Ігар Знык: у Беларусі робяць, але не слухаюць сучасную музыку

Польскі менеджэр беларускіх гуртоў распавёў, чаму беларуская музыка карыстаецца попытам за мяжой, а не дома…

У часы, калі Беларусь у канвульсіях перажывае чарговую паразу на «Еўрабачанні», няма сэнсу разважаць пра высокую культуру, высокае майстэрства і найвышэйшы пілатаж. Цытуючы Барыса Грабеншчыкова, «пакуль мы пішам на грашовых знаках, няма сэнсу пісаць пра любоў». Прафесіяналізм — слова, на час прыватызаванае гіганцкай поп-падзеяй, «талент» і «творчасць» — канфіскаваныя эстраднымі прынцамі і прынцэсамі. У тлуме кругласутачных шоў кожная дарослая культурная перамога ў сектары немаскульту застаецца незаўважанай, лакальнай — сціплай «птушачкай» у графе «інтэлігентнае мастацтва».

FolkRoll

Напрыканцы красавіка беларускі гурт выйграў сур’ёзны міжнародны фолкавы фестываль — гран-пры «Новай Традыцыі», якую ўжо дванаццаты раз у Польшчы ладзіць нацыянальнае радыё, атрымаў зусім малады ансамбль FolkRoll з Мінску. Галоўную ролю ў гэтым мінімалістычным праекце граюць акадэмічны музыка і кампазітар Павел Рыжкоў ды вакалістка Наста Някрасава — былая ўдзельніца гурта NHS, чый альбом «700» быў названы лепшым дэбютным дыскам 2008 года паводле прэміі «Экспертаў.бай». FolkRoll, які быў створаны летам мінулага году, ужо неўзабаве пасля свайго з’яўлення стаў трэцім на фестывалі «Mikołajki folkowe», а яго фронтмэнка Наста тады атрымала ўзнагароду імя Ані Кеўбусевіч для найлепшай вакалісткі.

Тым не менш, у Беларусі музыка падобнага жанру — скрыжавання этна-аўтэнтыкі і джазавага эксперыменту — пачэсна займае выдзеленую ёй нішу непапулярнай, незабаўляльнай і нікому асабліва не патрэбнай. Пакуль суседнія краіны прадастаўляюць нашым фолкавым праектам вялікія прэстыжныя пляцоўкі, у Беларусі пры поўнай залі якой-небудзь КЗ «Мінск» не выступае нават Іван Іванавіч Кірчук са сваім легендарным трыо. І пакуль у нас, за рэдкім выключэннем, замежныя перамогі беларусаў застаюцца незаўважанымі, захад ажно млее, знайшоўшы ў музыцы нашых калектываў непадробную шчырасць, нязвыклае гучанне, прасветленыя твары — адным словам, свежасць і арыгінальнасць.

Ігар ЗныкІгар Знык, з чыёй дапамогай FolkRoll трапляе на міжнародныя музычныя форумы, а гурт Dali ўвайшоў у пяцёрку польскага нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне», дапамагаў гурту «Сьцяна» з Брэста і з’яўляецца сталым спадарожнікам гурта :B:N: з Бярозы, а таксама перманентным удзельнікам беларускіх музычных фэстаў, адбораў і канцэртаў. Нехта скажа: палюе на маладых і перспектыўных, хтосці — шукае талентаў. Шматгадовы менеджэр беларускага музычнага прадукту, які жыве ў Варшаве і вывозіць на экспарт недаацэненыя культурныя здабыткі, распавёў «Беларускім навінам», чаму лічыць Беларусь несучаснай, чаму перамогі на фестывалях амаль нічога не значаць, што «Ляпіс Трубяцкой» і «J:Морс» — ніякі не рок, а Руся не стане добрай фолк-спявачкай.

— Як вы знайшлі FolkRoll і чаму вырашылі, што менавіта гэтым гуртом трэба заняцца?

— Па-першае, гэта вельмі добрая музыка, і гэта проста цікава. Наогул Насту я ўпершыню пачуў, калі яна яшчэ спявала ў гурце NHS, які мне тады вельмі спадабаўся.

— Той, які зараз Akana NHS?

— Не, ні ў якім разе не блытайце гэтыя праекты, пасля таго, як гурт распаўся, з яго ўтварыліся два новыя — Akana NHS і «Наста Някрасава». У «Акане» граюць рэпертуар NHS, але зараз галоўная вакалістка там Руся. Шкада, што яна, напрыклад, не накіравала гэты гурт у бок блюза, джаза, электроннай музыкі, бо гэта магла б быць новая якасць. Складана паўтарыць народны вакал Насты, і, Руся, якая з’яўляецца выдатнай вакалісткай, у гэтым жанры не можа паказаць сваіх магчымасцяў.

Што тычыцца будучага гурта FolkRoll, то я пазнаёміўся з імі ў 2007 годзе, і ў траўні патрапіў на выпускны канцэрт у музычнай вучэльні Мікалая Глінкі, дзе вучыліся Наста Някрасава і Паша Рыжкоў. На канцэрце яны выканалі песню «Пойду жэ в лес» (слухаць) — не вельмі добра выканалі, бо, каб паказваць такія складаныя творы, трэба многа рэпетаваць, а ў іх не было часу. І я бачыў, што зала папросту не разумее, што яны тут граюць. Сам жа я быў пад уражаннем. Я падыйшоў да іх пасля выступу і сказаў ім, што гэта іх будучыня. Цяпер яны ўрэшце гэтым заняліся, стварыўшы гурт, у якім галоўнае — сама думка Пашы, вельмі сучасная музыка, напісаная на базе народнай.

