Паганская рэканструкцыя Юр’я ў батанічным садзе

Рэпартаж са свята сапраўднага пачатку вясны, якое прайшло ў самым ціхім закутку сталіцы...

 

6 мая (і 9 студзеня) у народным календары — чырвоныя даты. У гэтыя дні нашыя продкі ладзілі святкаванні ў гонар святога Юр’я (Ягора, Георгія) — заступніка свойскай жывёлы і сялянскай нівы.

 

У хрысціянскую эпоху святому Георгію-пераможцу надалі функцыі такога боства дахрысціянскага пантэона ў беларусаў як Ярыла. Традыцыйна веснавое Юр’е азначала самы сапраўдны пачатак вясны — лічылася, што менавіта з гэтага дня паўсюдна пачынае куваць зязюля. На Юр’е ўся вёска выходзіла з ахвярнымі стравамі і, спяваючы, ішла да сваіх зарунелых палеткаў — «Калі прыйдзе Юры, не ўгледзіш у жыце куры». Лічылася таксама, што ў гэты дзень жывёла мусіла ўпершыню папасціся на вуліцы — падрыхтаванага корму павінна было штогод хапаць менавіта да вясновага Юр’евага дня.

Гэтае — вясновае — Юр’е заўсёды было напоўненым абрадавымі песнямі, дзеяннямі, павер’ямі і прыкметамі апатрапеічнага і заклінальнага характару. Сёння, на жаль, у вёсках падобныя святы ў сваім натуральным, аўтэнтычным выглядзе ладзіць найчасцей ужо не засталося каму. А адраджаць беларускія фальклорна-абрадавыя традыцыі бяруцца толькі рэдкія самаадданыя этнографы і фалькларысты. Час ад часу, ім удаецца аднавіць сам выгляд свята, яго адчуванне, да дробных дэталяў наблізіць дзейства да яго першапачатковага выгляду.

   

6 мая ў Мінску паспрабавалі адсвяткаваць Юр’е, выбраўшы для гэтага адзін з самых ціхіх куткоў сталіцы — нядаўна адкрыты на новы сезон батанічны сад. На запрашэнне Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Партызанскага раёна і Універсітэта культуры паўдзельнічаць у аграрных абрадах і шматгалосных спевах адгукнулася каля дзесяці дзіцячых і маладзёжных фальклорна-этнаграфічных калектываў — прафесійныя, навучальныя і проста аматарскія. Тое, што падрыхтоўка ў розных гуртоў розная, было чутна, але зусім не псавала ўражання. Поруч з захутанымі ў клетчатыя пледы дзеўкамі, што рэзалі паветра трэнаснымі і роспачнымі бабулінымі галасамі, юр’еўскія песні спявалі дзеці ў вянках са штучных кветак і кіраўніцы нархораўскіх калектываў з поўнымі адказнасці тварамі.

Нястрымная рок-князёўна ў мінулым, а цяпер — замужняя вакалістка фолк-джазавага гурта Akana NHS Руся прызналася, што раней наогул не ведала пра падобныя імпрэзы, а самае прыемнае ў падобным святкаванні — чуць россып галасоў, слухаць неверагодныя вібрацыі ў паветры і ўдзельнічаць у іх стварэнні.

Пачатак і канец розных этапаў святкавання адзначалі фанфары пастухоўскіх ражкоў і сурмаў. Пад іх гукі па галоўнай ліпавай алеі батанічнага сада шэсце ішло карагодамі, пасля ўдзельнікам было коратка патлумачана, што за нагода сабрала іх разам. Пад час правядзення свята былі прадэманстраваны рытуал абыходу і бласлаўлення нівы, рытуал ушанавання святога Юр’я-ахоўніка свойскай жывёлы, элементы рытуалаў ваджэння Юр’я і абыходу двароў, праўда, як адзначыў адзін з галоўных арганізатараў Аляксей Галіч, не ўсё атрымалася адразу, паколькі батанічны сад для правядзення падобнага мерапрыемства быў выбраны ўпершыню, а яшчэ не атрымалася як след разрэкламаваць гэту падзею.

 

Трохі не хапала адзінства, ды мала людзей сабралася, — падсумоўвае ён. — Ну але такую імпрэзу і не адрэпетуеш.

 

Падышоўшы да возера з сезонна ашалелымі лебедзямі-шыпунамі, калектывы размеркаваліся па розных яго берагах і, як у нейкім спаборніцтве, пачалі па чарзе цягнуць песні, у гэты час побач працавалі майстар-класы па лепцы і вясновым боды-арце. Пасля абрадаў нахалоджаныя ветрам і дробным дажджом спевакі частавалі адно аднога свежым хлебам, няшчадна разрываючы цалафанавую абгортку.

Адзінае, чаго насамрэч не хапала святкаванню вясновага Юр’евага дня, — дык гэта мнагалюднасці, сапраўднай галасістасці, усеагульнага спеўнага экстазу. Так ужо сталася, што нацыянальным спевам займаюцца або тытулаваныя хоры и калектывы, або камерныя групы зацікаўленых людзей — амаль што фанаты. Хацелася б, безумоўна, каб кола прысутных на святах песні пашыралася. Адзінае пытанне — а ці ёсць такая народная песня, якую ў хоры зможа падтрымаць кожны беларус?

 

Фота Таццяны Зяньковіч