У дзень асенняга раўнадзенства Японія стане бліжэй

22-23 верасня ў Мінску пройдзе штогадовы фестываль японскай культуры «Хіган»...

Хиган22-23 верасня ў Мінску пройдзе штогадовы фестываль японскай культуры «Хіган». На працягу двух дзён далёкая краіна «ўзыходзячага сонца» стане больш блізкай беларусам.

Адкрываць беларускаму гледачу культуру Японіі будуць таксама беларусы, сярод якіх клуб аматараў анімэ «Кампай», клуб гістарычнай рэканструкцыі і ралявых гульняў «Арадор» і іншыя аматары ўсходняй культуры. На фестывале чакаецца аташэ па культуры пасольства Японіі на Беларусі спадарыня Ханада, а таксама прадстаўніца інфармацыйнага цэнтра японскай культуры ў Мінску спадарыня Масако.

«Хіган» па-японску азначае «раўнадзенства»: паміж ноччу і днём, паводле календара, і паміж сучаснасцю і мінулым, паводле арганізатараў. Аб’яднаць эпохі — вось мэта фэста. Таму ў першы дзень госці фестывалю змогуць навучыцца рабіць традыцыйныя арыгамі (фігуркі з паперы), пагуляць у го і сегі (настольныя лагічныя гульні), адчуць сябе самураем побач з японскай зброяй, а таксама паглядзець тэатральныя пастаноўкі.

На другі ж дзень, прысвечаны масавай культуры Японіі, а ў прыватнасці, неад’емнай яе частцы – анімэ (японскай анімацыі), гледачы ўбачаць касцюміраваныя пастаноўкі паводле папулярных кампутарных гульняў і фільмаў, а таксама паназіраюць за конкурсам кліпмэйкераў.

Аматары танцаў змогуць прыняць удзел у чэмпіянаце сярод навічкоў DDR — танцавальна-музычных аўтаматаў, якія інтэнсіўна ўваходзяць у моду беларусаў. У Мінску нават ёсць клуб аматараў DDR, прадстаўнікі якога і пакажуць майстар-класы.

Японскае выяўленчае мастацтва вылучаецца сваёй разнастайнасцю. Так, наведвальнікі секцый фэста ўбачаць мангу (японскія коміксы), ён-кома (малюнак у выглядзе чатырох паслядоўных кадраў на паперы фармата А4), класічны малюнак паводле міфаў Японіі і іншыя.

Сёлетні фестываль, паводле словаў арганізатараў, будзе праходзіць больш маштабна, чым папярэдні. Пра гэта сведчыць і тое, што колькасць свабодных квіткоў імкліва памяншаецца. Азнаёміцца са старадаўняй і сучаснай японскай культурай можна будзе ў ДК МТЗ (вул. Далгабродская, 24).