўжо 11 гадоў. Я ўспрымаю гэтую ўзнагароду як аванс, і гэта будзе прымушаць мяне працаваць яшчэ больш».

19 чэрвеня каля музея-сядзібы Васіля Быкава праходзяць чытанні, у якіх бяруць удзел літаратары з Мінска, Віцебска і іншых гарадоў Беларусі. Адкрыта мастацкая выстава «Вобразы эпохі Васіля Быкава ў творчасці беларускіх мастакоў».

 

Фота Таццяны Зяньковіч з вечарыны ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры