Рыгору Барадуліну спадабаўся новы альбом Лявона Вольскага

23 сакавіка ў тэатры імя Янкі Купалы абудзецца прэзентацыя сольнага альбому Лявона Вольскага «Белая яблыня грому» на вершы беларускіх класікаў. Днямі гэты дыск паслухаў народны паэт Рыгор Барадулін, чый верш і даў назву праекту.

На дыску, які мусіць з’явіцца ў продажы якраз да прэзентацыі, будзе 12 песень, напісаных Вольскім на творы вядомых беларускіх паэтаў XIX-XX стагоддзяў — Чачота і Міцкевіча, Купалы і Коласа, Танка і Куляшова. Кожны з вершаў атрымаў асабістае сучаснае музычнае ўвасабленне. Ёсць тут і рок, і рэп, і нават хэві-мэтал.

Тым не менш Рыгору Іванавічу Барадуліну, які ў лютым адзначыў 75 годдзе, дыск вельмі спадабаўся: «Гэта вельмі цікавы альбом! Здавалася б, такія вершы, на каторыя немагчыма напісаць. Напрыклад, напісаць на Багушэвіча — гэта толькі Вольскі мог! І якраз яна гучыць, гэтая песьня! Наогул песні ўсе меладычныя, запамінаюцца. Ну, а што тычыць «Белай яблыні грому»… Не таму, што яна мая — я не з тых, хто толькі сваё любіць… Але мяне дужа ўразіла песьня, Лявонаў падыход, меладычнасць песьні. Дзякуй яму!».