— Вось дэбютная кружэлка NHS здабыла адную з самых прэстыжных беларускіх узнагарод — дыплом «Экспертаў». Адбылося гэта ўжо пасля таго, як гурт распаўся. Чаму беларускія таленты заўважаюць несвоечасова?

— З NHS атрымалася так, што ўсе лаўры ім дасталіся тады, калі ўжо гурта не было. Я пытаюся — дык дзе ж былі журналісты на працягу двух гадоў? Дзе былі крытыкі? А яшчэ справа ў тым, што музыка, пра якую мы гаворым, яна зусім не на Беларусь. З гэтай прычыны FolkRoll таксама застанецца незаўважаным. Пра яго напішуць крыху ў СМІ, бо ён атрымаў узнагароду. Ужо зараз журналісты блытаюцца — называюць гэты гурт то NHS, то «Наста Някрасава», хаця апошні грае прагрэсіўны джаз-фолк. Проста ў Беларусі не слухаюць сучасную музыку, Беларусь слухае тое, што было актуальна яшчэ дваццаць год таму. І яна з гэтага яшчэ доўга не выйдзе.

— І што ж яна слухае? «Ляпіс Трубяцкой» і NRM?

— Большая частка, і нават я гэта ведаю, слухае рускую папсу. А меншая так, яна слухае «Ляпіс Трубяцкой», NRM, «Палац», «Гарадскія», «J:Морс» і гэтак далей. І тыя, хто ладзіць для яе фестывалі, напрыклад, новы фэст Bela Music, ізноў запрашаюць гэтыя самыя гурты! Рызыкуюць проста паказваць публіцы невядомыя таленты. У маладой каманды няма шанцаў, каб выйсці на рынак. Зрэшты, маладымі лічацца :B:N:, «Сьцяна», якім ужо па дзясяць гадоў. Таму ніхто не зацікаўлены ў менеджэрскай дзейнасці, якой, да прыкладу я займаюся — хаджу на рэпетыцыі да новых каманд, заходжу ў музычныя школы, каб паслухаць, што ж там яны робяць.

Але нават не ў менеджэрах справа. Беларускія музыкі самі не зацікаўленыя ў музыцы. Яны глядзяць MTV і гэтак даведваюцца пра тое, што граецца ў свеце. Але па гэтым канале паказваюць мэйнстрым двух-трохгадовай даўнасці. Калі ж людзі цікавяцца музыкай па-сапраўднаму, яны мусяць хадзіць па еўрапейскіх клубах і глядзець. А беларускія музыкі, нават калі ім перападае магчымасць патрапіць у Варшаву, Берлін, Лондан, шкадуюць грошай і часу, каб схадзіць у клуб. І гэтая апатыя не толькі ў музыцы.

— Дык што — Беларусь, па-вашаму, не сучасная?

— Абсалютна не сучасная. І тут, што тычыцца музыкі, пара ўсвядоміць, што адзінае, што ў Беларусі можа быць цікавым Еўропе, гэта эксперыменты з фолк-музыкай. Арыентуючыся на Расію, патрэбна рабіць ухіл у папсу. Вось «Ляпіс Трубяцкой», напрыклад, гэта ж поп-гурт. Мяне заўсёды вельмі дзівіць, што і іх, і той жа «J:Морс» у Беларусі называюць рок-гуртамі.

— Ну вось «Маўзер» — далёка не поп-гурт, а выступаў на галоўнай пляцоўцы расійскага фестывалю «Воздух», атрымаў там поспех...

— Ну так, і дзе ён зараз? Музыка такая не патрэбна зараз ні ў Беларусі, ні ў Расіі. І запрашэнне на фестываль тут нічога не вырашае. На беларускай музычнай прасторы ў гэтай каманды таксама быў поспех — перамога на «Басовішчы». І што?

— А што чакае FolkRoll пасля іх перамогі?

— Я заўсёды паўтараю, што перамога на фестывалях амаль нічога не значыць без працы. Гурту FolkRoll яшчэ рана казаць пра дасягненні. У сэнсе польскага рынку ён яшчэ нікуды не выйшаў, яму проста адчынілі дзверы. Да таго ж спецыфіка музычная такая, што FolkRoll ніколі не стане поп-гуртом, яго не будуць круціць на FM-хвалях. Гэта музыка для аматараў і для камерных залаў. У Беларусі гэты гурт калі і стануць слухаць, то толькі праз тое, што ён перамог у замежным фестывалі, а не з-за таго, што ён сапраўды падабаецца. Для Беларусі гэта занадта складаная музыка. Да таго ж да музыкаў няма ніякай павагі.

Тыдні за два да перамогі FolkRoll на фестывалі Польскага радыё я бачыў іх выступ на юбілеі іх прафесара Рашчынскага. Публіка рэагавала вельмі халодна — ну, нейкі там эксперымент. А гэта ж адмысловая публіка — музыкі, выкладчыкі музыкі. Яны проста не разумеюць гэту музыку. Рэальна гледзячы на справу, будучыня гурта FolkRoll у Польшчы, а нават больш у Нямеччыне, дзе на сённяшні дзень самы вялікі рынак разнастайнай сучаснай музыкі.

Зараз FolkRoll чакае праца, праз год на «Новай Традыцыі» ім як пераможцам выдзеляць гадзіну для сольнай праграмы. Цяпер гэтую гадзіну патрэбна яшчэ добра зрабіць.