Рэпер Vinsent пабіўся за беларускую мову

VinsentРэпэр Vinsent запісаў свой дэбютны альбом «Беларускі рэп». Музыка плённа папрацаваў у студыі, былі прапісаныя ўсе вакальныя партыі, цяпер альбом знаходзіцца на стадыі зьвядзеньня й мастэрынгу. Над саўндам працуюць адны зь лепшых гукарэжысэраў краіны ў сфэры рэпу, таму небезпадстаўна можна разьлічваць на якасны гук.

Альбом уключае ў сябе толькі новыя творы Vinsent’а. Тут і лірыка, і моцныя грамадзянскія, патрыятычныя трэкі, знайшлося мейсца нават сюррэалізму і сацыяльнай пародыі.

Падчас запісу альбому здарыўся, мякка кажучы, непрыемны выпадак. Vinsent запісваў свой чарговы трэк. У гэты час у студыі, акрамя гукарэжысэра, знаходзіўся яшчэ адзін даволі вядомы музыка (імя не называецца па прычынах этыкі). Яму не спадабалася мова выканання Vinsent’а (усе тэксты музыкі — беларускамоўныя). Потым пачаў абражаць і самога рэпэра, яго асабістыя якасьці.

Vinsent такога не даруе. Два моцныя ўдары ў твар атрымаў крыўднік і паваліўся на падлогу. Завязалася бойка. Гукарэжысэру студыі прыйшлося выконваць функцыі рэфэры і разьнімаць музыкаў. У выніку — падбітае вока ў Vinsent’а, зламаны нос у крыўдніка.

Vinsent так пракамэнтаваў інцыдэнт: «Увогуле я чалавек не канфліктны. Але існуюць такія сытуацыі, калі немагчыма трываць. Так было і тут. Ён абразіў маю мову й мяне, атрымаў па заслугах. Але запіс альбому працягнуўся. І думаю, ад гэтага мае песьні сталі яшчэ больш жывымі. Цяпер усё запісана; й справа за гукарэжысэрамі: стварыць файны саўнд. Папярэдне рэліз альбому «Беларускі рэп» заплянаваны на восень 2008 году».